Выбрать главу

Ён змоўк.

— Магчыма, марсіяне выхаваюць з некаторых людзей сваіх любімчыкаў, навучаць іх розным фокусам, хто ведае! Можа, ім раптам стане шкада якога-небудзь хлопчыка, які вырас на іх вачах і якога трэба зарэзаць. Асобных яны, магчыма, навучаць паляваць на нас…

— Не! — усклікнуў я. — Гэтага быць не можа. Ніводзін чалавек…

— Навошта сябе абманваць? — перабіў артылерыст. — Знойдуцца людзі, якія з радасцю будуць гэта рабіць. Толькі вар'яты могуць дапусціць, што такіх няма.

Я не мог з ім пагадзіцца.

— Паспрабавалі б яны мяне ўпаляваць, — працягваў ён. — Божа мой! Паспрабавалі б толькі! — паўтарыў ён, і яго паланіў змрочны роздум.

Я сядзеў, абдумваючы яго словы. Я не знаходзіў ніякіх пярэчанняў супраць довадаў гэтага чалавека. Да таго, як марсіяне напалі, ніхто і не падумаў бы спрачацца наконт маёй інтэлектуальнай перавагі над ім: я вядомы пісьменнік па філасофскіх пытаннях, ён просты салдат; цяпер жа ён значна апярэдзіў падзеі, якія я нават не мог усвядоміць.

— Што ж вы думаеце рабіць? — спытаў я нарэшце. — Якія вашы планы?

Ён памаўчаў.

— Вось што я вырашыў, — сказаў ён. — Што нам застаецца рабіць? Трэба прыдумаць якісьці спосаб жыцця, каб людзі маглі жыць, размнажацца і адносна смела гадаваць дзяцей. Зараз я скажу больш ясна, што трэба рабіць. Тыя, каго прыручаць, стануць падобныя на свойскіх жывёлаў; праз некалькі пакаленняў гэта будуць вялікія, прыгожыя, выкармленыя стварэнні. Што да нас, вольных людзей, то мы рызыкуем здзічэць, ператварыцца ў нейкіх дзікіх пацукоў… Вы разумееце, я маю на ўвазе жыццё пад зямлёю. Я шмат думаў пра каналізацыйную сетку. Вядома, таму, хто яе не ведае, яна здаецца жахлівай. Пад адным толькі Лонданам каналізацыйныя трубы цягнуцца на сотні міляў; некалькі дажджлівых дзён — і ў пустым горадзе трубы стануць прыдатнымі і чыстымі. Галоўныя трубы дастаткова свабодныя, паветра ў іх таксама дастаткова. Потым ёсць яшчэ скляпы, склады, падвалы, адкуль можна правесці па трубах патайныя хады. А чыгуначныя тунэлі і метрапалітэн? А? Вы разумееце? Мы ўтворым цэлую шайку з моцных, кемлівых людзей. Мы не будзем падбіраць усякую дрэнь. Слабых будзем выкідваць.

— Як хацелі выкінуць мяне?

— Дык я ж уступіў у перагаворы…

— Не будзем спрачацца пра гэта. Прадаўжайце.

— Тыя, што застануцца, павінны падпарадкавацца дысцыпліне. Нам спатрэбяцца таксама здаровыя, сумленныя жанчыны — маткі і выхавацельніцы. Толькі не сентыментальныя дамы, не тыя, што строяць вочкі. Мы не можам прымаць слабых і бязглуздых. Жыццё зноў становіцца першабытным, і тыя, хто бескарысны, хто з'яўляецца толькі абузаю і прыносіць шкоду, павінны памерці. Усе яны павінны вымерці. Яны павінны самі хацець смерці. У рэшце рэшт гэта несумленна — жыць і сароміць сваё племя. Усё роўна яны не могуць быць шчаслівымі. Да таго ж смерць не такая і страшная, гэта баязлівасць робіць яе страшнаю. Мы не будзем збірацца тут. Нашаю акругаю будзе Лондан. Мы нават зможам выстаўляць варту і выходзіць на адкрытае паветра, калі марсіяне будуць далёка. Нават пагуляць сяды-тады ў крыкет. Вось як мы захаваем свой род. Ну як? Магчыма такое ці не? Але выратаваць свой род — гэтага яшчэ мала. Для гэтага дастаткова быць пацукамі. Не, мы павінны ўратаваць назапашаныя веды і нават павялічыць іх. Для гэтага патрэбны такія людзі, як вы. Ёсць кнігі, ёсць узоры. Мы павінны наладзіць пад зямлёю надзейныя сховішчы і сабраць туды ўсе кнігі, якія толькі набудзем. Не якія-небудзь раманы, вершыкі і да таго падобную дробязь-лухту, а слушныя, навуковыя кнігі. Тут якраз і спатрэбяцца людзі накшталт вас. Нам трэба будзе прабрацца ў Брытанскі музей і захапіць усе такія кнігі. Мы не павінны забываць пра нашу навуку: мы павінны вучыцца як мага больш. Мы павінны назіраць за марсіянамі. Некаторыя з нас павінны стаць шпіёнамі. Калі ўсё будзе наладжана, я сам, магчыма, пайду ў шпіёны. Гэта значыць дам сябе злавіць. І самае галоўнае — мы не павінны чапаць марсіянаў. Мы не павінны нічога красці ў іх. Калі мы апынімся на іх шляху, мы павінны саступаць. Мы павінны паказаць ім, што мы не задумваем нічога кепскага. Толькі так. Яны разумныя істоты і не будуць вынішчаць нас, калі будуць мець усё, што ім трэба, і калі яны будуць упэўнены, што мы проста бясшкодныя чэрві.