Выбрать главу

Калі я ўжо пачаў гэта апісанне, то дадам тут пэўныя падрабязнасці, што ў той час не былі вядомыя для нас і якія памогуць нашаму чытачу мець больш яснае ўяўленне пра гэтых грозных марсіянаў.

У трох адносінах іх фізіялогія рэзка адрознівалася ад нашай. Іх арганізм быў пастаянна бадзёры, як людское сэрца, не ведаў сну. Ім не трэба было адпачываць пасля мускульнага напружання, яны перыядычна дзейнічалі, без спачыну. Яны ніколі не стамляліся. На Зямлі яны перамяшчаліся з вялікімі намаганнямі, але нават і тут яны пастаянна дзейнічалі. Як мурашкі, яны працавалі ўсе дваццаць чатыры гадзіны ў суткі.

Па-другое, марсіяне былі бясполымі і таму не ведалі тых бурных эмоцый, якія ўзнікаюць у людзей з прычыны розных полаў. Дакладна ўстаноўлена, што на Зямлі ў час вайны нарадзіўся адзін марсіянін; ён быў знойдзены на целе свайго продка — адпачкаваўся, як маладыя ліліі з цыбулінаў ці маладыя арганізмы прэснаводнага паліпа.

Чалавек і ўсе вышэйшыя віды зямных жывёлінаў так не размнажаюцца, гэты спосаб размнажэння лічыцца самым прымітыўным. У ніжэйшых, канчаючы абалонкавымі, якія стаяць бліжэй да пазваночных, існуюць абодва спосабы размнажэння, але на вышэйшых ступенях развіцця палавы спосаб размнажэння поўнасцю выцясняе пачкаванне. На Марсе, відаць, развіццё ішло ў адваротным кірунку.

Цікава, што адзін пісьменнік, схільны да абстрактных разважанняў, яшчэ задоўга да нашэсця марсіянаў прадказваў чалавеку будучага якраз такую будову, якая аказалася ў іх. Яго прадсказанне, калі не памыляюся, паявілася ў 1893 годзе ў лістападаўскім ці снежаньскім нумары «Пэл-Мэл баджыт», які даўно ўжо не выходзіць. Я прыпамінаю карыкатуру на гэту тэму, змешчаную ў вядомым гумарыстычным часопісе дамарсіянскай эпохі «Панч». Аўтар артыкула даказваў, выкладваючы сваю думку ў вясёлым, забаўным тоне, што развіццё механічных прыстасаванняў павінна ў рэшце рэшт затрымаць развіццё чалавечага цела, а хімічная страва ліквідуе страваванне; ён сцвярджаў, што валасы, нос, зубы, вушы, падбародак паступова страцяць сваё значэнне для чалавека і натуральны адбор на працягу будучых вякоў іх ліквідуе. Будзе развівацца адзін толькі мозг. Яшчэ адна частка цела перажыве астатнія — гэта рукі, «настаўнік і слуга мозга». Усе часткі цела будуць атрафіравацца, рукі будуць усё больш і больш развівацца.

Ісціна нярэдка выказваецца ў форме жарту. У марсіянаў мы, несумненна, бачым падобнае падпарадкаванне жывёльнага боку арганізма інтылекту. Мне здаецца ўпаўне верагодным, што ў марсіянаў, якія паходзяць ад істотаў, увогуле падобных на нас, мозг і рукі (апошнія ў рэшце замяніліся двума пучкамі шчупальцаў) паступова развіваліся за кошт астатняга арганізма. Мозг без цела павінен быў стварыць, канешне, больш эгаістычны інтэлект, без усякіх чалавечых эмоцый.

Трэцяе адрозненне марсіянаў ад нас з першага погляду можа падацца неістотным. Мікраарганізмы, узбуджальнікі столькіх хвароб і мучэнняў на Зямлі або ніколі не паяўляліся на Марсе, або санітарыя марсіянаў знішчыла іх многа стагоддзяў таму назад. Сотні заразных хвароб — ліхаманка і запаленне, сухоты, рак, пухліны і іншыя хваробы, якія паражалі чалавека, былі ім зусім невядомы.

Гаворачы аб адрозненні паміж жыццём на Зямлі і на Марсе, я павінен успомніць пра дзіўнае паяўленне чырвонай травы.

Відавочна, расліннае царства Марса ў адрозненне ад зямнога, дзе пераважае зялёны колер, мае крывава-чырвоную афарбоўку. Ва ўсякім выпадку тое насенне, якое марсіяне (спецыяльна ці выпадкова) прывезлі з сабою, давала парасткі чырвонага колеру. Між іншым, у барацьбе з зямнымі відамі раслін толькі адна ўсім вядомая чырвоная трава дасягнула некаторага развіцця. Чырвоны ўюн хутка завяў, і толькі нямногія яго бачылі. Што да чырвонай травы, то нейкі час яна расла надзіва хутка. Яна паявілася на баках ямы на трэці ці на чацвёрты дзень нашага зняволення, і яе парасткі, падобныя на парасткі кактуса, утварылі кармінавыя махры вакол нашага трохвугольнага акна. Пасля я сустракаў яе ў вялікай колькасці па ўсёй краіне, асабліва там, дзе была вада.

Марсіяне мелі слыхавы орган — круглую перапонку на заднім баку галавы-цела, і іх вочы па сіле зроку не ўступалі нашым, толькі сіні і фіялетавы колер, на думку Філіпса, павінен быў здавацца ім чорным. Мяркуюць, што яны перамаўляліся адзін з адным з дапамогай гукаў і рухаў шчупальцаў; так сцвярджае, напрыклад, цікавая, але спехам напісаная брашура, аўтар якой, відаць, не бачыў марсіянаў; на гэту брашуру я ўжо спасылаўся, яна да гэтага часу служыць галоўнай крыніцаю звестак пра марсіянаў. Але ніхто з тых, хто застаўся жывы, не бачыў так блізка марсіянаў, як я. Гэта, праўда, адбылося не па маёй волі, але ўсё ж гэта несумненны факт. Я назіраў за імі дзень за днём уважліва і сцвярджаю, што бачыў на свае вочы, як чатыры, пяць і адзін раз нават шэсць марсіянаў, з цяжкасцю перамяшчаючыся, выконвалі самыя тонкія, складаныя работы разам, не абменьваючыся ні гукам, ні жэстам. Звычайна перад ядой чулася вухканне, пазбаўленае ўсякіх мадуляцый; па-мойму, яно не служыла сігналам, а адбывалася проста з прычыны выдыхання паветра перад упырскваннем крыві. Я ведаю асновы псіхалогіі і цвёрда перакананы, што марсіяне абменьваліся думкамі без дапамогі фізічных органаў. Сцвярджаю гэта, нягледзячы на маю прадузятасць супраць тэлепатыі. Перад нашэсцем марсіянаў, калі толькі чытач помніць мае артыкулы, я выказваўся даволі рэзка супраць тэлепатычных тэорый.