Выбрать главу

Некаторыя пасажыры запэўнівалі, што страляніна даносіцца з Шубэрынеса, пакуль не стала ясна, што кананада набліжаецца. Далёка на паўднёвым усходзе ў моры паказаліся мачты трох браняносцаў, ахінутых чорным дымам. Але братаву ўвагу адцягнула аддаленая стральба гармат на поўдні. Яму падалося, што ён убачыў у тумане рухомы слуп дыму.

Параходзік закруціў калёсамі і рушыў на ўсход ад доўгай выгнутай лініі суднаў. Нізкі бераг Эсекса ўжо апрануўся блакітнаватаю дымнаю павалокаю, калі паявіўся марсіянін. Маленькі, ледзь прыкметны на такой адлегласці, ён набліжаўся глеістым берагам з боку Фаўлнеса. Напалоханы капітан пачаў гучна лаяцца, папракаючы самога сябе за затрымку, і лопасці калёсаў, здавалася, заразіліся яго спалохам. Усе пасажыры стаялі каля поручняў і глядзелі на марсіяніна, які ўзвышаўся над дрэвамі і званіцамі на беразе і рухаўся так, быццам парадыраваў чалавечую паходку.

Гэта быў першы марсіянін, убачаны братам; брат хутчэй са здзіўленнем, чым са страхам, глядзеў на гэтага тытана, які асцярожна набліжаўся да лініі суднаў і ступаў па вадзе ўсё далей і далей ад берага. Потым — далёка за Краўчам — паявіўся другі марсіянін, які крочыў па пералеску; а за ім — яшчэ далей — трэці, які быццам крочыў уброд цераз бліскотную глеістую водмель, якая, здавалася, вісела паміж Фаўлнесам і Нейзам. Нягледзячы на ўзмоцненае пыхценне машыны і на горы пены за калёсамі, параходзік вельмі паволі адыходзіў ад бачнай небяспекі.

Зірнуўшы на паўночны захад, брат заўважыў, што парадак сярод суднаў парушыўся: у паніцы яны заварочваліся, ішлі наперарэз адно аднаму; параходы давалі свісткі і выпускалі клубы пары, ветразі паспешна распускаліся, катэры сноўдалі сюды-туды. Захоплены гэтым відовішчам, брат не глядзеў па баках. Нечаканы паварот, зроблены, каб пазбегнуць сутыкнення, скінуў брата з лаўкі, на якой ён стаяў. Вакол затупалі, закрычалі «ўра», на якое аднекуль слаба адказалі тым жа. У гэты момант судна нахілілася, брата адкінула ўбок.

Ён усхапіўся і ўбачыў за бортам, усяго за якіх-небудзь сто ярдаў ад тонучага параходзіка стальное цела, быццам нарог плуга, якое разрэзала ваду на дзве агромністыя пеністыя хвалі; параходзік бездапаможна махаў лопасцямі калёсаў па паветры і даваў нахіл амаль да ватэрлініі.

Вялізны слуп на імгненне асляпіў брата. Працёршы вочы, ён убачыў, што вялізнае судна пранеслася міма і ідзе да берага. Надводная частка доўгага стальнога корпуса падымалася над вадою, а з дзвюх трубаў вырываліся іскры і клубы дыму. Гэта быў мінаносец «Грамавержац», які спяшаўся на выручку суднам, што знаходзіліся ў небяспецы.

Ухапіўшыся за поручні разгайданай палубы, брат адвёў позірк ад хуткаснага левіяфана і зірнуў на марсіянаў. Усе трое цяпер сышліся і стаялі так далёка ў моры, што іх трыножкі былі амаль цалкам пад вадою. Пагружаныя ў ваду, на такой далёкай аддлегласці яны не здаваліся ўжо страшнымі ў параўнанні са стальным гігантам, у кільватэры якога бездапаможна гойдаўся параходзік. Марсіяне як быццам са здзіўленнем разглядалі новага праціўніка. Магчыма, гэты гігант здаўся ім падобным на саміх. «Грамавержац» ішоў поўным ходам без выстралаў. Магчыма, дзякуючы гэтаму яму і ўдалося падысці так блізка да ворага. Марсіяне не ведалі, як быць з ім. Адзін снарад — і яны ў момант пусцілі б яго на дно цеплавым промнем.

«Грамавержац» ішоў такім ходам, што праз хвіліну ўжо пераадолеў палову адлегласці паміж параходам і марсіянамі, — чорная пляма, якая хутка памяншаецца на фоне нізкага берага Эсекса.

Раптам пярэдні марсіянін апусціў сваю трубу і швырнуў у мінаносец хмары чорнага газу. Быццам струмень чарніла заліў левы борт мінаносца, чорнае воблака дыму заклубілася па моры, але мінаносец праскочыў. Гледачам, якія назіралі за гэтым супраць сонца з глыбока апушчанага ў ваду параходзіка, здавалася, што мінаносец знаходзіцца ўжо сярод марсіянаў.

Затым гіганцкія іх фігуры раздзяліліся і пачалі адступаць ад берага, усё вышэй і вышэй вырастаючы над вадою. Адзін з іх падняў генератар цеплавога промня, накіроўваючы яго пад вуглом уніз; воблака пары паднялося з паверхні вады ад дотыку цеплавога промня. Ён прайшоў праз стальную браню мінаносца, як нагрэты жалезны кій праз аркуш паперы.

Раптам сярод воблака пары бліснула ўспышка, марсіянін уздрыгнуў і пахіснуўся. Праз секунду залп збіў яго, і смерч з вады і пары ўзляцеў высока ў паветра. Гарматы «Грамавержца» грымелі дружнымі залпамі. Адзін снарад, узняўшы вадзяны слуп, упаў каля параходзіка, адляцеў рыкашэтам да другіх суднаў, якія адыходзілі на поўнач, і раскрышыў рыбацкую шхуну. Але ніхто на гэта не звярнуў увагі. Убачыўшы, што марсіянін упаў, капітан на мосціку гучна крыкнуў, і натоўп пасажыраў на карме падхапіў яго крык. Раптам усе зноў закрычалі: з белага хаосу пары, узнімаючы хвалі, неслася нешта доўгае, чорнае, ахопленае полымем, з вентыляратамі і трубамі, з якіх шугаў агонь.