Ён паглядзеў на мяне і неяк збянтэжыўся.
— Канешне, — сказаў ён, — многім, у каго былі грошы, удалося ўцячы ў Францыю. — Ён зноў паглядзеў на мяне з нейкім вінаватым выглядам і прадаўжаў: — Ежы тут дастаткова. У лаўках ёсць кансервы, віно, спірт, мінеральныя воды; а калодзежы і вадаправоды пустыя. Дык вось, я вам скажу, пра што я калі-нікалі думаў. Яны разумныя істоты, сказаў я сабе, і, здаецца, хочуць нас пажыраць. Спачатку яны знішчаць нашы караблі, машыны, пушкі, гарады, увесь парадак і арганізацыю. Усё гэта будзе разбурана. Калі б мы былі такія маленькія, як мурашкі, мы б маглі сігануць у якую-небудзь шчыліну. Але мы не мурашкі. Мы занадта вялікія для гэтага. Вось мой першы вывад. Ну што?
Я пагадзіўся.
— Вось пра што я падумаў перш за ўсё. Ладна, цяпер далей: нас можна лавіць як заўгодна. Варта марсіяніну толькі прайсці некалькі міляў, каб натрапіць на кучу людзей. Я бачыў, як адзін марсіянін у ваколіцах Уондсварта разбураў дамы і капашыўся ў абломках. Але так паводзіць сябе яны будуць нядоўга. Як толькі яны знішчаць нашы пушкі і караблі, разбураць чыгункі і зробяць усё, што збіраюцца зрабіць, то пачнуць лавіць нас сістэматычна, выбіраць лепшых, запіраць іх у клеткі. Вось што яны пачнуць неўзабаве рабіць. Яны яшчэ не ўзяліся за нас як трэба! Хіба вы не бачыце?
— Не ўзяліся?! — усклікнуў я.
— Не, не ўзяліся. Усё, што адбылося, адбылося па нашай віне: мы не зразумелі, што трэба сядзець спакойна, дакучалі ім нашымі гарматамі і рознай ерундою. Мы страцілі галовы і кучамі кідаліся ад іх туды, дзе небяспека была такой жа. Ім пакуль не да нас. Яны заняты сваёю справаю, майструюць тое, што не змаглі захапіць з сабою, рыхтуюцца сустрэць тых, хто павінен яшчэ прыбыць. Магчыма, што цыліндры часова перасталі падаць таму, што марсіяне баяцца трапіць на сваіх жа. Замест таго каб, як быдла, кідацца ў розныя бакі ці наладжваць дынамічныя падкопы, спадзеючыся ўзарваць пачвараў, нам трэба было б дастасавацца да новых умоў. Вось што я думаю. Гэта не зусім тое, да чаго імкнулася да гэтага часу чалавецтва, але затое гэта адпавядае патрабаванням жыцця. Я і дзейнічаў, кіруючыся гэтым прынцыпам. Гарады, дзяржавы, цывілізацыя, прагрэс — усё гэта ў мінулым. Гульня прайграная. Мы разбітыя.
— Але калі так, то навошта тады жыць?
Артылерыст з хвіліну глядзеў на мяне.
— Так, канцэртаў не будзе, магчыма, на працягу бліжэйшага мільёна гадоў ці каля гэтага; не будзе Каралеўскай акадэміі мастацтваў, не будзе рэстаранаў з закускамі. Калі вы гоніцеся за гэтымі дабротамі, я думаю, што ваша карта бітая. Калі вы свецкі чалавек, не можаце есці гарошак нажом ці смаркацца без хустачкі, то лепш забудзьцеся гэта. Гэта ўжо нікому не патрэбна.
— Вы хочаце сказаць…
— Я хачу сказаць, што людзі, падобныя на мяне, будуць жыць дзеля прадаўжэння чалавечага роду. Я асабіста цвёрда вырашыў жыць. І калі я не памыляюся, вы таксама неўзабаве пакажаце, на што вы здольны. Нас не вынішчаць. Не. Я не хачу, каб мяне злавілі, прыручылі, адкормлівалі і гадавалі, як быка. Бр… Успомніце толькі гэтых карычневых спрутаў.
