Некалькі хвілінаў мы валтузіліся. Бутэлька ўпала і разбілася. Мы стаялі адзін перад адным, цяжка дыхаючы, сціскаючы кулакі. Нарэшце я стаў паміж ім і запасам правізіі і сказаў, што вырашыў увесці строгую дысцыпліну. Я падзяліў увесь запас прадуктаў так, каб яго хапіла на дзесяць дзён.
Днём ён зноў спрабаваў падабрацца да прыпасаў. Я быў задрамаў, але адразу схамянуўся. Цэлы дзень і цэлую ноч мы прасядзелі адзін перад адным; я смяротна стаміўся, але быў цвёрды; ён хныкаў і скардзіўся на нясцерпны голад. Я ведаю, што так прайшлі ноч і дзень, але мне здавалася тады і нават цяпер здаецца, што гэта працягвалася цэлую вечнасць.
Пастаянныя спрэчкі паміж намі прывялі нарэшце да адкрытай канфрантацыі. На працягу двух доўгіх дзён мы сварыліся напаўголасу, спрачаліся. Калі-нікалі я не мог стрымліваць сябе і біў яго, іншы раз ласкава пераконваў, аднаго разу я нават спрабаваў спакусіць яго апошняй бутэлькай бургундскага: у кухні была помпа для дажджавой вады, адкуль я мог напіцца. Але ні ўгаворы, ні пабоі не ўздзейнічалі, здавалася, ён страціў розум. Ён, як і раней, спрабаваў захапіць правізію і працягваў размаўляць услых сам з сабою. Ён паводзіў сябе вельмі неасцярожна, і кожную хвіліну нас маглі раскрыць. Неўзабаве я зразумеў, што ён зусім страціў розум, — я апынуўся ў цемнаце адзін на адзін з вар'ятам.
Мне здаецца, што і я ў той час быў не нармальны. Мяне мучылі дзікія, жудасныя сны. Як гэта не дзіўна, але я схільны думаць, што вар'яцтва святара было для мяне перасцярогаю: я напружана сачыў за сабою і таму мог разважна думаць.
На восьмы дзень святар пачаў гаварыць, і я нічым не мог стрымаць яго красамоўства.
— Гэта справядлівая кара, о божа, — паўтараў ён штохвілінна, — справядлівая! Знішчы мяне і ўвесь род мой. Мы саграшылі, мы ўпалі ў грэх… Паўсюль людзі мучыліся, бедныя змешваліся з прахам, а я маўчаў. Мае пропаведзі — глупства, о божа мой, што за глупства! Я павінен быў маўчаць і, не шкадуючы жыцця свайго, заклікаць да пакаяння, да пакаяння!.. Прыгнятальнікі бедных і пакутнікаў! Караючая рука боская!..
Потым ён зноў успомніў аб правізіі, да якой я яго не дапускаў, прасіў мяне, плакаў, пагражаў. Ён пачаў павышаць голас; я прасіў не рабіць гэтага; ён зразумеў сваю ўладу нада мною і пачаў пагражаць, што будзе крычаць і прыцягне ўвагу марсіянаў. Спярша я напалохаўся, але потым зразумеў, што калі я ўступлю яму, то нашы шансы на выратаванне зменшацца. Я адмовіў яму, хоць і не быў упэўнены, што ён рэалізуе сваю пагрозу. Гэтым днём ва ўсякім выпадку гэтага не адбылося. Ён гаварыў гучней і гучней увесь восьмы і дзевяты дзень; гэта былі пагрозы, просьбы, парывы неразумнага шматслоўнага раскайвання ў абыякавым, недастойным служэнні богу. Мне стала шкада яго. Крыху паспаўшы, ён зноў пачаў гаварыць, на гэты раз так гучна, што я вымушаны быў умяшацца.
— Маўчыце! — прасіў я.
Ён апусціўся на калені ў цемнаце каля катла.
— Я надта доўга маўчаў, — сказаў ён так моцна, што яго павінны былі пачуць у яме, — цяпер я павінен сведчыць. Гора гэтаму незаконнаму гораду! Гора! Гора! Гора! Гора насельнікам Зямлі, бо ўжо прагучала труба.
— Змоўкніце! — прахрыпеў я, сцепаючыся ад думкі, што марсіянін нас пачуў. — Богам прашу, змоўкніце!..
— Не! — усклікнуў ён гучна, падымаючыся і працягваючы наперад рукі. — Выкажы! Слова божае ў маіх вуснах.
За тры скачкі ён апынуўся каля дзвярэй у кухню.
— Я павінен сведчыць! Я іду! Я і так доўга марудзіў.
Я схапіў сякач, што вісеў на сцяне, і кінуўся за ім. Ад страху мяне ахапіла шаленства. Я дагнаў яго пасярод кухні. Паддаючыся апошняму парыву чалавекалюбства, я павярнуў вастрыё нажа на сябе і стукнуў святара ручкаю. Ён упаў ніцма на падлогу. Хістаючыся, я пераступіў цераз яго і спыніўся, цяжка дыхаючы. Ён ляжаў нерухома.
Раптам я пачуў шум звонку, як быццам абсыпалася тынкоўка, і трохвугольная адтуліна ў сцяне закрылася. Я зірнуў уверх і ўбачыў, што мнагарукая машына рухаецца міма шчыліны. Адно са шчупальцаў варушылася сярод абломкаў. Паказалася другое шчупальца, заслізгала па абваленых бэльках. Я замёр з жаху. Потым я ўбачыў нешта накшталт празрыстай пласцінкі, якая прыкрывала пачварны твар і вялікія цёмныя вочы марсіяніна. Металічны спрут выкручваўся, шчупальца паволі прасоўвалася ў праём.
Я адскочыў, спатыкнуўся аб святара і спыніўся каля дзвярэй пасудамыйкі. Шчупальца прасунулася на ярды два ў кухню, выкручваючыся і паварочваючыся ва ўсе бакі. Некалькі секунд я стаяў як зачараваны, гледзячы на яго павольнае, штуршкападобнае набліжэнне. Потым ціха выкрыкнуў ад страху, кінуўся ў пасудамыйку. Я так дрыжаў, што ледзь стаяў на нагах. Адчыніўшы дзверы ў вугальны падвал, я апынуўся ў цемнаце; глядзеў праз шчыліну ў дзвярах і прыслухоўваўся. Ці заўважыў мяне марсіянін? Што ён там робіць?