Выбрать главу

Мне ўпершыню прыйшло ў галаву, што марсіяне ўвогуле не хочуць знішчаць людзей, а хочуць выкарыстаць пераможанае чалавецтва ў іншых мэтах. З хвіліну мы стаялі, ахопленыя страхам; пасля павярнулі назад і праз вароты пракраліся ў абведзены сцяною сад, запаўзлі ў нейкую яму, ледзь асмельваючыся перашэптвацца адзін з адным, і ляжалі там, пакуль на небе не бліснулі зоры.

Было, па ўсёй верагоднасці, каля адзінаццаці гадзін вечара, калі мы вырашылі паўтарыць нашу спробу і пайшлі ўжо не па дарозе, а палямі, узбоч агароджы, узіраючыся ў цемру (я налева, святар направа), ці няма марсіянаў, якія, здавалася, усе сабраліся вакол нас. У адным месцы мы ўбачылі пачарнелую, абпаленую пляцоўку, ужо астылую і пакрытую попелам, з цэлаю кучаю трупаў, абгарэлых і знявечаных, уцалелі толькі ногі і абутак. Тут жа валяліся конскія тушы, на адлегласці, можа быць, пяцідзесяці футаў ад чатырох разарваных пушак з разбітымі лафетамі.

Паселішча Шын, відаць, не абстрэльвалася, але было пустое і ціхае. Трупаў тут больш не было; але ж ноч была настолькі цёмная, што мы не маглі разгледзець нават бакавых вуліц. У Шыне мой спадарожнік пачаў скардзіцца на слабасць і смагу, і мы вырашылі зайсці ў адзін з дамоў.

Першы дом, у які мы праніклі праз вакно, аказаўся невялікаю вілай з напалову сарваным дахам; я не мог знайсці там нічога паесці, акрамя куска заплесневелага сыру. Затое там была вада і можна было напіцца; на вочы мне трапіла сякера, і я захапіў яе, яна, можа, прыдасца нам пры ўзломе другога дома.

Мы падышлі да таго месца, дзе дарога паварочвае на Мортлейк. Тут сярод абнесенага сцяною саду стаяў белы дом; у кладоўцы мы знайшлі запас прадуктаў: два боханы хлеба, кусок сырога мяса і паўшынкі. Я пералічваю ўсё гэта так падрабязна таму, што ў прамежку двух наступных тыдняў нам давялося карыстацца гэтым запасам. На паліцах мы знайшлі бутэлькі з півам, два мяшкі фасолі і пучок салаты. Кладоўка выходзіла ў памяшканне для мыцця пасуды, дзе ляжалі дровы і стаяў буфет. У буфеце мы знайшлі амаль дзюжыну бургундскага, мясныя і рыбныя кансервы і дзве бляшанкі з бісквітам.

Мы сядзелі ў цёмнай кухні, бо баяліся запаліць агонь, елі хлеб з вяндлінаю і пілі з адной бутэлькі. Святар, гэткі ж пужлівы і неспакойны, чамусьці стаяў за тое, каб хутчэй ісці, і я ледзь угаварыў яго падмацавацца. Ды тут адбылася падзея, якая ператварыла нас у палонных.

— Відаць, да апоўначы яшчэ далёка, — сказаў я, і тут раптам бліснула асляпляльнае зялёнае святло. Уся кухня асвяцілася на імгненне зялёным бляскам. Пасля пачуўся такі ўдар, якога я ніколі не чуў, ні раней, ні пасля. Пачуўся звон разбітага шкла, грукат каменнай кладкі, пасыпалася тынкоўка, разбіваючыся на дробныя кускі аб нашы галовы. Я паваліўся на падлогу, стукнуўшыся аб выступ печы, і ляжаў аглушаны. Святар гаварыў, што я доўга быў у непрытомнасці. Калі я апрытомнеў, вакол зноў было цёмна і святар пырскаў на мяне вадою; яго твар быў мокры ад крыві, якая, як я потым разгледзеў, цякла з рассечанага лба.

На працягу некалькіх хвілін я не мог уцяміць, што здарылася. Нарэшце памяць мала-памалу вярнулася да мяне. Я адчуў на віску боль.

— Вам лепш? — шэптам спытаў святар.

Я не адразу адказаў яму. Потым прыўзняўся і сеў.

— Не рухайцеся, — сказаў ён, — падлога засеяна асколкамі пасуды з буфета. Вы можаце рухацца бясшумна, яны зусім побач.

Мы сядзелі так ціха, што кожны слухаў дыханне другога. Магільная цішыня; толькі раз аднекуль упаў не то кусок тынкоўкі, не то цагліна.

Звонку, дзесьці блізка чулася металічнае пастукванне.

— Чуеце? — сказаў святар, калі гук паўтарыўся.

— Так, — адказаў я. — Але што гэта такое?

— Марсіянін! — прашаптаў святар.

Я зноў прыслухаўся.

— Гэта быў не цеплавы прамень, — сказаў я і падумаў, што адзін з баявых трыножкаў трапіў на дом. На маіх вачах трыножак наляцеў на царкву ў Шэпертоне.

Чакаючы, што будзе далей, мы прасядзелі нерухома каля трох гадзін, пакуль не развіднела. Нарэшце святло пранікла да нас, але не праз акно, якое заставалася цёмным, а праз трохвугольную адтуліну ў сцяне ззаду, паміж бэлькай і кучай цаглін, якія абсыпаліся. У шэрым ранішнім змроку мы ўпершыню разгледзелі кухню.

Акно было завалена рыхлай зямлёю, якая насыпалася на стол, дзе мы вячэралі, і пакрывала падлогу. Звонку зямля была ўзрыхлена і, відаць, засыпала дом. У верхняй частцы ваконнай рамы відаць была скурожаная дажджавая труба. Падлога была засыпана металічнымі абломкамі. Канец кухні, бліжэйшы да жылых пакояў, асеў, і калі развіднела, нам стала ясна, што большая частка дома разбурана. Рэзкім кантрастам з гэтымі развалінамі была чысценькая кухонная шафа, пафарбаваная ў бледна-зялёны колер, шпалеры ў белых і блакітных квадратах і дзве размаляваныя карцінкі на сцяне.