Выбрать главу

Мой брат павярнуў к Вікторыя-стрыт і сустрэў новы натоўп бежанцаў. У яго прамільгнула думка, што ён, можа быць, убачыць мяне. Ён звярнуў увагу на надзвычай вялікую колькасць палісменаў, якія рэгулявалі рух. Некаторыя з бежанцаў размаўлялі з пасажырамі омнібусаў. Адзін пераконваў, што бачыў марсіянаў. «Паравыя катлы на хадулях, гавару вам, і крочаць, як людзі». Большасць бежанцаў была ўсхвалявана і ўзрушана.

Рэстараны на Вікторыя-стрыт былі перапоўнены бежанцамі. На ўсіх вуглах тоўпіліся людзі, чыталі газеты, жыва размаўлялі і моўчкі глядзелі на гэтых незвычайных нядзельных гасцей. Бежанцы ўсё прыбывалі; пад вечар, па словах брата, вуліцы былі падобныя на Хай-стрыт у Эпсоме ў дзень скачак. Мой брат распытваўся ў многіх бежанцаў, але яны давалі вельмі няпэўныя адказы.

Ніхто не мог паведаміць нічога новага пра Ўокінг. Адзін чалавек пераконваў яго, што Ўокінг поўнасцю разбураны яшчэ мінулай ноччу.

— Я з Байфліта, — сказаў ён. — Самым ранкам прыехаў веласіпедыст, забягаў у кожны дом і раіў уцякаць. Потым паявіліся салдаты. Мы выйшлі паглядзець: на поўдні дым, скразны дым, і ніхто не прыходзіць адтуль. Потым мы пачулі гул гарматаў каля Чэртсі, і з Уэйбрыджа паваліў народ. Я запёр свой дом і таксама адышоў разам з другімі.

У натоўпе чуўся гоман, лаялі ўрад за тое, што ён аказаўся няздольны адразу справіцца з марсіянамі.

Каля васьмі гадзін у паўднёвай частцы Лондана выразна чулася кананада. На галоўных вуліцах яе заглушаў шум руху, але, спускаючыся ціхімі завулкамі да ракі, брат выразна чуў гарматны гул.

А дзевятай гадзіне ён ішоў ад Вестмінстэра назад да сваёй кватэры каля Рыджэнт-парка. Ён вельмі непакоіўся пра мяне, разумеючы, што становішча трывожнае. Як і я ў ноч на суботу, ён заразіўся ваеннай істэрыяй. Ён думаў пра нямыя, вычэкваючыя пушкі, пра табары бежанцаў, стараўся ўявіць сабе «паравыя катлы на хадулях» у сто футаў вышынёю.

Па Оксфард-стрыт праехала некалькі павозак з бежанцамі, на Мэрылебан-роўд таксама; але чуткі распаўсюджваліся настолькі замаруднена, што Рыджэнт-стрыт і Портленд-роўд былі, як заўсёды, запоўнены народам, хоць дзе-нідзе абмяркоўваліся апошнія падзеі. У Рыджэнт-парку, як заўсёды, пад рэдкімі газавымі ліхтарамі прагульваліся парачкі. Ноч была цёмная і ціхая, крыху душная; гул гарматаў даносіўся з перапынкамі; апоўначы на поўдні бліснула штосьці накшталт зарніцы.

Брат чытаў і перачытваў газету, трывога пра мяне ўсё расла. Ён не мог супакоіцца і пасля вячэры зноў пайшоў так сабе хадзіць па горадзе. Потым вярнуўся і дарэмна спрабаваў засесці за свае запісы лекцый. Ён не мог спаць апоўначы, яму сніліся злавесныя сны, але не прайшло і дзвюх гадзін, як яго разбудзіў стук дзвярных малаточкаў, тупанне ног па бруку, аддалены барабанны бой і царкоўныя званы. На столі ўспыхвалі чырвоныя водбліскі. З хвіліну ён ляжаў і не мог зразумець, што адбылося. Надышоў ужо дзень ці ўсе страцілі розум? Потым усхапіўся з пасцелі і падбег да вакна.

Яго пакой быў у мезаніне; расчыніўшы вакно, ён пачуў крыкі з абодвух канцоў вуліцы. З вакон высоўваліся і пераклікаліся заспаныя, паўапранутыя людзі. «Яны ідуць! — крычаў палісмен, стукаючы ў дзверы. — Марсіяне набліжаюцца!» — І спяшаўся да наступных дзвярэй.

З казармы на Олбэні-стрыт чуўся барабанны бой і гукі трубы; з усіх цэркваў даносіўся бурны, нязладжаны набат. Стукалі дзверы; цёмныя вокны дамоў на супрацьлеглым баку ўспыхвалі жоўтымі агеньчыкамі.

Па вуліцы праімчалася карэта: шум калёсаў раздаўся з-за вугла, перайшоў у аглушальны грукат пад акном і заціх недзе ўдалечыні. Следам за карэтаю пранесліся два кебы — авангард цэлай чарады экіпажаў, якія імчаліся да вакзала Чок-фарм, дзе можна было сесці на спецыяльныя цягнікі Паўночна-Заходняй дарогі, замест таго, каб спускацца да Юстана.

Мой брат доўга глядзеў з вакна ў тупой загадкавасці; ён бачыў, як палісмены перабягалі ад дзвярэй да дзвярэй, стукаючы малатком і абвяшчаючы ўсё тую ж дзіўную навіну. Раптам дзверы яго расчыніліся і ўвайшоў сусед, які займаў пакой насупраць; ён быў у кашулі, штанах і туфлях, падцяжкі абвісалі, валасы былі ўзлахмачаныя.

— Што за чартаўшчына? — спытаў ён. — Пажар? Чаму такая валтузня?

Абодва высунуліся з вакна, стараючыся зразумець, што крычаць палісмены. З бакавых вуліц паваліў народ, збіваючыся ў кучы на вуглах.

— У чым справа, чорт вазьмі? — спытаў сусед.

Мой брат нешта адказаў яму і пачаў апранацца, падбягаючы раз за разам да акна, каб бачыць, што адбываецца на вуліцы. З-за вугла выскачылі газетчыкі з надзвычай раннімі выпускамі газет, крычучы на ўсё горла.