Выбрать главу

Акрамя таго, лонданцы так упэўненыя ў сваёй асабістай бяспецы, а сенсацыйныя чуткі такія звычайныя ў газетах, што ніхто не быў асабліва заклапочаны наступнай заяваю:

«Учора, каля сямі гадзін вечара, марсіяне выйшлі з цыліндра і, рухаючыся пад аховай брані з металічных шчытоў, дазвання разбурылі станцыю Ўокінг, вакольныя дамы і знішчылі цэлы батальён Кардыганскага палка. Падрабязнасці невядомыя. Кулямёты „максім“ былі бяссільныя супраць іх брані; палявыя пушкі былі выведзены са строю. У Чэртсі накіраваны раз'езды гусараў. Марсіяне, верагодна, паціху рухаюцца к Чэртсі ці Віндзору. У Заходнім Сэрэі пануе трывога. Робяцца земляныя ўмацаванні, каб перагарадзіць доступ да Лондана». Гэта было надрукавана «Сандзісан», а ў «Рэферы» жартаўлівы фельетаніст пісаў, што ўсё гэта падобна на паніку ў вёсцы, дзе нечакана разбегся вандроўны звярынец.

Ніхто ў Лондане толкам не ведаў, што такое гэтыя браніраваныя марсіяне, але чамусьці панавала чутка, што пачвары вельмі непаваротлівыя; «поўзаюць», «з цяжкасцю валакуцца» — вось выразы, якія сустракаліся амаль ва ўсіх першых паведамленнях. Ніводная тэлеграма не складалася відавочцамі падзеяў. Нядзельныя газеты друкавалі экстранныя выпускі па меры атрымання свежых навінаў і нават калі іх не было. Толькі вечарам газеты атрымалі ўрадавае паведамленне, што насельніцтва Ўолтана, Уэйбрыджа і ўсёй акругі эвакуіруецца ў Лондан, — і болей нічога.

Раніцаю брат пайшоў у царкву пры бальніцы, усё яшчэ не ведаючы пра тое, што здарылася мінулай ноччу. У пропаведзі пастыра ён улавіў туманныя намёкі на якоесьці ўварванне; акрамя таго, была прачытана асобная малітва пра дараванне міру. Выйшаўшы з царквы, брат купіў нумар «Рэферы». Устрывожаны навінамі, ён адправіўся на вакзал Ватэрлоо даведацца, ці адноўлены чыгуначны рух. На вуліцах было звычайнае святочнае ажыўленне — омнібусы, экіпажы, веласіпеды, многа па-святочнаму апранутых людзей. Ніхто не быў асабліва ўсхваляваны нечаканымі навінамі, якія выкрыквалі газетчыкі. Усе былі заінтрыгаваныя, але калі хто непакоіўся, то не за сябе, а за сваіх родных па-за горадам. На вакзале ён упершыню пачуў, што на Віндзор і Чэртсі цягнікі не ходзяць. Насільшчыкі сказалі яму, што са станцый Байфліт і Чэртсі прыйшло раніцаю некалькі важных тэлеграм і што цяпер тэлеграф чамусьці не працуе. Брат не мог дабіцца ад іх больш дакладных звестак. «Каля Ўэйбрыджа адбываецца бітва» — вось усё, што яны ведалі.

Рух цягнікоў быў парушаны. На платформе стаяў натоўп у чаканні прыезду знаёмых і родных з паўднёвага захаду. Якісьці сівы джэнтльмен услых лаяў Паўднёва-Заходнюю кампанію.

— Іх трэба падцягнуць! — бурчаў ён.

Прыйшлі адзін-два цягнікі з Рычманда, Путні і Кінгстана з пасажырамі, якія выехалі на свята пакатацца ў лодках; гэтыя людзі расказвалі, што шлюзы запёртыя і што адчуваецца трывога. Мой брат разгаварыўся з маладым чалавекам у сінім спартыўным гарнітуры.

— Куча народу едзе ў Кінгстан на павозках, на драбінах, на чым папала, з куфрамі, з усім скарбам, — расказваў той. — Едуць з Молсі, Уэйбрыджа, Уолтана і гавораць, што каля Чэлсі чуваць кананада і што кавалерысты раілі ім як найхутчэй выбірацца, бо набліжаюцца марсіяне. Мы чулі страляніну з пушак каля станцыі Хэмптан-Корт, але падумалі, што гэта гром. Што азначае ўся гэта чартаўшчына? Марсіяне ж не могуць вылезці з сваёй ямы, праўда?

Мой брат нічога не мог адказаць.

Крыху счакаўшы, ён зазначыў, што нейкая невыразная трывога перадаецца і пасажырам падземнай чыгункі; нядзельныя экскурсанты пачалі чамусьці раней часу вяртацца з усіх паўднёва-заходніх ваколіцаў: з Барнса, Уімблдона, Рычманд-парка, К'ю і іншых; але ніхто не мог нічога паведаміць, акрамя туманных чутак. Усе пасажыры, што вярталіся з канечнай станцыі, здавалася, былі чымсьці занепакоены.

Каля пяці гадзін вакзальная публіка была вельмі здзіўлена адкрыццём руху паміж Паўднёва-Заходняй і Паўднёва-Усходняй лініямі, звычайна закрытага, а таксама паяўленнем воінскіх эшалонаў і платформаў з цяжкімі гарматамі. Гэта былі гарматы з Вулвіча і Чатама для абароны Кінгстана. Народ жартаваў з салдатаў: «Яны вас з'ядуць», «Ідзём утаймоўваць звяроў» — і гэтак далей. Неўзабаве паявіўся атрад паліцэйскіх і пачаў ачышчаць вакзал ад публікі. Мой брат зноў выйшаў на вуліцу.