— Вы хочаце сказаць…
— Іменна. Я буду жыць. Пад іх пятою. Я ўсё разлічыў, пра ўсё падумаў. Мы, людзі, разбітыя. Мы надта мала ведаем. Мы яшчэ многаму павінны вучыцца, перш чым спадзявацца на поспех. І мы павінны жыць і зберагчы сваю свабоду, пакуль будзем вучыцца. Зразумела? Вось што нам трэба рабіць.
Я глядзеў на яго са здзіўленнем, глыбока крануты гэтай рашучасцю.
— Божа мой! — усклікнуў я. — Дык вы сапраўдны чалавек. — Я схапіў яго за руку.
— Праўда? — сказаў ён, і яго вочы ўспыхнулі. — Здорава я ўсё прыдумаў?
— Працягвайце, — сказаў я.
— Тыя, хто не хоча трапіць у палон, павінны быць гатовымі да ўсяго. Я гатовы да ўсяго. Не кожны чалавек здольны ператварыцца ў дзікага звера. Таму я і прыглядаўся да вас. Я сумняваўся ў вас. Вы худы, сухі. Я ж не ведаў, што вы той чалавек з Уокінга; не ведаў, што вы былі зажыва пахаваны. Усе людзі, якія жылі ў гэтых дамах, усе гэтыя нікчэмныя канцылярскія чынушы нічога не вартыя. У іх няма мужнасці, няма гордасці, яны пазбаўлены здольнасці жадаць і марыць. А без гэтага чалавек — нішто. Яны вечна спяшаюцца на работу, — я бачыў іх тысячамі, — са сняданкам у кішэні, яны бягуць, як вар'яты, думаючы толькі пра тое, як бы трапіць на цягнік, баяцца, што іх звольняць, калі яны спозняцца. Працуюць яны абыякава; потым спяшаюцца дамоў, баючыся спазніцца на абед; вечарам сядзяць дома, бо асцерагаюцца хадзіць па глухіх вуліцах; спяць з жонкамі, з якімі ажаніліся з-за грошай, спадзеючыся добра забяспечыць свой нікчэмны лёс. Жыццё іх падстрахавана ад няшчасных выпадкаў. У нядзельныя дні яны дрыжаць за сваю душу. Як быццам пекла створана для трусападобных! Такім людзям, безумоўна, марсіяне будуць усяляк спрыяць. Чыстыя прасторныя клеткі, дастатковае харчаванне, парадак і нагляд, ніякіх клопатаў. Пабегаўшы з пустым страўнікам па палях і лугах, яны самі прыйдуць і не пакрыўдзяцца, калі іх зловяць. А праз нейкі час нават будуць рады. Яны будуць здзіўляцца, як гэта раней яны жылі без марсіянаў. Уяўляю ўсіх гэтых гуляк, сутэнёраў і святош… Магу ўявіць, — дадаў ён з нейкай незразумелаю ўхмылкаю. — Сярод іх арганізуюцца розныя секты… Многае з таго, што я бачыў раней, я зразумеў поўна толькі ў апошнія дні. Будзе многа адкормленых вар'ятаў, якія проста змірацца з усім, іншыя ж будуць мучыцца тым, што гэта несправядліва і што яны павінны пайсці на нешта важнае. Калі большасць людзей мае патрэбу ў нейкай важнай справе, слабыя і тыя, каторыя самі сябе расслабляюць бясконцымі разважаннямі, прыдумляюць рэлігію, бяздзейсную, з пропаведдзю пакорнасці перад сілаю, перад божаю воляй. Вы, напэўна, з гэтым сустракаліся. Гэта — прыхаваная боязь, абы быць далей ад справы. У гэтых клетках яны будуць набожна распяваць псалмы і малітвы. А іншыя, не такія прастакі, будуць займацца — як гэта назваць? — эротыкай.