Оджылві гэтай ноччу выказваў розныя згадкі наконт умоў жыцця на Марсе і высмейваў вульгарную гіпотэзу аб тым, што яго насельнікі падаюць нам сігналы. Ён меркаваў, што на планету пасыпаўся цэлы град метэарытаў або што там адбываецца агромністае вулканічнае вывяржэнне. Ён даказваў мне, наколькі малаверагодна, каб эвалюцыя арганізмаў праходзіла аднолькава на дзвюх, хай сабе і блізкіх планетах.
— Адзін шанс супраць мільёна за тое, што на Марсе ёсць жыццё, — сказаў ён.
Кожны раз апоўначы сотні назіральнікаў бачылі полымя, у гэту і наступныя дзесяць начэй — па адной успышцы. Чаму выбухі скончыліся пасля дзесятай ночы, гэтага ніхто не спрабаваў растлумачыць. Магчыма, газ ад выстралаў прычыняў якія-небудзь нязручнасці марсіянам. Густыя клубы дыму ці пылу, убачаныя ў самым моцным тэлескопе ў выглядзе маленькіх шэрых з адлівам плямаў мігацелі ў чыстай атмасферы планеты і зацямнялі яе знаёмыя абрысы.
Нарэшце нават газеты загаварылі пра гэтыя відовішчы, там-сям сталі паяўляцца заметкі пра вулканы на Марсе. Помніцца, гумарыстычны часопіс «Панч» вельмі дасціпна выкарыстаў гэта для палітычнай карыкатуры. Паміж іншым нябачныя марсіянскія снарады ляцелі да Зямлі праз бездань пустой прасторы з хуткасцю некалькіх міляў у секунду, набліжаючыся з кожным днём, з кожнай гадзінай. Мне здаецца цяпер дзікім, як гэта людзі маглі займацца сваімі дробязнымі справамі, калі над імі ўжо навісла згуба. Я помню, як радаваўся Маркхем, атрымаўшы новы фотаграфічны здымак планеты для ілюстраванага часопіса, рэдагуемага тады ім. Людзі цяперашняга, больш позняга часу з цяжкасцю ўяўляюць сабе разнастайнасць і прадпрымальнасць часопісаў у дзевятнаццатым веку. Я таксама тады з вялікім жаданнем вучыўся ездзіць на веласіпедзе і чытаў кіпу часопісаў, у якіх абмяркоўвалася далейшае развіццё маральнасці ў сувязі з прагрэсам цывілізацыі.
Аднойчы вечарам (першы снарад знаходзіўся тады за 10 мільёнаў міляў ад нас) я выйшаў разам з жонкай на прагулку. Неба было зорнае, і я растлумачыў ёй знакі Задыяка і паказаў на Марс, на яркі пункт святла каля зеніту, куды было скіравана столькі тэлескопаў. Вечар быў цёплы. Кампанія экскурсантаў з Чэртсі ці Айлварта, вяртаючыся дамоў, прайшла міма нас з песнямі і музыкай. У верхніх вокнах дамоў свяціліся агні, людзі клаліся спаць. Здалёку, з чыгуначнай станцыі даносіўся грукат манеўровых цягнікоў; прыглушаны адлегласцю, гучаў ён амаль меладычна. Жонка звярнула маю ўвагу на чырвоныя і жоўтыя сігнальныя агні, што гарэлі на фоне начнога неба. Усё здавалася такім спакойным і лагодным.
ІІ. Падаючая зорка
Затым надышла ноч першай знічкі. Яе ўбачылі на досвітку; яна праносілася над Вінчэстэрам, на ўсход, вельмі высока, выкрэсліваючы вогненную лінію. Сотні людзей бачылі яе і ўспрынялі за звычайную дагараючую зорку. Як апісвае Элбін, яна пакідала за сабою зеленаватую паласу, якая гарэла некалькі секундаў. Дэнінг, наш найвялікшы аўтарытэт па метэарытах, сцвярджаў, што яна была бачнай ужо на адлегласці дзевяноста ці ста міляў. Яму падалося, што зорка ўпала на Зямлю прыкладна за сто міляў на ўсход ад таго месца, дзе ён знаходзіўся.
Тады я быў дома і пісаў у сваім кабінеце; і хоць маё акно выходзіла на Отэршоў і штора была падцягнута (я любіў глядзець у начное неба), я нічога не заўважыў. Аднак гэты метэарыт, самы незвычайны з усіх, што калі-небудзь падалі на Зямлю з сусветнай прасторы, павінен быў упасці, калі я сядзеў за сталом, і я мог бы яго ўбачыць, калі б паглядзеў у неба. Некаторыя з тых, хто бачыў яго палёт, кажуць, што ён ляцеў са свістам, але сам я гэтага не чуў. Многія жыхары Беркшыра, Сэрэя і Мідлсэкса бачылі яго падзенне і амаль не думалі, што ўпаў новы метэарыт. Гэтай ноччу, мабыць, ніхто не пацікавіўся масай, якая ўпала.
Бедалага Оджылві, які назіраў за метэарытамі, быў перакананы, што ён упаў дзе-небудзь на пустцы паміж Хорсэлам, Отэршоў і Ўокінгам, прачнуўся рана і адправіўся на пошукі. Ужо развіднела, калі ён знайшоў метэарыт непадалёк ад пясчанага кар'ера. Ён убачыў гіганцкую яму ад падзення метэарыта, кучы пяску і жвіру, што грувасціліся сярод верасу і былі відаць за паўтары мілі. Верас загарэўся і тлеў; празрасты блакітны дымок клубіўся на фоне ранішняга неба.
Нябеснае цела рухнула ў пясок, сярод раскіданых трэсак раструшчанай ім пры падзенні хвоі. Вонкавая частка была падобна на агромністы абгарэлы цыліндр; яго абрысы былі нябачныя з-за тоўстага слою цёмнага нагару. Цыліндр быў каля трыццаці ярдаў у дыяметры. Оджылві наблізіўся да гэтай касы, здзіўлены яе аб'ёмам і асабліва формай, бо звычайна метэарыты бываюць больш або менш шарападобныя. Але цыліндр быў так моцна распалены ад палёту ў паветры, што да яго нельга было блізка падысці. Лёгкі шум унутры цыліндра Оджылві ўспрымаў як вынік нераўнамернага ахалоджвання яго паверхні. Тады ён не мог і падумаць, што цыліндр можа быць пусты.