Выбрать главу

Калі зусім развіднела, мы праз шчыліну ўбачылі марсіяніна, які стаяў, як я потым зразумеў, на варце над яшчэ не астылым цыліндрам. Мы асцярожна папаўзлі з зацемненай кухні ў цёмнае памяшканне для мыцця посуду.

Раптам я зразумеў, што здарылася.

— Пяты цыліндр, — прашаптаў я, — пяты выстрал з Марса трапіў у гэты дом і пахаваў нас пад развалінамі!

Святар доўга маўчаў, потым прашаптаў:

— Божа, памілуй нас!

І пачаў штосьці мармытаць сам сабе.

Было ціха, мы сядзелі, затаіўшыся ў пасудамыйцы. Я баяўся нават дыхнуць і затаіўся, пільна ўглядаючыся на слаба асветлены чатырохвугольнік кухонных дзвярэй. Я ледзь мог разгледзець твар святара — няясную акругласць, яго каўнерык і манжэты. Звонку пачуўся звон металу, потым рэзкі свіст і шыпенне, нібы ў паравой машыны. Усе гэтыя загадкавыя для нас гукі чуліся бесперапынна, з кожным разам узмацняючыся і нарастаючы. Раптам пачуўся нейкі мерны дрыжачы гук, ад якога ўсё навокал задрыжала і пасуда ў буфеце зазвінела. Святло змеркла, і кухонныя дзверы сталі зусім цёмныя. Так мы сядзелі гадзінамі, маўклівыя, дрыжалі, пакуль нарэшце не заснулі ад стомы…

Я прачнуўся, адчуваючы моцны голад. Магчыма, мы праспалі большую частку дня. Голад надаў мне рашучасці. Я сказаў святару, што адпраўляюся на пошукі ежы, і папоўз у бок кладоўкі. Ён нічога не адказаў, але як толькі пачуў, што я пачаў есці, таксама прыпоўз да мяне.

ІІ. У разбураным доме

Наеўшыся, мы папаўзлі назад у пасудамыйку, дзе я, відаць, зноў задрамаў, а прачнуўшыся, высветліў, што адзін. Вібрыруючы гул прадаўжаўся, не аслабяваючы, з раздражняльнай упартасцю. Я некалькі разоў шэптам паклікаў святара, потым папоўз да дзвярэй кухні. У дзённым святле я ўбачыў святара ў другім канцы пакоя: ён ляжаў каля трохвугольнай адтуліны, якая выходзіла на двор, да марсіянаў. Яго плечы былі прыўзнятыя, галавы не было відаць.

Шум быў, як у паравозным дэпо, і ўвесь дом хадзіў ходырам ад яго. Праз адтуліну ў сцяне я бачыў вяршыню дрэва, асветленую сонцам, і палоску яснага блакітнага вячэрняга неба. З хвіліну я глядзеў на святара, пасля падкраўся бліжэй, асцярожна пераступаючы цераз асколкі шкла і чарапкі.

Я крануў святара за нагу. Ён так уздрыгнуў, што ад вонкавай тынкоўкі з трэскам адваліўся вялікі кусок. Я схапіў святара за руку, баючыся, што ён закрычыць, і мы абодва затаіліся. Пасля я павярнуўся паглядзець, што засталося ад нашага сховішча. Абваленая тынкоўка ўтварыла новую адтуліну ў сцяне; асцярожна ўскарабкаўшыся на бэльку, я выглянуў — ледзь пазнаў прыгарадную дарогу, так усё навокал змянілася.

Пяты цыліндр трапіў, відаць, у той дом, куды мы заходзілі спачатку. Забудова зусім знікла, ператварылася ў пыл і разляцелася. Цыліндр ляжаў глыбока ў зямлі, у яме, больш шырокай, чым яма каля Ўокінга, у якую я ў свой час зазіраў. Зямля навокал нібы распляскалася ад страшэннага ўдару («распляскалася» — самае ўдалае слова) і засыпала суседнія дамы; такою ж была б карціна, калі б стукнулі малатком па гразі. Наш дом заваліўся назад; пярэдняя частка была разбурана дарэшты. Кухня і пасудамыйка ўцалелі нейкім цудам і былі засыпаны тонамі зямлі і смецця з усіх бакоў, акрамя аднаго, які быў звернуты да цыліндра. Мы віселі на краі вялізнай ямы, дзе працавалі марсіяне. Цяжкія стукі чуліся, відаць, ззаду нас; ярка-зялёная пара ўздымалася з ямы і ахутвала шэранню нашу адтуліну.

Цыліндр быў ужо адкрыты, а ў дальнім канцы ямы, сярод вырваных і засыпаных пяском кустоў, стаяў пусты баявы трыножак — агромністы металічны каркас, які рэзка выступаў на фоне вячэрняга неба. Я пачаў сваё апісанне з ямы і цыліндра, хоць у першую хвіліну мая ўвага была адцягнута дзівоснай бліскотнай машынаю, якая капала зямлю, і дзіўнымі непаваротлівымі істотамі, якія няўклюдна кешкаліся каля яе ў рыхлай зямлі.

Мяне перш за ўсё зацікавіў гэты механізм. Гэта была адна з тых складаных машын, якія назвалі пасля мнагарукімі і вывучэнне якіх дало такі магутны штуршок тэхнічным вынаходніцтвам. На першы погляд яна была падобна на металічнага павука з пяццю суставачнымі рухомымі лапамі і з мноствам суставачных рычагоў і хапальных шчупальцаў вакол корпуса. Большая частка рук гэтай машыны была ўцягнута, але трыма доўгімі шчупальцамі яна схоплівала металічныя палкі, кіі і лісты — відаць, абліцоўку брані цыліндра. Машына выцягвала, падымала і складвала ўсё гэта на роўную пляцоўку за ямаю.

Усе рухі былі настолькі хуткія, складаныя і дасканальныя, што спярша я нават не палічыў яе за машыну, нягледзячы на металічны бляск. Баявыя трыножкі былі таксама надзіва дасканалыя і здаваліся жывымі, аднак яны былі нішто ў параўнанні з гэтай. Людзі, якія ведалі гэтыя машыны толькі па малюнках ці па няпоўных аповедах відавочцаў, наўрад ці змогуць уявіць сабе гэтыя амаль жывыя механізмы.