— Прэч з дарогі, эй вы! — крычаў, прыпадняўшыся на драбінах, нейкі фурман. Брат убачыў закрытую карэту, якая паварочвала на прасёлак.
Пешаходы расступіліся, рассоўваючы адзін аднаго, каб не трапіць пад каня. Брат адвёў поні бліжэй да плота, карэта праехала міма і спынілася на павароце. Гэта была карэта з дышлем для пары, але запрэжаны быў толькі адзін конь.
Брат ледзь убачыў праз воблака пылу, як двое мужчын вынеслі кагосьці з карэты на белых насілках і асцярожна паклалі на траву пад прысадамі.
Адзін з іх падбег да брата.
— Ці ёсць тут дзе-небудзь вада? — спытаў ён. — Ён памірае, піць просіць… Гэта лорд Гарык.
— Лорд Гарык? — усклікнуў брат. — Каронны суддзя?
— Дзе тут вада?
— Можа, у адным з гэтых дамоў ёсць водаправод, — сказаў брат. — У нас вады няма, я баюся запыніць сваіх.
Чалавек пачаў прасоўвацца праз натоўп да варотаў вуглавога дома.
— Наперад! Наперад! — крычалі людзі, напіраючы на яго. — Яны ідуць! Не затрымлівайце!
Брат убачыў барадатага мужчыну з арліным профілем, у руцэ ён трымаў невялікі сакваяж; сакваяж раскрыўся, з яго пасыпаліся залатыя рэчы, са звонам падаючы на зямлю і коцячыся пад ногі людзей і коней. Барадаты мужчына спыніўся, тупа гледзячы на рассыпанае золата; аглобля кеба стукнула яму ў плячо; ён пахіснуўся, ледзь не трапіўшы пад кола.
— Дарогу! — крычалі яму. — Не спыняйцеся!
Як толькі кеб праехаў, барадаты мужчына кінуўся на зямлю, працягнуў руку да кучы манет і пачаў соваць іх прыгаршчамі ў кішэні. Раптам над ім уздыбіўся конь; мужчына прыўзняўся, але тут жа ўпаў пад капыты.
— Стой! — закрычаў брат і, адштурхнуўшы якуюсьці жанчыну, кінуўся наперад, каб схапіць каня за аброць.
Але перш чым брат паспеў гэта зрабіць, пачуўся крык, і скрозь клубы пылу ён убачыў, як кола праехала па спіне таго чалавека. Фурман сцебануў пугаю падбегшага брата. Гул натоўпу аглушыў яго. Няшчасны курчыўся ў пыле сярод залатых манет і не мог падняцца; кола, пераехаўшы цераз яго, пашкодзіла пазваночнік, і ніжняя частка яго цела была паралізавана. Брат спрабаваў спыніць наступны экіпаж. Нейкі чалавек верхам на вараным кані захацеў яму памагчы.
— Адцягніце яго з дарогі! — крыкнуў ён.
Брат схапіў за каўнер упаўшага і пачаў цягнуць яго ў бок, але той усё намагаўся падабраць манеты і моцна біў брата па руцэ кулаком, напоўненым золатам.
— Не спыняйцеся, праходзьце! — злосна крычалі ззаду. — Дарогу, дарогу!
Пачуўся трэск, і дышаль карэты стукнуўся аб павозку, якую спыніў мужчына на вараным кані. Брат павярнуўся, а чалавек з залатымі манетамі злаўчыўся і ўкусіў яго за руку. Вараны конь шарахнуўся, а конь з павозкай пранесся міма, ледзь не крануўшы брата капытом. Ён выпусціў упаўшага і адскочыў убок. Ён бачыў, што злосць змянілася жахам на твары скурчанага на зямлі няшчаснага; у наступны момант брата адцяснілі, ён таго чалавека ўжо не бачыў і з цяжкасцю вярнуўся на прасёлак.
Ён убачыў, што міс Элфінстон закрыла вочы рукою, а маленькі хлопчык з дзіцячай цікаўнасцю шырока расплюшчанымі вачамі глядзеў на пыльную чорную кучу пад коламі хуткіх экіпажаў.
— Едзьма назад! — крыкнуў брат і пачаў паварочваць поні. — Нам не прабіцца праз гэта пекла.
Яны праехалі сто ярдаў у адваротным напрамку, пакуль ашалелы натоўп не знік за паваротам. Праязджаючы міма канавы, брат убачыў пад плотам мярцвяна-бледны, пакрыты потам, скрыўлены твар паміраючага. Абедзве жанчыны сядзелі моўчкі, іх калацілі дрыжыкі.
За паваротам брат спыніўся. Міс Элфінстон была вельмі бледная; яе невестка плакала і забылася нават пра свайго Джорджа. Брат таксама быў шакіраваны і разгублены. Крыху ад'ехаўшы ад шашы, ён зразумеў, што другога выйсця няма, як зноў паспрабаваць яе перасекчы. Ён рашуча павярнуўся да міс Элфінстон.
— Мы ўсё ж павінны там праехаць, — сказаў ён і зноў павярнуў поні.
Другі раз за гэты дзень дзяўчына пераканалася, што яшчэ мае сілы. Брат кінуўся наперад і спыніў нейкага каня, запрэжанага ў кеб, каб міс Элфінстон магла праехаць. Кеб зачапіўся колам і абламаў крыло каляскі. У наступны момант паток падхапіў іх і панёс. Брат, з чырвонымі рубцамі на твары і руках ад біча фурмана, які кіраваў кебам, ускочыў у каляску і ўзяў лейцы.
— Цэлься ў чалавека ззаду, — сказаў ён, перадаючы рэвальвер міс Элфінстон, — калі ён будзе надта напіраць… Не, цэлься лепш у яго каня.
Ён паспрабаваў праехаць правым краем і перасекчы дарогу. Але не ўдалося, давялося змяшацца з патокам і рухацца па цячэнні. Разам з натоўпам яны пакінулі Чыпінг-Барнет і ад'ехалі амаль на мілю ад цэнтра горада, перш чым ім удалося прабіцца на другі бок дарогі. Вакол быў нечуваны шум, даўка, але ў горадзе і за горадам дарога некалькі разоў разгаліноўвалася, і натоўп крыху паменшаў.