Выбрать главу

Мінаносец усё яшчэ змагаўся; руль, відаць, быў не пашкоджаны, і машыны працавалі. Ён ішоў прама на другога марсіяніна і знаходзіўся за сто ярдаў ад яго, калі той накіраваў на «Грамавержца» цеплавы прамень. Палуба і трубы з грукатам узляцелі ўверх сярод асляпляльнага полымя. Марсіянін пахіснуўся да выбуху, і праз секунду ахопленыя агнём абломкі судна, якія ўсё яшчэ несліся ўперад па інерцыі, ударылі па марсіяніну і падмялі яго, як папяровую ляльку. Брат міжвольна выкрыкнуў. Зноў усё знікла ў хаосе гарачай вады і пары.

— Два! — крыкнуў капітан.

Усе крычалі, увесь параходзік ад кармы да носа быў напоўнены радаснымі галасамі, падхопленымі спачатку на адным, а потым на ўсіх суднах і лодках у моры. Пара вісела над вадой некалькі хвілінаў, хаваючы бераг і трэцяга марсіяніна. Параходзік працягваў круціць калёсы, адыходзячы з месца бою. Калі пара рассеялася, яе змяніў чорны дым, навіслы хмараю, што нельга было разгледзець ні «Грамавержца», ні трэцяга марсіяніна.

Браняносцы з мора падышлі зусім блізка і спыніліся паміж берагам і параходзікам.

Невялікае судна адыходзіла ў мора; браняносцы ж сталі набліжацца да берага, які ўсё яшчэ быў закрыты дзівоснымі завіткамі пары і чорнага газу. Цэлая флатылія суднаў, ратуючыся, адыходзіла на паўночны ўсход; некалькі рыбацкіх шхунаў плавалі паміж браняносцамі і параходзікам. Не дайшоўшы да ўжо нізкага воблака пары і газу, эскадра павярнула на поўнач і знікла ў чорных прыцемках. Бераг расплываўся, губляючыся ў воблаках, якія згушчаліся вакол заходзячага сонца.

Раптам з залацістай імглы сонечнага заходу данесліся вібрыруючыя раскаты гарматаў і паказаліся нейкія цёмныя рухомыя цені. Усе кінуліся да борта, углядваючыся ў асляпляльнае ззянне вячэрняга зарыва, але нічога нельга было разабраць. Хмара дыму закрыла сонца. Параходзік, пыхкаючы, адплываў усё далей, і людзі, што былі на ім, так і не ўбачылі, чым закончыўся марскі бой. Сонца схавалася сярод шэрых хмараў; неба пачырванела, затым пацямнела; уверсе бліснула вячэрняя зорка. Было ўжо зусім цёмна, калі капітан штосьці крыкнуў і паказаў удалячынь. Брат пачаў напружана ўглядацца. Нешта ўзляцела ў неба з нетраў туманнага змроку і коса паднялося ўверх, хутка рухаючыся ў водбліску зарніцы над хмарамі на заходнім небасхіле; штосьці плоскае, шырокае, агромністае, апісваючы вялікую дугу і зніжаючыся, знікла ў таямнічых прыцемках ночы. Над зямлёю слізгануў злавесны цень.

Кніга другая

Зямля пад уладаю марсіянаў

І. Пад пятою

У першай кнізе я моцна адхіліўся ўбок ад сваіх асабістых здарэнняў, расказваючы пра братавы вандроўкі. Пакуль разыгрываліся падзеі, апісаныя ў двух апошніх раздзелах, мы са святаром сядзелі ў пустым доме ў Галіфордзе, дзе схаваліся, ратуючыся ад чорнага газу. З гэтага моманту я і буду працягваць свой аповед. Мы заставаліся там усю ноч з нядзелі на панядзелак і ўвесь наступны дзень, дзень панікі, на маленькім астраўку дзённага святла, адрэзаныя ад астатняга свету чорным газам. Гэтыя два дні мы мучыліся ад бяздзеяння.

Я непакоіўся за жонку. Я ўяўляў яе ў Лезерхэдзе; магчыма, яна напалоханая, у небяспецы і ўпэўненая, што мяне ўжо няма сярод жывых. Я хадзіў з пакоя ў пакой, уздрыгваючы пры думцы аб тым, што можа здарыцца з ёю ў час маёй адсутнасці. Я не сумняваўся ў мужнасці свайго стрыечнага брата, але ён быў не з тых, якія хутка заўважаюць небяспеку і дзейнічаюць без прамаруджвання. Тут патрэбна была не храбрасць, а абачлівасць. Адзінай уцехай для мяне было тое, што марсіяне рухаліся да Лондана, аддаляючыся ад Лезерхэда. Такая трывога выбівае чалавека з сілы. Я вельмі стаміўся, і мяне раздражнялі пастаянныя выкрыкі святара і яго эгаістычны адчай. Пасля некалькіх безвыніковых спробаў яго абразуміць, я пайшоў у адзін з пакояў, безумоўна, класны, дзе знаходзіліся глобусы, мадэлі і сшыткі. Калі ён прабраўся за мною туды, я палез на гарышча і запёрся там у каморцы; мне хацелася застацца адзін на адзін са сваім горам.