Выбрать главу

Мы былі зусім рознымі людзьмі паводле характару, па манеры мысліць і дзейнічаць; небяспека і зняволенне яшчэ больш выявілі гэта адрозненне. Ужо ў Галіфордзе я злаваўся на бездапаможнасць і напышлівую абмежаванасць святара. Яго бясконцыя незразумелыя маналогі не давалі мне засяродзіцца абдумаць сітуацыю і даводзілі мяне, і без таго крайне ўзбуджанага, ледзь не да прыпадку. У яго было не болей вытрымкі, чым у дурненькай жанчыны. Ён гатовы быў плакаць гадзінамі, і я ўпэўнены, што ён, як дзіця, думаў, што слёзы памогуць яму. Нават у цемнаце ён штохвілінна дакучаў мне. Акрамя таго, ён еў больш за мяне, і я дарэмна напамінаў яму, што нам дзеля нашага выратавання трэба заставацца дома да таго часу, пакуль марсіяне не скончаць работу ў яме, і таму нам трэба эканоміць харчы. Ён еў і піў адразу памногу пасля кароткіх перапынкаў. Спаў мала.

Ішлі дні за днямі; яго гранічная бяспечнасць і неразважлівасць пагаршалі наша і без таго адчайнае становішча і павялічвалі небяспеку, так што я воляй-няволяй павінен быў яго палохаць, стрымліваць, нават пагражаць пабоямі. Ён крыху паразумнеў, але не надоўга. Ён належаў да ліку тых слабых, вялых, пазбаўленых самалюбства, баязлівых і ў той жа час хітрых стварэнняў, якія не адважваюцца глядзець прама ў вочы ні богу, ні людзям, ні нават самім сабе.

Мне непрыемна ўспамінаць і пісаць пра гэта, але я абавязаны расказаць усё. Тыя, каму пашанцавала пазбегнуць цёмных і страшных хвілінаў жыцця, не задумваючыся, асудзяць маю жорсткасць, маю ўспышку гневу ў апошнім акце нашай драмы; яны выдатна ведаюць, што добра, што дрэнна, але, мяркую, не ведаюць, да чаго мукі могуць давесці чалавека. Але той, хто сам прайшоў праз гэты змрок да самых нізоў прымітыўнага жыцця, зразумее мяне і паспачувае мне.

І вось, пакуль мы з святаром у цішыні і змроку шэптам перамаўляліся, вырывалі адзін у аднаго яду і піццё, штурхаліся і валтузіліся, у яме звонку пад няшчадным чэрвеньскім сонцам марсіяне ўладкоўвалі сваё незразумелае для нас жыццё. Я вярнуся да аповеду пра тое, што бачыў. Пасля працяглага перапынку я нарэшце рызыкнуў падпаўзці да шчыліны і ўбачыў, што паявіліся яшчэ тры трыножкі, якія прывалаклі нейкія новыя прыстасаванні, расстаўленыя цяпер у стройным парадку вакол цыліндра. Другая мнагарукая машына, цяпер закапцелая, абслугоўвала новы механізм, прынесены баявым трыножкам. Корпус гэтага новага апарата па форме быў падобны на малочны бітон, на версе якога вярцелася грушападобная лейка, з якой сыпаўся ў падстаўлены знізу круглы кацёл белы парашок.

Вярчэнне чынілася адным з шчупальцаў мнагарукай машыны. Дзве лапатападобныя рукі капалі гліну і кідалі яе ў грушападобны прыёмнік, у той час як трэцяя рука перыядычна адчыняла дзверкі, выдаляла з сярэдняй часткі прылады абгарэлы шлак. Чацвёртым шчупальцам накіроўваўся парашок з катла па каленчатай трубе ў нейкі новы прыёмнік, закрыты ад мяне кучай блакітнаватага пылу. З гэтага нябачнага прыёмніка падымаўся ўверх струменьчык зялёнага дыму. Мнагарукая машына з нягучным музычным звонам раптам выцягнула, як падзорную трубу, шчупальца, якое хвіліну назад здавалася тупым адросткам, і закінула яго за кучу гліны. Праз секунду шчупальца падвяло ўверх паласу белага алюмінію, яшчэ неастылага, бліскотнага і кінула яе на клетку з такіх жа палосаў складзеную каля ямы. Ад заходу сонца да паяўлення зорак гэта лоўкая машына нарыхтавала не менш за сотню такіх палосаў прама з гліны, і куча блакітнаватага пылу стала падымацца над краем ямы.

Кантраст паміж хуткімі і складанымі рухамі ўсіх гэтых машын і павольнымі, няўклюднымі рухамі іх гаспадароў быў настолькі відавочны, што мне давялося доўга пераконваць сябе, маўляў, марсіяне, а не іх прылады, з'яўляюцца жывымі істотамі.

Калі ў яму прынеслі першых злоўленых людзей, каля шчыліны стаяў святар. Я сядзеў на падлозе і напружана прыслухоўваўся. Раптам ён адскочыў назад, і я са страхам затаіўся, думаючы, што нас заўважылі. Ён ціхенька прабраўся па смецці да мяне і прысеў побач, невыразна мармычучы і паказваючы штосьці жэстамі; сполах яго перадаўся мне. Ён даў мне знаць, што шчыліну ўступае мне; цікаўнасць надала мне храбрасці; я ўстаў, пераступіў цераз святара і прыпаў да шчыліны. Спачатку я не зразумеў прычыны яго страху. Змерклася, зоркі здаваліся маленькімі, цьмянымі, але яма асвятлялася зялёнымі ўспышкамі ад машыны, якая рыхтавала алюміній. Няроўныя ўспышкі зялёнага агню і рухомыя чорныя цені рабілі жудаснае ўражанне. У паветры кружылі кажаны. Цяпер клапатлівых марсіянаў не было відаць за кучаю зялёнага парашку. У адным вугле ямы стаяў укарочаны баявы трыножак са складзенымі падціснутымі нагамі. Раптам сярод гулу машын пачуліся як быццам чалавечыя галасы. Я падумаў, што мне падалося, і спачатку не звярнуў на гэта ўвагі.