— Лондану пагражае ўдушэнне! Умацаванні Кінгстана і Рычманда прарваныя! Крывапралітны бой у даліне Тэмзы!
У кватэрах ніжняга паверха, ва ўсіх суседніх дамах і далей, у Парк-тэрасіс і на сотні іншых вуліц гэтай часткі Мэрылебана; у раёне Вестбэрн-парка і Сент-Панкрэса, на захадзе і на поўначы — у Кільберне, Сен-Джонс-Вудзе і Хэмпстэдзе; на ўсходзе — у Шордзічы, Хайбэры, Хагерстоне і Хокстане; на ўсім агромністым працягу Лондана, ад Ілінга да Істхема, людзі, праціраючы вочы, адчынялі вокны, выглядвалі на вуліцу, задавалі бессэнсоўныя пытанні і спехам апраналіся. Па вуліцах пранеслася першае дыханне панікі. Страх панаваў над горадам. Лондан, які спакойна заснуў у нядзелю вечарам, прачнуўся вельмі рана ў панядзелак пад пагрозай смерці.
Так як брат са свайго вакна не змог нічога выясніць, ён апусціўся ўніз і выйшаў на вуліцу. Над стрэхамі дамоў ружавела зара. Натоўп бежанцаў, якія крочылі пяшком і ехалі ў экіпажах, з кожнай хвілінай усё большаў.
— Чорны дым! — чуў ён выкрыкі. — Чорны дым!
Было ясна, што паніка ахопіць увесь горад. Пастаяўшы ў нерашучасці каля свайго пад'езда, брат паклікаў газетчыка і купіў газету. Газетчык пабег далей, прадаючы газеты на хаду па шылінгу, — гратэскнае спалучэнне карысці і панікі.
У газеце брат прачытаў сумнае данясенне галоўнакамандуючага:
«Марсіяне пускаюць вялізныя клубы чорнай ядавітай пары пры дапамозе ракетаў. Яны падавілі агонь нашай артылерыі, разбурылі Рычманд, Кінгстан і Ўімблдон і паступова набліжаюцца да Лондана, знішчаючы ўсё на сваім шляху. Спыніць іх немагчыма. Ад чорнага дыму няма іншага паратунку, акрамя неадкладных уцёкаў».
І толькі. Але і гэтага было дастаткова. Усё насельніцтва вялікага шасцімільённага горада напалохалася, замітусілася, кінулася наўцёкі. Усе накіраваліся на поўнач.
— Чорны дым! — чуліся крыкі. — Агонь!
Званы суседніх цэркваў білі набат. Адзін экіпаж з прычыны няўмелага кіравання наляцеў сярод крыкаў і лаянкі на калоду для вадапою. Цьмянае жоўтае святло мільгала ў вокнах дамоў; каля некаторых кебаў яшчэ гарэлі начныя ліхтары. А ўверсе разгаралася зара, бязвоблачная, ясная, спакойная.
Брат чуў тупат ног у пакоях і на лесвіцы. Яго гаспадыня выйшла на вуліцу, спехам накінуўшы на сябе хламіду і шаль, за ёй выйшаў яе муж, мармычучы штосьці невыразнае.
Калі брат нарэшце зразумеў, што адбываецца, ён хуценька вярнуўся ў свой пакой, схапіў усе наяўныя грошы — каля дзевяці фунтаў, — паклаў у кішэню і выйшаў на вуліцу.
XV. Што здарылася ў Сэрэі
Якраз у той час, калі святар вёў са мною бессэнсоўную размову каля агароджы ў полі пад Галіфордам, а брат глядзеў на паток бежанцаў, што рухаўся па Вестмінстэрскім мосце, марсіяне зноў перайшлі ў наступ. Калі верыць блытаным распаведам, большасць марсіянаў заставалася да дзевяці гадзін вечара ў яме на Хорселскай пустцы, выконвала нейкую спешную работу, якая суправаджалася ўспышкамі зялёнага дыму.
Стала вядома, што трое марсіянаў выйшлі адтуль каля васьмі гадзін і, асцярожна прасоўваючыся праз Вайфліт і Пірфард да Рыплі і Ўэйбрыджа, нечакана паявіліся перад вартавымі батарэямі на фоне неба, асветленага заходам сонца. Марсіяне ішлі не шарэнгаю, а ланцужком, на адлегласці прыкладна паўтары мілі адзін ад аднаго. Яны перамаўляліся якімсьці дзікім рэвам, падобным на выццё сірэны, то высокае, то нізкае.
Гэта выццё і пальбу гарматаў Рыплі і Сен-Джордж-Хіла мы і чулі каля Верхняга Галіфорда. Артылерысты каля Рыплі — нявопытныя валанцёры, якіх не трэба было ставіць на гэткую пазіцыю, — далі ўсяго адзін заўчасны і безвыніковы залп і, хто верхам, хто пешшу, кінуліся ўрассыпную па апусцелым мястэчку. Марсіянін, ступаючы цераз гарматы, а то і сярод артылерыстаў і нават не карыстаючыся цеплавым промнем, апярэдзіў іх і, такім чынам, знянацку захапіў батарэі ў Пэйнс-Хіл-парку і знішчыў.
Артылерысты ў Сент-Джордж-Хіле былі больш вопытныя і храбрыя. Прыхаваныя соснамі ад бліжэйшага да іх марсіяніна, які не чакаў нападзення, яны навялі свае гарматы спакойна, як на парадзе, і, калі марсіянін быў на адлегласці каля тысячы ярдаў, далі залп.
Снарады разрываліся вакол марсіяніна. Ён ступіў некалькі крокаў, пахіснуўся і ўпаў. Усе закрычалі ад радасці, і зноў артылерысты набілі свае гарматы. Марсіянін, які рухнуў, моцна завыў; у той жа час другі бліскотны гігант, у адказ на выццё, паказаўся над дрэвамі з поўдня. Магчыма, снарад разбіў адну з ног трыножка. Другі залп быў безвыніковы, снарады пераляцелі цераз падбітага марсіяніна і ўпалі на зямлю. У той жа час два другія марсіяніны паднялі камеры цеплавога промня, накіроўваючы іх на батарэю. Снарады разарваліся, загарэліся сосны, з прыслугі, якая кінулася наўцёкі, уцалела ўсяго некалькі чалавек.