Я нагадаў ілюстрацыю ў брашуры, якая давала падрабязнае апісанне вайны. Мастак, відаць, вельмі павярхоўна азнаёміўся з адной з баявых машын. Ён падаў іх у выглядзе непаваротлівых нахільных трыножкаў, пазбаўленых гнуткасці і лёгкасці, з аднастайнымі дзеяннямі. Брашура з гэтымі ілюстрацыямі нарабіла шмат шуму, але я ўспамінаю пра іх толькі для таго, каб чытачы не атрымалі недакладнага ўяўлення.
Ілюстрацыі былі не больш падобныя на тых марсіянаў, якіх я бачыў, чым васковая лялька на чалавека. Па-мойму, гэтыя малюнкі толькі сапсавалі гэту брашуру.
Як я ўжо казаў, мнагарукая машына спярша падалася мне не машынаю, а нейкаю істотаю накшталт краба з бліскотнаю абалонкаю; цела марсіяніна, тонкія шчупальцы якога рэгулявалі ўвесь рух машыны, я ўспрыняў за нешта падобнае да мазгавога прыдатка. Затым я заўважыў тое самае шэравата-бледнае скураное бліскотнае покрыва на іншых целах, якія кешкаліся вакол, і разгадаў таямніцу неверагоднага механізма. Пасля гэтага я ўсю сваю ўвагу звярнуў на жывых, сапраўдных марсіянаў. Я ўжо мімалётна бачыў іх, але цяпер агіда не перашкаджала маім назіранням, акрамя таго, я назіраў за імі з-за прыкрыцця, а не так, як у момант спешных уцёкаў.
Цяпер я разгледзеў, што ў гэтых істотах не было нічога зямнога. Гэта былі вялікія круглыя целы, хутчэй галовы, каля чатырох футаў у дыяметры, з нейкім падабенствам твару. На гэтых тварах не было ноздраў (марсіяне, здаецца, не мелі органаў нюху), толькі два вялікія цёмныя вокі і нешта накшталт мясістай дзюбы пад імі. Ззаду на гэтай галаве або целе (я, праўда, не ведаю, як гэта назваць) знаходзілася тугая перапонка, якая адпавядала (гэта выявілі пазней) нашаму вуху, хоць яна, магчыма, была непатрэбнаю ў нашай згушчанай атмасферы. Каля рота тырчалі шаснаццаць тонкіх, падобных на бічы, шчупальцаў, падзеленых на два пучкі — па восем шчупальцаў у кожным. Гэтыя пучкі вядомы анатам прафесар Хоўс даволі ўдала назваў рукамі. Калі я ўпершыню ўбачыў марсіянаў, мне падалося, што яны стараліся абапірацца на гэтыя рукі, але, відаць, ім перашкаджала вага цела, якая ў зямных умовах павялічвалася. Можна меркаваць, што на Марсе яны даволі лёгка перамяшчаюцца пры дапамозе гэтых шчупальцаў.
Унутраная анатамічная будова марсіянаў, як паказалі пазней ускрыцці, была зусім нескладанай. Большую частку іх цела займаў мозг з адгалінаваннямі тоўстых нерваў да вачэй, вуха і чуллівых шчупальцаў. Акрамя таго, былі знойдзены даволі складаныя органы дыхання — лёгкія — і сэрца з крываноснымі сасудамі. Узмоцненая работа лёгкіх з прычыны больш шчыльнай зямной атмасферы і павелічэння сілы прыцягнення была відавочнай нават па канвульсіўных рухах скуры марсіянаў.
Такім быў арганізм марсіянаў. Нам можа здацца дзіўным, што ў іх абсалютна не было прыкметаў складанага апарата для стрававання, які з'яўляецца адной з галоўных частак нашага арганізма. Яны мелі толькі галаву. У іх не было ўнутранасцяў. Яны не елі, не пераварвалі страву. Замест гэтага яны бралі свежую жывую кроў іншых арганізмаў і ўпырсквалі сабе ў вены. Я сам бачыў, як яны гэта рабілі, і ўспомню пра гэта ў свой час. Пачуццё агіды перашкаджае мне падрабязна апісаць тое, на што я не мог нават глядзець. Справа ў тым, што марсіяне, упырскваючы сабе невялікай піпеткаю кроў, у большасці выпадкаў чалавечую, бралі яе непасрэдна з жылаў жывой істоты…
Адна толькі думка пра гэта здаецца нам дзікунскай, але ў той жа час я міжволі думаю, якою агіднаю павінна падацца наша звычка харчавацца мясам, скажам, трусу, які раптам навучыўся думаць.
Нельга адмаўляць фізіялагічных перавагаў спосабу ін'екцыі, калі ўспомніць, як многа часу і энергіі губляе чалавек на яду. Наша цела напалову складаецца з залозаў, каналаў для перапрацоўкі ежы і іншых органаў, занятых перагонкаю ежы ў кроў. Уплыў працэсаў перапрацоўкі ежы на нервовую сістэму падрывае нашы сілы, адбіваецца на нашай псіхіцы. Людзі шчаслівыя або няшчасныя ў залежнасці ад здароўя печані ці падстраўнікавай залозы. Марсіяне ж не адчуваюць гэтых уплываў на настрой і эмоцыі.
Тое, што марсіяне бачылі ў людзях крыніцу харчавання, часткова тлумачыцца прыродаю тых ахвяраў, якіх яны прывезлі з сабою з Марса ў якасці правіянту. Гэтыя істоты, калі меркаваць па тых высахлых астанках, што трапілі ў людскія рукі, таксама былі двуногімі, з нетрывалым крэмністым шкілетам (накшталт нашых крэмністых губак) і слабаразвітай мускулатураю; яны былі каля шасці футаў ростам, з круглаю галавою і вялікімі вачыма ў крэмністых упадзінах. У кожным цыліндры было, здаецца, па дзве ці па тры такія істоты, але ўсе яны былі забіты яшчэ да прыбыцця на Зямлю. Яны ўсё роўна загінулі б на Зямлі, бо як толькі б паспрабавалі ўстаць на ногі, зламалі б сабе косці.