Выбрать главу

Мяне даймалі тры рэчы: забойства святара, месцапрабыванне марсіянаў і лёс маёй жонкі. Пра першае я ўспамінаў без усякага адчування страху ці мукаў сумлення; я глядзеў на гэта як на рэальны факт, пра які непрыемна ўспамінаць, але віны не адчуваў. Тады, як і цяпер, я лічу, што крок за крокам я быў падведзены да гэтай успышкі, я стаў ахвяраю непазбежных абставінаў. Я не адчуваў сябе віноўным, аднак успамін пра гэта забойства не выходзіў з галавы. У начной цішы і змроку, калі адчуваеш блізкасць бажаства, я вяршыў суд над самім сабою; упершыню мне даводзілася быць у ролі абвінавачанага ва ўчынку, здзейсненым пад уплывам гневу і страху. Я прыпомніў усе нашы размовы з часу першай сустрэчы, калі ён, седзячы каля мяне і не звяртаючы ўвагі на маю смагу, паказваў на агонь і дым сярод развалінаў Уэйбрыджа. Мы былі розныя, дзейнічаць заадно не маглі; нас звёў сляпы выпадак. Калі б я ведаў, што будзе далей, я пакінуў бы яго ў Галіфордзе. Але я не мог нічога прадбачыць; зрабіць злачынства ж — значыць прадбачыць і дзейнічаць. Я расказаў усё, як ёсць. Сведкаў няма — я мог бы затаіць сваё злачынства. Але я расказаў пра ўсё, няхай чытач судзіць мяне.

Калі ж нарэшце я прымусіў сябе не думаць пра сваё злачынства, я пачаў разважаць пра марсіянаў і пра жонку. Што да першых, то ў мяне не было даных для якіх-небудзь вывадаў, я мог прадказаць што заўгодна. Другі пункт быў не менш складаным. Ноч ператварылася ў кашмар. Я сядзеў на пасцелі, узіраючыся ў цемнату. Я Маліўся аб тым, каб цеплавы прамень раптоўна і без мучэнняў абарваў яе жыццё. Я яшчэ не маліўся пасля той ночы, калі вяртаўся з Лезерхэда. Праўда, будучы на валасок ад смерці, я мармытаў малітвы механічна, нібы язычнік свае заклінанні. Цяпер жа я маліўся па-сапраўднаму, усім сваім розумам і воляю, у змроку, які хаваў і бажаство. Дзіўная ноч! Яна падалася мне яшчэ больш незвычайнаю досвіткам, калі я, памаліўшыся богу, крадком выбіраўся з дому, як пацук, тым не менш я быў ніжэйшаю жывёлінай, якую могуць запраста злавіць і забіць. Можа, і жывёліны па-свойму моляцца богу. Гэта вайна, па крайняй меры, навучыла нас спачуваць тым пазбаўленым розуму істотам, якія знаходзяцца пад нашай уладаю.

Раніца была ясная і цёплая. На ўсходзе ружавела неба і клубіліся залатыя аблокі. На дарозе з вяршыні Путні-Хіла ў бок Уімблдона бачны былі сляды той панічнай людской плыні, якая рушыла адсюль да Лондана ноччу на панядзелак, калі пачалася бітва з марсіянамі: двухкалёсная ручная цялежка з надпісам «Томас Лоб, зяленіўшчык, Нью-Молдзен», са зламаным колам і разбітаю бляшанаю скрынкаю; чыйсьці саламяны капялюш, утаптаны на ўсохлую цяпер гразь; а на вяршыні Ўэст-Хіла — асколкі разбітага шкла з плямамі крыві каля перакуленай калоды для вадапою. Я ішоў паволі, не ведаючы, як мне далей быць. Я хацеў прабрацца ў Лезерхэд, хоць і ведаў, што адшукаць там жонку няма надзеі. Несумненна, калі смерць нечакана не заспела яе родных, то яны ўцяклі адтуль разам; але мне здавалася, што там я змог бы даведацца, куды зніклі жыхары Сэрэя. Я хацеў знайсці жонку, але не ведаў, як яе знайсці, я сумаваў па ёй, я сумаваў па ўсім чалавецтве. Я востра адчуваў сваю адзіноту. На скрыжаванні я павярнуў і накіраваўся да абшырнай Уімблдонскай раўніны.

На цёмнай глебе выдзяляліся жоўтыя плямы зелля і ракітніку; чырвонай травы не было відаць. Я асцярожна прабіраўся краем адкрытай прасторы. Між тым узышло сонца, заліваючы ўсё навокал сваім жыватворным святлом. У лужы пад дрэвам я ўбачыў вывадак галавасцікаў і спыніўся. Я глядзеў на іх, вучачыся ў іх жыццёвай упартасці. Раптам я рэзка павярнуўся: адчуў, што за мной назіраюць, і, прыгледзеўшыся, заўважыў, што нехта хаваецца ў кустах. Пастаяўшы, я зрабіў крок да кустоў; адтуль высунуўся чалавек, узброены цесаком. Я наблізіўся да яго. Ён моўчкі стаяў, не варушыўся і глядзеў на мяне.

Падышоўшы бліжэй, я ўбачыў, што ўвесь у пыле, гразі, зусім як я, — можна падумаць, што яго правалаклі праз каналізыцыйную трубу. Падышоўшы яшчэ бліжэй, я ўбачыў, што адзенне на ім усё ў зялёных плямах глею, у карычневых лапіках засохлай гліны і ў сажы. Чорныя валасы падалі на вочы, твар быў брудны, асунуты так, што я адразу не мог пазнаць чалавека. На яго падбародку чырванеў незажывелы рубец.