Я падумаў, што калі ўдасца заманіць яго ў кухню без шуму, то я заб'ю яго і з'ем; ва ўсякім выпадку, лепш яго забіць, каб не выдацца марсіянам.
Я папоўз да яго, ласкава паклікаў шэптам:
— Пёсік! Пёсік!
Але сабака знік.
Я прыслухаўся — не, я не аглух: у яме на самай справе ціха. Чуўся толькі нейкі гук, падобны на лопат крылаў, ды яшчэ рэзкае карканне — і больш нічога.
Я доўга ляжаў каля шчыліны, не адважваючыся рассунуць чырвоны зараснік. Раз ці два я чуў лёгкі шорах — быццам сабака дзесьці ўнізе бегаў па пяску. Чуў, як мне здавалася, шастанне крылаў, і толькі. Нарэшце, асмеліўшыся, я выглянуў вонкі.
У яме нікога. Толькі ў адным вугле зграя варон змагалася за астанкі мерцвякоў, выссаных марсіянамі.
Я глядзеў, не верачы сваім вачам. Ніводнай машыны. Яма апусцела; у адным вугле — куча шэравата-блакітнага пылу, у другім — некалькі алюмініевых палосаў ды чорныя птушкі над чалавечымі астанкамі.
Я паволі пралез праз чырвоны зараснік і стаў на кучу шчэбеню. Перада мною была адкрыта прастора, толькі ззаду, на поўначы, гарызонт быў закрыты разбураным домам, — і нідзе я не бачыў ніякіх прыкмет марсіянаў. Яма пачыналася якраз каля маіх ног, але па шчэбеню можна было ўскарабкацца на кучу абломкаў. Значыць, я выратаваўся! Шчасце перапоўніла мае грудзі.
Некалькі хвілінаў я стаяў і разважаў, потым у парыве рашучай смеласці, з радасным сэрцам ускарабкаўся на вяршыню развалінаў, пад якімі так доўга быў зажыва пахаваны.
Я агледзеўся яшчэ раз. На поўнач таксама ніводнага марсіяніна.
Апошні раз я бачыў гэтую частку Шына пры дзённым святле; тут была віхлястая вуліца — добраўпарадкаваныя белыя і чырвоныя домікі, абсаджаныя цяністымі дрэвамі. Цяпер я стаяў на кучы смецця, цэглы, гліны і пяску, густа зарослай нейкімі падобнымі на кактус, па калена вышынёю, чырвонымі раслінамі, якія заглушылі ўсю зямную расліннасць. Дрэвы вакол стаялі голыя, чорныя; па яшчэ жывых ствалах браліся чырвоныя парасткі.
Вакольныя дамы былі разбураны, але ніводзін не згарэў; сцены ўцалелі да другога паверха, але ўсе вокны былі разбітыя, дзверы сарваныя. Чырвоная трава спорна расла нават у пакоях. Пада мною ў яме вароны біліся за рэшткі былых жывых істотаў. Над развалінамі лятала мноства птушак. Па сцяне аднаго дома асцярожна спускалася выпетралая кошка; але прыкметаў людзей я нідзе не бачыў.
Дзень пасля майго зняволення здаваўся мне асляпляльным, неба — ярка-блакітным. Лёгкі ветрык паціху варушыў чырвоную траву, якая разраслася паўсюль, нібы бур'ян. А якім салодкім было паветра!
VI. Што зрабілі марсіяне за два тыдні
Некалькі хвілінаў я стаяў на кучы смецця і абломкаў, стаяў хістаючыся, забыўшыся абсалютна пра небяспеку. У той смярдзючай бярлозе, адкуль я толькі што вылез, я ўвесь час думаў толькі аб грознай для мяне небяспецы. Я не ведаў, што адбылося за гэтыя дні, не чакаў такога захапляльнага відовішча. Я чакаў убачыць Шын у развалінах — перада мною рассцілаўся дзіўны і злавесны ландшафт, быццам на іншай планеце.
У тую хвіліну я адчуў тое, што не пад сілу адчуць чалавеку, гэта пачуццё знаёмае, відаць, толькі жывёлінам. Я быў падобны на труса, які вярнуўся да сваёй норкі і ўбачыў, што землякопы знішчылі дарэшты яго жыллё. Тады я ўпершыню цьмяна адчуў тое, што потым стала зразумелым, што гняло мяне ўжо некалькі дзён, — пачуццё развенчанасці, разуменне таго, што я ўжо не цар Зямлі, а жывёліна сярод іншых стварэнняў пад пятою марсіянаў. З намі будзе тое ж, што з іншымі жывёлінамі, — нас будуць адсочваць, вынішчаць, а мы будзем уцякаць і хавацца: царства чалавека кончылася.
Гэта думка мільганула і знікла, і мяне апанавала пачуццё голаду: я ж столькі часу не еў! Непадалёку ад ямы, за агароджаю, зарослаю чырвонаю травою, я заўважыў ацалелы кусочак саду. Гэта мяне абнадзеіла, і я пачаў прабірацца, вязнучы па калені, а то і па шыю ў чырвонай траве і адчуваючы сябе ў бяспецы пад яе прыкрыццем. Сцяна саду была каля шасці футаў вышынёю, і калі я паспрабаваў ускарабкацца на яе, аказалася, што я не магу нават падняць нагу. Я прайшоў далей паўз сцяны да вугла, дзе ўбачыў штучны пагорак, узабраўся на яго і саскочыў у сад. Тут я знайшоў некалькі цыбулін шпажніку і шмат дробнай морквы. Сабраўшы ўсё гэта, я пералез цераз разбураную сцяну і пайшоў у напрамку да К'ю паміж дрэвамі, спавітымі багровым і кармінавым зараснікам; гэта было падобна на прагулку сярод крывавых сталактытаў. Я думаў толькі пра адно: набраць чым больш ядомай садавіны і гародніны і бегчы, уцячы чым найхутчэй з гэтай праклятай, непадобнай на зямную, мясцовасці!