На працягу гэтага дня і наступнага мы былі безнадзейна адрэзаны ад свету чорным газам. У нядзелю вечарам мы заўважылі прыкметы людзей у суседнім доме: нейчы твар у вакне, святло, дзвярны стук. Не ведаю, што гэта былі за людзі і што сталася з імі. На другі дзень мы іх больш не бачылі. Чорны газ у панядзелак раніцаю спаўзаў да ракі, падбіраючыся ўсё бліжэй і бліжэй да нас, і ўрэшце заклубіўся па дарозе перад самым домам, дзе мы хаваліся.
Апоўдні ў полі паявіўся марсіянін, які выпускаў з нейкай прылады струмень гарачай пары, што са свістам стукалася аб сцены, разбіваючы аконныя шыбы, і апякла руку святару, калі той выбег на дарогу з пакоя. Крыху счакаўшы, мы пракраліся ў адсырэлыя ад пары пакоі і зноў выглянулі на вуліцу; уся зямля к поўначы была быццам запарушана чорным снегам. Зірнуўшы на даліну ракі, мы вельмі здзівіліся: чорныя спаленыя лугі мелі нейкае дзіўнае чырванаватае адценне.
Мы не адразу здагадаліся, наколькі гэта мяняла наша становішча, мы бачылі толькі, што няма чаго баяцца чорнага газу. Нарэшце я зразумеў, што мы вольныя і можам пайсці, што дарога да выратавання адкрыта. Я зноў захацеў дзейнічаць. Але святар быў, як і раней, у стане апатыі.
— Мы тут у поўнай бяспецы, — паўтараў ён, — у поўнай бяспецы.
Я вырашыў пакінуць яго (о, каб я гэта зрабіў!) і пачаў запасацца правіянтам і піццём, помнячы настаўленні артылерыста. Я знайшоў алей і кусок тканіны, каб перавязаць свае апёкі, захапіў капялюш і куфайку, якія знайшліся ў спальні. Калі святар зразумеў, што я вырашыў пайсці адзін, ён таксама пачаў збірацца. Нам нібы нічога не пагражала, і мы адправіліся па пачарнелай дарозе на Сэнбэры. Паводле маіх разлікаў, было каля пяці гадзін вечара.
У Сэнбэры і на дарозе валяліся скурчаныя трупы людзей і коней, перакуленыя павозкі і параскіданая паклажа; усё было пакрыта слоем чорнага пылу. Гэта вугальна-чорнае покрыва напамінала мне ўсё тое, што я чытаў пра разбурэнне Пампеі. Мы паспяхова дайшлі да Хэмптан-Корт, здзіўленыя незвычайным выглядам мясцовасці; у Хэмптан-Корт мы з радасцю ўбачылі кусочак зямлі, уцалелай ад смертаноснай лавіны. Мы прайшлі праз Башы-парк, дзе пад каштанамі блукалі лані; удалечыні некалькі мужчын і жанчын спяшаліся к Хэмптану. Нарэшце мы дабраліся да Туікенхэма. Тут упершыню мы сустрэлі людзей.
Удалечыні за Хэмам і Пітэрсхэмам усё яшчэ гарэлі лясы. Туікенхэм пазбегнуў цеплавых промняў і чорнага газу, і там трапляліся людзі, але ніхто не мог паведаміць нам нічога новага. Амаль усе яны, як і мы, спяшаліся далей, карыстаючыся зацішкам. Мне падалося, што дзе-нідзе ў дамах яшчэ заставаліся жыхары, відаць, вельмі напалоханыя, каб уцякаць. І тут, на дарозе, відаць былі сляды панічных уцёкаў. Мне добра запомніліся тры паламаныя веласіпеды, якія ляжалі ў кучы: яны былі ўціснуты ў грунт праехаўшымі калёсамі. Мы перайшлі Рычмандскі мост каля паловы дзевятай. Спяшаліся, каб хутчэй мінуць адкрыты мост, але я ўсё ж заўважыў чырвоныя груды ў некалькі футаў шырынёй; яны плылі з цячэннем уніз. Я не ведаў, што гэта такое, — мне не было калі разглядаць; я даў ім страшнае вытлумачэнне, хоць для гэтага не было ніякіх падставаў. Тут, у бок Сэрэя, таксама ляжаў чорны пыл, які быў нядаўна газам, і валяліся трупы, асабліва многа каля дарогі на станцыю. Марсіянаў мы не бачылі, пакуль не падышлі да Барнса.
Селішча здавалася пакінутым; мы ўбачылі там трох чалавек, якія беглі па завулку да ракі. На вяршыні пагорка гарэў Рычманд; за Рычмандам слядоў чорнага газу не было відаць.
Калі мы набліжаліся да К'ю, міма нас прабегла некалькі чалавек і над дахамі дамоў — ярдаў за сто ад нас — паказалася верхняя частка баявой машыны марсіяніна. Варта было марсіяніну глянуць уніз — і мы б загінулі. Мы здранцвелі ад страху, потым кінуліся ўбок і схаваліся ў нейкім хляве. Святар прысеў на зямлю, усхліпваючы і адмаўляючыся ісці далей.
Але я вырашыў усё ж дабрацца да Лезерхэда і з наступленнем цемнаты рушыць далей. Я прабраўся праз кустоўе, прайшоў міма вялікага дома з прыбудоўкамі і выйшаў на дарогу на К'ю. Святара я пакінуў у гумне, але ён неўзабаве дагнаў мяне.
Цяжка сабе ўявіць што-небудзь больш неразумнае, чым гэта спроба. Было відавочна, што мы акружаны марсіянамі. Ледзь святар дагнаў мяне, як мы зноў убачылі ўдалечыні, за палямі, што цягнуліся да К'ю-Лоджа, баявы трыножак, магчыма, той самы, а можа, і другі. Чатыры ці пяць маленькіх чорных фігурак беглі ад яго па шэра-зялёным полі: відаць, марсіянін даганяў іх. За тры крокі ён іх дагнаў; яны пабеглі з-пад яго ног у розныя бакі па радыусах. Марсіянін не пусціў у ход цеплавы прамень і не знішчыў іх. Ён проста падабраў іх усіх у вялікую металічную карзіну, што вісела ззаду.