Выбрать главу

Яны накіраваліся на ўсход праз Хадлі і тут па абодвух баках дарогі ўбачылі мноства людзей, якія пілі прама з ракі і біліся з-за месца каля вады. Яшчэ далей, з пагорка паблізу Іст-Барнета, яны бачылі, як удалечыні паволі, без гудкоў, адзін за адным рухаліся побач два цягнікі; не толькі вагоны, але нават тэндары з вугалем былі аблеплены народам. Магчыма, гэтыя цягнікі запаўняліся пасажырамі яшчэ да Лондана, таму што з-за панікі пасадка на цэнтральных вакзалах была абсалютна немагчымай.

Неўзабаве яны спыніліся адпачыць: усе трое стаміліся ад перажытых хваляванняў. Яны адчувалі першыя прыступы голаду, ноч была халодная, ніхто з іх не адважыўся заснуць. У прыцемках міма іх стаянкі праходзілі бежанцы, ратуючыся ад невядомай небяспекі, — яны ішлі ў той бок, адкуль прыехаў брат.

XVII. «Грамавержац»

Калі б марсіяне хацелі толькі разбурэння, то яны маглі б тады ж, у панядзелак, знішчыць усё насельніцтва Лондана, пакуль яно ціха расцякалася па бліжэйшых графствах. Не толькі па дарозе к Барнету, але і па дарозе к Эджуэру і Ўолтхем-Эбі, і на ўсход к Саўсэнду і Шубэрынесу, на поўдзень ад Тэмзы, к Дзілю і Бродстэрсу імкнуўся такі ж дзікі натоўп. Калі б гэтай чэрвеньскай раніцай хто-небудзь, падняўшыся на паветраным шары ў асляпляльную нябесную сінь, зірнуў на Лондан зверху, то яму падалося б, што ўсе паўночныя і ўсходнія дарогі, якія разыходзяцца ад гіганцкага клубка вуліцаў, спярэшчаныя чорнымі кропкамі; кожная кропка — гэта чалавек, ахоплены смяртэльным страхам і адчаем. У канцы папярэдняга раздзела я перадаў аповед свайго брата пра дарогу цераз Чыплінг-Барнет, каб паказаць чытачам, як успрымаў паблізу гэты рой чорных кропак адзін з бежанцаў. Ні разу яшчэ за ўсю гісторыю не рухалася і не пакутавала разам такое мноства людзей. Легендарныя полчышчы готаў і гунаў, вялізныя орды азіятаў падаліся б толькі кропляю ў гэтым патоку. Гэта быў стыхійны масавы рух, панічныя, масавыя ўцёкі, усеагульныя і жахлівыя, без усялякага парадку, без пэўнай мэты; шэсць мільёнаў людзей, бяззбройных, без запасаў харчу, імкнуліся кудысьці на злом галавы. Гэта было пачаткам падзення цывілізацыі, гібелі чалавецтва.

Прама пад сабою паветраплавальнік убачыў бы сетку доўгіх шырокіх вуліцаў, дамы, цэрквы, плошчы, скрыжаванні, сады, ужо бязлюдныя, распасцёртыя, нібы вялізная карта, запэцканая ў той частцы, дзе абазначаны паўднёвыя раёны горада. Над Ілінгам, Рычмандам, Уімблдонам быццам якоесьці злавеснае пяро накапала чарнільныя кляксы. Няспынна, нястрымна кожная клякса пашыралася і расцякалася, распаўзаючыся ва ўсе бакі і хутка перавальваючыся цераз узгоркі ў які-небудзь адкрыты роў, — так расплываецца чарнільная пляма на прамакальнай паперы.

Далей, за блакітнымі ўзгоркамі, што падымаюцца на поўдзень ад ракі, расхаджвалі марсіяне ў сваёй зіхатлівай брані, спакойна і метадычна выпускаючы ў той або іншы раён ядавітае воблака газу; затым яны рассейвалі газ струменямі пары і няспешна займалі заваёваную тэрыторыю. Яны, магчыма, не імкнуліся ўсё вынішчыць, хацелі толькі выклікаць поўную дэмаралізацыю і, такім чынам, зламаць усякае супраціўленне. Яны ўзрывалі парахавыя склады, пераразалі тэлеграфныя правады і псавалі ў розных месцах чыгуначнае палатно. Яны як бы падразалі чалавецтву падкаленную жылу. Відаць, яны не спяшаліся пашырыць зону сваіх дзеянняў і ў гэты дзень не пайшлі далей цэнтра Лондана. Магчыма, што значная колькасць лонданскіх жыхароў заставалася ў сваіх дамах у панядзелак раніцою. Дакладна вядома, што многія з іх былі задушаны чорным газам.

Да палудня лонданскі Пул меў дзівоснае відовішча. Параходы і другія судны яшчэ стаялі там, і за пераезд прапаноўваліся вялікія грошы. Кажуць, што многія кідаліся ў ваду да суднаў, іх адштурхоўвалі бусакамі, і яны танулі. Каля гадзіны дня пад аркамі моста Блэкфваер паказаліся тонкія струменьчыкі чорнага газу. У той жа момант увесь Пул ператварыўся ў арэну страшэннага перапалоху, барацьбы і звалкі; мноства лодак і катэраў стоўпілася ў паўначнай арцы Моста Таўэр, і матросы і грузчыкі адчайна адбіваліся ад натоўпу, які напіраў з берага. Некаторыя нават спускаліся ўніз па апорах маставых…

Калі праз гадзіну за Вестмінстэрам паявіўся першы марсіянін і накіраваўся ўніз па рэчцы, за Лаймхаўзам плавалі толькі абломкі.

Я ўжо ўспамінаў пра пяты цыліндр. Шосты ўпаў каля Ўімблдона. Брат, ахоўваючы сваіх спадарожніц, якія спалі ў калясцы на лузе, бачыў зялёную ўспышку агню далёка за пагоркамі. У аўторак, усё яшчэ спадзеючыся выехаць морам, яны прадаўжалі прабірацца з натоўпам бежанцаў да Колчэстара. Чуткі пра тое, што марсіяне ўжо захапілі Лондан, пацвердзіліся. Іх заўважылі каля Хайгента і нават каля Нісдона. Мой брат убачыў іх толькі на наступны дзень.