Выбрать главу

У кухні штосьці паволі рухалася, чаплялася за сцены, выдаючы лёгкі металічны звон, нібы звязка ключоў на колцы. Затым якоесьці цяжкае цела — я добра ведаю якое, — павалаклося па падлозе кухні да адтуліны. Я не стрымаўся, падышоў да дзвярэй і зірнуў у кухню. У трохвугольнай, асветленай сонцам адтуліне я ўбачыў марсіяніна ў мнагарукай машыне, які напамінаў Брыярэя; ён уважліва разглядваў галаву святара. Я адразу ж падумаў, што ён здагадаецца аб маёй прысутнасці па глыбокай ране.

Я папоўз у вугальны падвал, зачыніў дзверы і ў цемры, стараючыся не шумець, пачаў закопвацца ў вугаль і навальваць на сябе дровы. Кожную хвіліну я сцішваўся і прыслухоўваўся, каб пачуць наверсе рух шчупальца марсіяніна.

Нечакана лёгкае металічнае пастукванне зноў аднавілася. Шчупальца паволі рухалася па кухні. Усё бліжэй і бліжэй — яно ўжо ў пасудамыйцы. Я спадзяваўся, што мяне не кране. Я пачаў маліцца. Шчупальца шкрабанула па дзвярах склепа. Настала цэлая вечнасць амаль невыноснага чакання; я пачуў, як стукнула клямка. Ён знайшоў дзверы! Марсіяне разумеюць, што такое дзверы!

Шчупальца праваждалася з клямкай каля хвіліны; потым дзверы адчыніліся.

У цемры я ледзь бачыў гэты гнуткі адростак, які больш за ўсё напамінаў слановы хобат; шчупальца набліжалася да мяне, мацала сцяну, кускі вугалю, дровы і столь. Гэта быў нібы чорны чарвяк, які паварочваў сваю сляпую галаву.

Шчупальца кранула абцас майго чаравіка. Я ледзь не закрычаў, але стрымаўся, учапіўшыся зубамі ў руку. З хвіліну ўсё было ціха. Раптам, нечакана шчоўкнуўшы, яно схапіла нешта, — мне падалося, што мяне! — і нібы стала аддаляцца ад склепа. Але я не быў у гэтым упэўнены. Відаць, яно захапіла кусок вугалю.

Выкарыстаўшы выпадак, я выпрастаў здранцвелыя ногі і рукі і прыслухаўся. Я старанна маліўся — хоць бы выратавацца.

Я не ведаў, ці дацягнецца яно да мяне. Раптам моцным кароткім ударам яно зачыніла дзверы склепа. Я чуў, як яно зашуршэла па кладоўцы, як перамяшчаліся бляшанкі з бісквітамі, як разбілася бутэлька. Потым новы стук у дзверы склепа. Потым цішыня і бясконца пакутлівае чаканне.

Пайшло ці не?

Нарэшце я вырашыў, што пайшло.

Шчупальца больш не вярталася ў вугальны склеп; але я праляжаў увесь дзесяты дзень у цемнаце, закапаўшыся ў вугаль, не рызыкуючы вылезці нават, каб напіцца: мне страшэнна хацелася піць. Толькі на адзінаццаты дзень я адважыўся выйсці са свайго сховішча.

V. Цішыня

Перш чым пайсці ў кладоўку, я запёр дзверы з кухні ў пасудамыйку. Але кладоўка была пустая; правізія ўся знікла — да апошняй крошкі. Відаць, марсіянін усё забраў. Упершыню за гэтыя дзесяць дзён мяне ахапіў адчай. Не толькі ў гэты дзень, але і ў два наступныя я нічога не еў.

Рот і горла перасохлі, я моцна аслабеў. Я сядзеў у пасудамыйцы ў цемнаце, страціўшы ўсялякую надзею. Мне мірсціліся ўсякія стравы і здавалася, што я аглух, так як гукі, якія я прывык чуць з боку ямы, абсалютна заціхлі. У мяне нават не хапіла сілы, каб бясшумна падпаўзці да шчыліны ў кухні, а я б гэта зрабіў.

На дванаццаты дзень горла так перасохла, што я, рызыкуючы паявіцца перад марсіянамі, пачаў круціць скрыпучую помпу каля ракавіны і здабыў каля дзвюх шклянак цёмнай мутнай вадкасці. Вада асвяжыла мяне, і я крыху павесялеў, бачачы, што на шум ад помпы не паявілася ніводнага шчупальца.

На працягу гэтых дзён я многа думаў пра святара і яго смерць, але думкі мае блыталіся і разбягаліся.

На трынаццаты дзень я выпіў яшчэ крыху вады і ў дрымоце думаў пра ежу, выношвачы фантастычныя, нерэальныя планы ўцёку. Як толькі я пачынаў драмаць, мяне мучылі кашмары: то смерць святара, то раскошныя піры. Але і ў сне і на самой справе я адчуваў страшэнны боль у горле і, прачынаючыся, піў і піў бясконца. Святло, якое пранікла ў пасудамыйку, было цяпер не шэраватым, а чырванаватым. Нервы ў мяне былі так разладжаны, што гэта святло здавалася мне крывавым.

На чатырнаццаты дзень я пайшоў у кухню і вельмі здзівіўся, убачыўшы, што трэшчына ў сцяне зарасла чырвонай травою і паўзмрок набыў чырванаватае адценне.

Раніцаю на пятнаццаты дзень я пачуў у кухні нейкія дзіўныя, вельмі знаёмыя гукі. Я прыслухаўся і вырашыў, што гэта, відаць, скавыча і драпаецца сабака. Увайшоўшы ў кухню, я ўбачыў сабачую морду, прасунутую ў шчыліну праз зараслі чырвонай травы. Я вельмі здзівіўся. Пачуўшы мяне, сабака адрывіста забрахаў.