Выбрать главу

Марсіяне не насілі адзення. Іх паняцці аб убраннях і прыстойнасцях, натуральна, разыходзіліся з нашымі; яны былі не толькі менш адчувальнымі да перамены тэмпературы, але і змена ціску, відаць, не адбілася шкодна на іх здароўі. Хоць яны не насілі адзення, іх вялізная перавага над людзьмі заключалася ў іншых штучных прыладах, якімі яны карысталіся. Мы з нашымі веласіпедамі і іншымі сродкамі перамяшчэння, з нашымі лятальнымі апаратамі Ліліенталя, з нашымі пушкамі і з усім іншым знаходзімся толькі ў пачатку той эвалюцыі, якую ўжо перажылі марсіяне. Яны сталі як бы чыстым розумам, які карыстаецца рознымі машынамі ў залежнасці ад патрэбы, гэтак жа як чалавек мяняе адзенне, бярэ для хуткасці перамяшчэння веласіпед і парасон ад дажджу. У машынах марсіянаў нас здзіўляе абсалютная адсутнасць важнейшага элемента амаль усіх чалавечых вынаходніцтваў у галіне механікі — кола; ніводная машына з усіх дастаўленых імі на Зямлю не мела нічога падобнага на колы. Можна было б чакаць, што ў іх прымяняюцца колы, па крайняй меры для перамяшчэння. Але ў сувязі з гэтым цікава адзначыць, што прырода нават і на Зямлі не ведае калёсаў і выбірае іншыя сродкі для дасягнення сваіх мэтаў. Марсіяне таксама не ведаюць (што, дарэчы, малаверагодна) ці пазбягаюць калёсаў і вельмі рэдка карыстаюцца ў сваіх апаратах нерухомымі або адносна нерухомымі восямі з кругавым рухам, засяроджаным у адной плоскасці. Амаль усе злучэнні ў іх машынах уяўляюць складаную сістэму коўзкіх дэталяў, якія рухаюцца на невялікіх, па-мастацку выгнутых падшыпніках. Закрануўшы гэту тэму, я павінен успомніць і пра тое, што доўгія рычажныя злучэнні ў машынах марсіянаў прыводзяцца ў рух нечым накшталт мускулатуры — з дыскам у эластычнай абалонцы; гэтыя дыскі палярызуюцца пры праходжанні электрычнага току і шчыльна прылягаюць адзін да аднаго. Дзякуючы такому прыстасаванню атрымліваецца дзіўнае падабенства з рухамі жывой істоты, якое здзіўляла і ашаламляла назіральнікаў. Нешта накшталт мускулатуры было і ў той мнагарукай машыне, якая напамінала краба — «распакоўвала» цыліндр, калі я ўпершыню зазірнуў у шчыліну. Яна здавалася намнога больш жывой, чым марсіяне, што ляжалі каля яе, асветленыя касымі промнямі ўзыходзячага сонца; яны цяжка дыхалі, варушылі шчупальцамі і ледзь перамяшчаліся пасля стамляльнага пералёту ў міжпланетнай прасторы.

Я доўга назіраў за іх непаваротлівымі рухамі пры святле сонца і прыкмячаў асаблівасці іх будовы, пакуль святар не напомніў мне аб сваёй прысутнасці, нечакана схапіўшы мяне за руку. Я павярнуўся і ўбачыў яго нахмураны твар і сярдзіта сціснутыя губы. Ён таксама хацеў паглядзець у шчыліну: месца было толькі для аднаго. Такім чынам, я павінен быў нейкі час адмовіцца ад назіранняў за марсіянамі і даць гэту прывілею яму.

Калі я зноў паглядзеў у шчыліну, мнагарукая машына ўжо паспела сабраць часткі вынутага з цыліндра апарата; новая машына мела гэткую ж форму, як і першая. Унізе налева працаваў якісьці невялікі механізм; выпускаючы клубы зялёнага дыму, ён капаў зямлю і рухаўся вакол ямы, паглыбляючы і выраўноўваючы яе. Гэта машына і выдавала той перыядычны гул, ад якога аж уздрыгвала наша напалову разбуранае сховішча. Машына дыміла і свістала ў час работы. Наколькі я мог меркаваць, ніхто ёю не кіраваў.

ІІІ. Дні зняволення

Паяўленне другога баявога трыножка загнала нас у пасудамыйку, бо мы баяліся, што са сваёй вышкі марсіянін убачыць нас. Пазней мы зразумелі, што наша схоўка павінна здавацца марсіянам, якія знаходзіліся на яркім святле, цёмнаю плямаю. Мы перасталі баяцца, але спачатку пры кожным набліжэнні марсіянаў мы ў паніцы кідаліся ў пасудамыйку. Нягледзячы на небяспеку, нас нястрымна цягнула да шчыліны. Цяпер я са здзіўленнем успамінаю, што нягледзячы на бязвыхаднасць нашага становішча (нам пагражала альбо галодная, альбо яшчэ больш страшная смерць), мы нават пачыналі бойку з-за таго, каму глядзець першаму. Мы беглі на кухню, згараючы ад нецярпення і баючыся нарабіць шуму, адчайна штурхаючыся, знаходзячыся на валаску ад гібелі.