Выбрать главу

Я нагнуўся, назіраючы за баявым трыножкам, і тут толькі канчаткова пераканаўся, што ў каўпаку яго знаходзіўся марсіянін. Калі зялёнае полымя ўспыхнула больш ярка, я разгледзеў яго ільснянае скураное покрыва і бляск вачэй. Раптам пачуўся крык, і я ўбачыў, як доўгае шчупальца перакінулася за плячо машыны да металічнай клеткі, якая вісела ззаду. На фоне зорнага неба ў паветры нешта адчайна забарахталася; шчупальца падняло ўверх чорны, няясны, загадкавы прадмет; калі гэты прадмет апусціўся, я ўбачыў пры ўспышцы зялёнага святла, што гэта — чалавек. Я бачыў яго толькі на імгненне. Гэта быў добра апрануты, моцны, румяны, сярэдніх год мужчына. Тры дні назад гэта, вераемна, быў чалавек, які ўпэўнена крочыў па зямлі. Я бачыў яго шырока расплюшчаныя вочы і водбліск агню на гузіках і гадзіннікавым ланцужку. Ён знік з другога боку кучы, і на імгненне ўсё сціхла. Потым пачуліся адчайныя крыкі і працяглае, здаволенае вухканне марсіянаў…

Я з'ехаў з кучы шчэбеню, устаў на ногі і, заціснуўшы вушы, кінуўся ў пасудамыйку. Святар, які сядзеў згорбіўшыся, абхапіўшы рукамі галаву, зірнуў на мяне, калі я прабягаў міма, даволі гучна крыкнуў, думаючы, відаць, што я пакідаю яго, і кінуўся за мною…

Гэтай ноччу, пакуль мы сядзелі ў пасудамыйцы, разрываючыся паміж смяротным страхам і жаданнем зірнуць у шчыліну, я дарэмна спрабаваў прыдумаць які-небудзь спосаб выратавання, хоць разумеў, што дзейнічаць трэба неадкладна. Але на наступны дзень я прымусіў сябе цвяроза ацаніць сваё становішча. Святар не мог удзельнічаць у абмеркаванні планаў; са страху ён страціў здольнасць лагічна разважаць і мог дзейнічаць толькі імпульсіўна. Па сутнасці, ён ператварыўся амаль у жывёліну. Я мог разлічваць толькі на самаго сябе. Абдумаўшы ўсё спакойна, я вырашыў, што, нягледзячы на безвыходнасць нашага становішча, адчайвацца не трэба. Мы маглі спадзявацца, што марсіяне размясціліся ў яме толькі часова. Няхай сабе яны нават ператвораць яму ў пастаянны лагер, і тады нам можа пашчасціць уцячы, калі толькі не выставяць варту. Я прадумаў падрабязны план падкопу з супрацьлеглага боку, але тут нам пагражала небяспека стаць заўважанымі з якога-небудзь вартавога трыножка. Акрамя таго, падкоп давялося б рабіць мне аднаму. На святара спадзявацца і разлічваць было нельга.

Праз тры дні (калі памяць мяне не падводзіць) на маіх вачах быў усмерчаны юнак; гэта быў адзіны раз, калі я бачыў, як харчуюцца марсіяне. Пасля гэтага я амаль цэлы дзень не падыходзіў да шчыліны. Я пайшоў у пасудамыйку, адчыніў дзверы і некалькі гадзінаў сякераю капаў зямлю, стараючыся як мага менш рабіць шуму. Але калі я выкапаў яму футаў на два глыбінёю, цяжкая зямля з шумам асела, і я не адважыўся капаць далей. Я затаіўся і доўга ляжаў на падлозе, баючыся паварушыцца. Пасля гэтага я не думаў пра падкоп.

Адзначу адзін цікавы факт: уражанне, якое зрабілі на мяне марсіяне, было такое, што я не спадзяваўся на перамогу людзей, дзякуючы якой змог бы выратавацца. Аднак на чацвёртую ці пятую ноч пачуліся гарматныя выстралы.

Была глыбокая ноч і месяц ярка свяціў. Марсіяне прынялі экскаватар і некуды схаваліся; толькі на некаторай адлегласці ад ямы стаяў баявы трыножак, а ў адным з вуглоў ямы мнагарукая машына прадаўжала працаваць якраз пад шчылінаю, у якую я глядзеў. У яме было зусім цёмна, за выключэннем тых мясцінаў, куды падала месячнае святло ці водбліск мнагарукай машыны, якая парушала цішыню сваім лязгатам. Ноч была ясная, ціхая. Месяц адзінока панаваў у небе, адна толькі зорка парушала яго адзіноту. Раптам пачуўся брэх сабакі, і гэты знаёмы гук прымусіў мяне насцярожыцца. Потым вельмі выразна я пачуў гул, быццам грукат цяжкіх гарматаў. Я налічыў шэсць выстралаў і пасля доўгага перапынку — яшчэ шэсць. Потым усё заціхла.

IV. Смерць святара

Гэта адбылося на шосты дзень нашага зняволення. Я глядзеў у шчыліну і нечакана адчуў, што я адзін. Святар, які толькі што стаяў побач са мною і адштурхоўваў мяне ад шчыліны, чамусьці пайшоў у пасудамыйку. У цемнаце я пачуў, што святар п'е. Я працягнуў руку і намацаў бутэльку бургундскага.