Непадалёку я знайшоў у траве кучку грыбоў і з'еў іх, затым наткнуўся на цёмную палоску праточнай вады — там, дзе раней былі лугі. Дробязны пажытак толькі ўзмацніў мой голад. Спачатку я не мог зразумець, адкуль узялася гэта вільгаць у разгары гарачага, сухога лета, але потым здагадаўся, што яе спарадзіў трапічна-буйны рост чырвонай травы. Як толькі гэта незвычайная расліна сустракала ваду, яна вельмі хутка дасягала гіганцкіх памераў і густа разрасталася. Яе насенне трапіла ў ваду Ўэй і Тэмзы, і хуткія на рост парасткі неўзабаве пакрылі абедзве ракі.
У Путні, як я пасля ўбачыў, мост быў амаль увесь у зарасніку травы; каля Рычманда воды Тэмзы разліліся шырокай, але неглыбокай плынню па лугах Хэмптана і Туікенхэма. Чырвоная трава ішла следам за разлівам, і неўзабаве ўсе разбураныя вілы ў даліне Тэмзы зніклі ў ружовай дрыгве, на ўскраіне якой я быў: чырвоная трава схавала сляды апусташэння, пакінутага марсіянамі.
Пасля гэта чырвоная трава знікла гэтак жа хутка, як і вырасла. Яе вынішчыла хвароба, выкліканая, наколькі можна думаць, невядомымі бактэрыямі. Справа ў тым, што дзякуючы натуральнаму адбору ўсе зямныя расліны выпрацавалі ў сабе здольнасць супраціўляцца бактэрыяльным захворванням, яны ніколі не гінуць без упартай барацьбы; але чырвоная трава засыхала на корані. Лісты яе хварэлі, зморшчваліся і станавіліся кволыя. Пры лёгкім дотыку яны адвальваліся, і вада, якая спачатку памагала росту чырвонай травы, затым выносіла яе рэшткі ў мора.
Падышоўшы да вады, я, канешне, перш-наперш наталіў смагу. Я выпіў вельмі многа і, паміраючы ад голаду, пачаў жаваць лісты чырвонай травы, але яны аказаліся вадзяністымі, мелі агідны металічны прысмак. Я ўбачыў, што тут мелка, і смела пайшоў уброд, хоць чырвоная трава спавівала мне ногі. Але па меры набліжэння да ракі станавілася ўсё глыбейшаю вада, і я павярнуў назад, у бок Мортлейка. Я стараўся трымацца дарогі, арыентуючыся па развалінах прыдарожных вілаў, па платах і ліхтарах, і нарэшце дабраўся да ўзвышша, на якім стаіць Рохэмптан, — я быў ужо ў ваколіцах Путні.
Тут ландшафт змяніўся і страціў сваю незвычайнасць: паўсюль віднеліся сляды разбурэння. Дзе-нідзе мясцовасць была настолькі апустошаная, як быццам тут пранёсся цыклон, а праз некалькі дзесяткаў ярдаў трапляліся зусім некранутыя ўчасткі, дамы з акуратна спушчанымі жалюзямі і запёртымі дзвярамі, — здавалася, што людзі пакінулі іх на дзень-два ці проста там яны мірна спалі. Чырвоная трава расла тут не так густа, высокія дрэвы ўзбоч дарогі не мелі на сабе паўзучых чырвоных парасткаў. Я шукаў пад дрэвамі што-небудзь ядомае, але нічога не знайшоў; заходзіў у два бязлюдныя дамы, але ў іх, відаць, ужо пабывалі іншыя: яны былі абрабаваныя. Рэштку дня я праляжаў у кустоўі, бо зусім выбіўся з сіл і не мог ісці далей.
За ўвесь гэты час я не сустрэў ніводнага чалавека і не бачыў нідзе марсіянаў. На вочы трапілі два паджарыя сабакі, але абодва яны ўцяклі ад мяне, хоць я іх клікаў да сябе. Каля Рохэмптана я ўбачыў два чалавечыя шкілеты — не трупы, а шкілеты, — яны былі поўнасцю аб'едзеныя; у лесе я знайшоў параскіданыя косці кошак і трусоў і авечы чэрап. Але на касцях не было нават кусочка мяса, дарэмна я іх аблізваў.
Сонца зайшло, а я ўсё плёўся па дарозе ў Путні; тут марсіяне, відаць, прымянялі цеплавы прамень. У агародзе за Рэхэмптанам я накапаў маладой бульбы і крыху пад'еў. Адтуль адкрываўся від на Путні і раку. Змрочны і бязлюдны від: счарнелыя дрэвы, чорныя закінутыя разваліны ля падножжа гары, зарослыя чырвонаю травою балоты ў даліне разлітай ракі і мёртвая цішыня. Падумаўшы пра такую хуткую перамену, я раптам адчуў нейкі страх.
Я міжвольна падумаў, што ўсё чалавецтва вынішчана, змецена з твару зямлі і што я тут стаю адзін, апошні жывы чалавек. Каля самай вяршыны Путні-Хіла я знайшоў яшчэ адзін шкілет; рукі яго былі адарваныя і ляжалі за некалькі ярдаў ад пазваночніка. Крочачы далей, я паступова пераканаўся, што ўсе людзі тут знішчаны, акрамя некаторых уцекачоў накшталт мяне. Марсіяне, відаць, пайшлі далей у пошуку ежы, кінуўшы спустошаную краіну. Можа, цяпер яны разбураюць Берлін ці Парыж, калі толькі не рушылі на поўнач…
VII. Чалавек на вяршыні Путні-Хіла
Я правёў гэтую ноч у гасцініцы на вяршыні Путні-Хіла і спаў у пасцелі ўпершыню з часоў маіх уцёкаў у Лезерхэд. Не варта расказваць, як я дарэмна ламаўся ў дом, а потым убачыў, што ўваходныя дзверы запёртыя на клямку; як я знайшоў у нейкай каморцы, здаецца, пакоі прыслугі, чэрствую скарынку, абгрызеную пацукамі, і два слоікі кансерваваных ананасаў. Нехта ўжо аблазіў дом і спустошыў яго. Пазней я знайшоў у буфеце некалькі сухароў і сандвічаў, магчыма, не заўважаных маімі пяпярэднікамі. Сандвічы былі ўжо неядомыя, сухарамі ж я не толькі наталіў голад, але і набіў кішэні. Лямпы я не паліў, баючыся, што які-небудзь марсіянін у пошуках яды завітае ў гэтую частку Лонданскага графства. Перш чым улегчыся, я доўга хадзіў ад вакна да вакна і ўглядаўся, ці няма дзе-небудзь гэтых пачвараў. Спаў я кепска. Лежачы ў пасцелі, заўважыў сам пра сябе, што разважаю лагічна, чаго не было з часу стычкі з святаром. Усе наступныя дні я або нерваваўся, або абыякава і тупа адносіўся да ўсяго. Гэтай жа ноччу мой мозг, відаць, падмацаваны сілкаваннем, праясніўся, і я зноў пачаў лагічна мысліць.