— Стой! — закрычаў ён, калі я падышоў да яго на адлегласці дзесяці ярдаў. Я спыніўся. Голас у яго быў хрыплы. — Адкуль вы ідзяце? — спытаў ён.
Я асцярожна назіраў за ім.
— Я іду з Мортлейка, — адказаў я. — Мяне засыпала каля ямы, якую марсіяне выкапалі каля свайго цыліндра… Я выкарабкаўся адтуль і выратаваўся.
— Тут няма ніякай ежы, — заявіў ён. — Гэта мая зямля. Увесь гэты пагорак да ракі ў той бок да Клэмхема і да выгану. Ежы тут знойдзецца толькі на аднаго. Куды вы ідзяце?
Я адказаў не адразу.
— Не ведаю, — сказаў я. — Я прасядзеў у развалінах трынаццаць ці чатырнаццаць дзён. Я не ведаю, што здарылася за гэты час.
Ён недаверліва паглядзеў на мяне, потым твар яго змяніўся.
— Я не збіраюся тут заставацца, — сказаў я, — і думаю пайсці ў Лезерхэд: там я пакінуў жонку.
Ён паказаў на мяне пальцам.
— Дык гэта вы, — спытаў ён, — чалавек з Уокінга? Дык вас не забілі пад Уэйбрыджам?
У тую ж хвіліну і я пазнаў яго.
— Вы той самы артылерыст, які зайшоў да мяне ў сад?
— Віншую! — сказаў ён. — Нам пашанцавала. Падумаць толькі, што гэта вы!
Ён падаў мне руку, я паціснуў яе.
— Я прапоўз па дажджавой трубе, — працягваў ён. — Яны не ўсіх перабілі. Калі яны пайшлі, я палямі прабраўся да Ўолтана. Але паслухайце… Не прайшло і шаснаццаці дзён, а вы зусім сівы. — Раптам ён аглянуўся цераз плячо. — Гэта грак, — сказаў ён. — Цяпер заўважаеш нават цень ад птушынага крыла. Тут вельмі ж адкрытая мясціна. Давайце схаваемся ў кусты і паталкуем.
— Вы бачылі марсіянаў? — спытаў я. — З тых часоў, як я выбраўся…
— Яны пайшлі на Лондан, — перабіў ён. — Мне думаецца, яны там учынілі вялікі лагер. Ноччу над Хэмпстэдам усё неба свеціцца. Як над вялікім горадам. І відаць, як рухаюцца іх цені. А днём іх не відаць. Бліжэй не паказваліся… — Ён палічыў на пальцах. — Вось ужо пяты дзень… Тады двое з іх цягнулі нешта вялікае к Хамерсміту. А пазамінулую ноч… — Ён спыніўся і шматзначна дадаў: — …паявіліся нейкія агні і ў паветры нешта насілася. Я думаю, яны пабудавалі лятальную машыну і спрабуюць лятаць.
Я залез глыбей у кусты і ўсеўся на зямлю.
— Значыць, з чалавецтвам будзе скончана… — сказаў я. — Калі гэта ім удасца, яны запраста абляцяць вакол свету…
Ён кіўнуў.
— Яны абляцяць. Але… Тады тут стане крыху лягчэй. Але ўрэшце… — Ён паглядзеў на мяне. — Хіба вам не ясна, што з чалавецтвам ужо пакончана? Я ў гэтым перакананы. Мы знішчаны… Разбітыя…
Я паглядзеў на яго. Як ні дзіўна, гэта думка, такая відавочная, не прыходзіла мне ў галаву. Я ўсё яшчэ крыху на нешта спадзяваўся, — відаць, па прывычцы. Ён рашуча паўтарыў:
— Разбітыя!
— Усё кончана, — сказаў ён. — Яны страцілі аднаго, толькі аднаго. Яны здорава ўмацаваліся і разбілі найвялікшую дзяржаву ў свеце. Яны растапталі нас. Гібель марсіяніна пад Уэйбрыджам была выпадковасцю. І гэтыя марсіяне толькі піянеры. Яны прадаўжаюць прыбываць. Гэтыя зялёныя зоркі, я не бачыў іх ужо пяць ці шэсць дзён, але ўпэўнены, што яны кожную ноч дзе-небудзь падаюць. Што рабіць? Мы пераможаныя. Мы разбітыя.
Я нічога не адказаў. Я сядзеў, моўчкі глядзеў перад сабою, дарэмна стараючыся чаму-небудзь пярэчыць.
— Гэта нават не вайна, — прадаўжаў артылерыст. — Хіба можа быць вайна паміж людзьмі і мурашкамі?
Я раптам успомніў ноч у абсерваторыі.
— Пасля дзесятага выстралу яны больш не стралялі з Марса, па крайняй меры да прыбыцця першага цыліндра.
— Адкуль вы ведаеце? — спытаў артылерыст.
Я растлумачыў. Ён задумаўся.
— Што-небудзь здарылася з пушкаю? — сказаў ён. — Ды толькі што з таго? Яны зноў яе наладзяць. Няхай сабе гэта зойме пэўны час, хіба гэта што зменіць? Людзі — і мурашкі. Мурашкі будуюць горад, жывуць сваім жыццём, вядуць войны, здзяйсняюць рэвалюцыі, пакуль яны не перашкаджаюць людзям; калі ж яны перашкаджаюць, то іх проста прыбіраюць са свету. Мы сталі цяпер мурашкамі. Толькі…
— Што? — спытаў я.
— Мы ядомыя мурашкі.
Мы моўчкі пераглянуліся.
— А што яны з намі зробяць? — спытаў я.
— Вось пра гэта я і думаю, — адказаў ён, — увесь час думаю. З Уэйбрыджа я пайшоў на ўсход і ўсю дарогу думаў. Я назіраў. Людзі страцілі розум, яны нылі і хваляваліся. Я не люблю ныць. Мне даводзілася глядзець смерці ў вочы. Я не алавяны салдацік і ведаю, што паміраць, — добра гэта ці дрэнна, — усё роўна давядзецца. А выратуецца той, хто не згубіць галаву. Я бачыў, што ўсе накіраваліся на ўсход. Я сказаў сабе: «Ежы там не хопіць на ўсіх», і павярнуў у адваротны бок. Я харчаваўся каля марсіянаў, як верабей каля чалавека. А яны там, — ён паказаў рукою, — дохнуць ад голаду, топчуць і рвуць адзін аднаго…