Выбрать главу

Неўзабаве натоўп бежанцаў выгаладаўся, патрэбны былі харчы. Галодныя людзі не цырымоніліся з чужой маёмасцю. Фермеры вымушаны былі са зброяй у руках абараняць свае жывёльныя двары, гумны і яшчэ не сабраны з палёў ураджай. Некаторыя бежанцы, як і мой брат, павярнулі на ўсход. Былі сярод іх такія смельчакі, якія ў пошуку харчу вярталіся назад у бок Лондана. Гэта былі галоўным чынам жыхары паўночных прадмесцяў, якія ведалі пра чорны газ толькі па чутках. Гаварылі, што каля паловы членаў урада сабралася ў Бірмінгеме і што вялікая колькасць выбуховых рэчываў была падрыхтавана для закладкі аўтаматычных мін графства Мідлена.

Брат чуў таксама, што мідленская чыгуначная кампанія аднавіла, выправіла пашкоджанні, прычыненыя ў першы дзень панікі, і цягнікі зноў ідуць на поўнач ад Сент-Олбенса, каб паменшыць наплыў бежанцаў у вакольныя графствы. У Чыпінг-Онгары вісела аб'ява, што ў паўночных гарадах ёсць вялікія запасы мукі і што ў бліжэйшыя суткі хлеб будзе размеркаваны паміж галадаючымі. Але гэта паведамленне вымусіла брата памяняць свой план: яны ўвесь дзень рухаліся на ўсход і нідзе не бачылі абяцанай раздачы хлеба. Ды і ніхто гэтага не бачыў. Гэтай ноччу на Прымроз-Хіле ўпаў сёмы цыліндр. Ён упаў у час дзяжурства міс Элфінстон. Яна дзяжурыла ноччу папераменна з братам і бачыла, як цыліндр падаў.

У сераду, пасля начлегу ў пшанічным полі, трое бежанцаў дасягнулі Чэлмсфарда, дзе некалькі жыхароў, якія назваліся камітэтам грамадскага харчавання, адабралі ў іх поні і не выдалі нічога ўзамен, але паабяцалі даць долю пры раздзеле поні на другі дзень. Па чутках, марсіяне былі ўжо каля Эпінга; гаварылі, што парахавыя заводы ва Ўолтхем-Эбі разбурыліся пры няўдалай спробе ўзарваць аднаго з марсіянаў.

На царкоўных званіцах былі ўстаноўлены вартавыя пасты. Брат, на шчасце, як выяснілася пазней, вырашыў ісці пешшу да мора, не чакаючы выдачы харчовых прыпасаў, хоць усе трое былі вельмі галодныя. Апоўдні яны прайшлі цераз Цілінгхем, які здаваўся вымерлым; толькі некалькі марадзёраў мышкавалі па дамах у пошуку яды. За Цілінгхемам яны раптам убачылі мора і вялізнае скопішча ўсялякіх суднаў на рэйдзе.

Баючыся падымацца ўверх па Тэмзе, маракі накіроўваліся да берагоў Эсекса — к Гарвічу, Уолтану і Клэктану, а потым к Фаўлнесу і Шубэры, дзе забіралі на борт пасажыраў. Судны стаялі ў вялікім серпападобным заліве, берагі якога губляліся ў тумане каля Нэйза. Каля самага берага стаялі невялікія рыбацкія шхуны: англійскія, шатландскія, французскія, галандскія і шведскія; паравыя катэры з Тэмзы, яхты, маторныя лодкі; далей віднеліся больш буйныя судны — вугальшчыкі, грузавыя параходы, пасажырскія, нафтаналіўныя акіянскія параходы, стары белы транспарт, прыгожыя, шэрыя з белым, параходы, курсіруючыя паміж Саўгемптанам і Гамбургам. На працягу ўсяго берага да Блэкуотэра тоўпіліся лодкі — лодачнікі вялі гандаль з пасажырамі; і так амаль да самага Молдана.

Мілі за дзве ад берага стаяла браніраванае судна, амаль поўнасцю пагружанае ў ваду, як падалося брату. Гэта быў мінаносец «Грамавержац». Іншых ваенных суднаў паблізу не было, але ўдалечыні, управа, над спакойнай паверхняю мора — у гэты дзень быў мёртвы штыль — змяіўся чорны дымок; гэта браняносцы ламаншскай экскадры, выцягнуўшыся ў доўгую лінію супраць вусця Тэмзы, стаялі, падрыхтаваўшыся да бою, і зорка назіралі за пераможным шэсцем марсіянаў, не могучы, аднак, ім перашкодзіць.

Убачыўшы такім мора, міс Элфінстон напалохалася, хоць залоўка і старалася яе падбадзёрыць. Яна ніколі не выязджала з Англіі, яна хутчэй пагодзіцца памерці, чым выехаць на чужбіну. Бядняжка, здаецца, думала, што французы не лепшыя за марсіянаў. У час двухдзённага падарожжа яна часта нервавалася і плакала. Яна хацела вярнуцца ў Стэнмар. Магчыма, у Стэнмары спакойна іх чакае Джордж…

З цяжкасцю ўдалося яе ўгаварыць спусціцца да берага, дзе брату пашанцавала ўгаварыць некалькіх матросаў на калёсным параходзе з Тэмзы. Яны выслалі лодку і пагадзіліся на трыццаць шэсць фунтаў за траіх. Параход ішоў, паводле іх слоў, у Остэндзе.

Было ўжо каля дзвюх гадзін, калі брат і яго спадарожніцы, заплаціўшы за свае месцы, узышлі на параход. Тут можна было набыць ежу, хоць і па вельмі вялікай цане; яны вырашылі паабедаць і размясціцца на носе.

На борт ужо ступіла каля сарака чалавек; многія ўжо патрацілі свае апошнія грошы, каб атрымаць месца; але капітан стаяў каля Блэкуотэра да пяці гадзін, набіраючы новых пасажыраў, пакуль уся палуба не напоўнілася народам. Ён, магчыма, застаўся б і надалей, каб на поўдні не пачалася кананада. Як бы ў адказ з мінаносца раздаўся выстрал з невялікай пушкі і ўзвіліся сігнальныя сцяжкі. Клубы дыму вырваліся з яго труб.