Званы клікалі на вячэру, і калона дзяўчат з Арміі выратавання з песнямі ішла па Ватэрлоо-роўд. На мосце натоўп цікаўных глядзеў на дзіўную бурую пену, якая таксама плыла па цячэнні. Сонца садзілася, вежы Біг-Бэна і Палаты Парламента выразна вырысоўваліся на ясным спакойным небе; яно было залацістае, з чырванавата-ліловымі палосамі. Гаварылі, што пад мостам праплыло мёртвае цела. Нейкі чалавек, сказаўшы, што ён ваенны з рэзерву, паведаміў майму брату, што заўважыў на захадзе сігналы геліёграфа.
На Велінгстон-стрыт брат убачыў бойкіх газетчыкаў, якія толькі што выбеглі з Фліт-стрыт з яшчэ сырымі газетамі, спярэшчанымі ашаламляльнымі загалоўкамі.
— Страшэнная катастрофа! — выкрыквалі яны адзін перад адным на Велінгстон-стрыт. — Бой пад Уэйбрыджам! Падрабязнае апісанне! Марсіяне адкінуты! Лондан у небяспецы!
Брату давялося заплаціць тры пенсы за нумар газеты.
Толькі цяпер ён зразумеў, наколькі страшэнныя і небяспечныя гэтыя пачвары. Ён даведаўся, што гэта не проста кучка маленькіх непаваротлівых стварэнняў, а разумныя істоты, якія кіруюць гіганцкімі механізмамі, могуць хутка перамяшчацца і знішчаць усё жывое на сваім шляху і супраць іх бездапаможныя самыя дальнабойныя пушкі.
Іх апісвалі, як «агромністыя павукападобныя машыны, амаль у сто футаў вышынёю, здольныя перамяшчацца з хуткасцю экспрэса і выкідваць інтэнсіўны цеплавы прамень». Замаскіраваныя батарэі, галоўным чынам з палявых гарматаў, былі ўстаноўлены каля Хорселскай пусткі Ўокінга па дарозе на Лондан. Былі заўважаны пяць баявых машын, якія рухаліся к Тэмзе; адна з іх дзякуючы выпадку была знішчана. Звычайна снарады не дасягалі цэлі, батарэі імгненна змяталіся цеплавым промнем. Гаварылася таксама пра цяжкія страты ў войску; але паведамленні былі падрыхтаваны ў аптымістычным тоне.
Маўляў, марсіяне ўсё ж адбітыя; аказалася, і іх можна перамагчы. Яны адступілі да трохвугольніка, утворанага трыма ўпаўшымі каля Ўокінга цыліндрамі. Разведчыкі з геліёграфамі акружылі іх. Тэрмінова падвозяцца пушкі з Віндзора, Портсмута, Олдэршота, Вулвіча і нават з поўначы. Між іншым, з Вулвіча дастаўлены дальнабойныя дзевяностапяцітонныя гарматы. Устаноўлена каля ста шасцідзесяці пушак, галоўным чынам для абароны Лондана. Ніколі яшчэ ў Англіі з такой хуткасцю і ў такіх маштабах не праводзілася канцэнтрацыя ваенных сіл. Трэба спадзявацца, што ўсе наступныя цыліндры будуць надалей знішчацца асобнай звышмагутнай шрапнеллю, якая ўжо падрыхтавана і рассылаецца. Становішча, гаварылася ў паведамленні, безумоўна, сур'ёзнае, але насельніцтва не павінна паддавацца паніцы. Безумоўна, марсіяне страшэнныя, але ж іх усяго каля дваццаці супраць мільёнаў людзей.
Улады мелі ўсе падставы лічыць, прымаючы пад увагу велічыню цыліндра, што ў кожным з іх не больш чым пяць марсіянаў. Усяго, значыць, іх пятнаццаць. Па крайняй меры, адзін з іх ужо знішчаны, можа, і болей. Насельніцтва своечасова папярэдзяць аб набліжэнні небяспекі, будуць прыняты спецыяльныя меры для аховы жыхароў паўднёва-заходніх прадмесцяў. Кончылася ўсё гэта тым, што Лондану паабяцалі бяспеку, выказалі цвёрдую надзею, што ўрад справіцца з усімі цяжкасцямі.
Гэты тэкст быў надрукаваны буйнымі літарамі на яшчэ сырой паперы, без усялякіх каментарыяў. Цікава было бачыць, распавядаў брат, як увесь астатні матэрыял быў скарочаны, каб даць месца гэтаму паведамленню.
На Велінгстон-стрыт нарасхват раскуплялі ружовыя лісткі экстраннага выпуску, а на Стрэндзе ўжо чуліся выкрыкі цэлай арміі газетчыкаў. Публіка саскоквала з омнібусаў у пагоні за газетай. Паведамленне ўсхвалявала і растрывожыла натоўп. Брат расказваў, што аканіцы магазіна геаграфічных карт на Стрэндзе былі расчынены і якійсьці чалавек у святочным гарнітуры, у лімонна-жоўтых пальчатках, паявіўшыся ў вітрыне, спехам прымацоўваў да шкла карту Сэрэя.
Праходзячы па Стрэндзе да Трафальгар-сквера з газетай у руцэ, брат сустрэў бежанцаў з Заходняга Сэрэя. Нейкі мужчына ехаў у павозцы, падобнай на цялежку зяленіўшчыка; у ёй сярод накіданага хатняга скарбу сядзелі яго жонка і два хлопчыкі. Ён ехаў ад Вестмінстэрскага моста, а следам рухалася фура для сена; на ёй сядзелі пяць ці шэсць чалавек, добра апранутых, з чамаданамі і клункамі. Твары бежанцаў былі напалоханыя, яны рэзка адрозніваліся ад апранутых па-нядзельнаму пасажыраў омнібусаў. Элегантная публіка, высоўваючыся з кебаў, здзіўлена глядзела на іх. Каля Трафальгар-сквера бежанцы прыпыніліся ў нерашучасці, потым павярнулі на ўсход па Стрэндзе. Затым праехаў чалавек у рабочай вопратцы на старынным трохкалёсным веласіпедзе з маленькім пярэднім колам. Ён быў бледны і ўвесь брудны.