Выбрать главу

Артылерыст змоўк і паклаў мне на плячо сваю загарэлую руку.

— У рэшце рэшт нам, можа, і не так ужо многа давядзецца вучыцца, перш чым… Вы толькі ўявіце: чатыры ці пяць баявых іх трыножкаў раптам пачнуць рухацца… Цеплавы прамень направа і налева… І на іх не марсіяне, а людзі, людзі, якія навучыліся імі кіраваць. Магчыма, я яшчэ ўбачу такіх людзей. Уявіце, што мы маем адну з такіх цудоўных машын, ды яшчэ цеплавы прамень, які вы можаце кідаць куды хочаце. Уявіце, што вы ўсім гэтым кіруеце! Не бяда, калі пасля такога вопыту ўзляціш у паветра і будзеш разарваны на часткі. Уяўляю, як марсіяне вылупяць ад здзіўлення свае бельмы! Хіба вы не можаце ўявіць гэта? Хіба не бачыце, як яны бягуць, спяшаючыся, задыхаючыся, пыхкаючы, вухкаючы, да другіх машынаў? І вось усюды што-небудзь не ў парадку. І раптам свіст, грукат, гром, трэск! Толькі яны пачнуць іх наладжваць, як мы пусцім цеплавы прамень, — і — глядзіце! — чалавек зноў авалодвае Зямлёю!

Палкае ўяўленне артылерыста, яго ўпэўнены тон і адвага зрабілі на мяне вялікае ўражанне. Я без агаворак паверыў і ў яго прадказанне аб лёсе чалавецтва, і ў магчымае здзяйсненне яго смелых планаў. Чытач, які палічыць мяне занадта даверлівым і наіўным, павінен параўнаць сваё становішча з маім: ён без спешкі чытае ўсё гэта і можа спакойна разважаць, а я ляжаў, скурчыўшыся, у кустах, змардаваны страхам, прыслухоўваючыся да самага нязначнага шоргату.

Цэлую раніцу мы гаварылі на гэту тэму, потым вылезлі з кустоў і, паглядзеўшы па баках, ці няма марсіянаў, хутка накіраваліся к дому на Путні-Хіле, дзе артылерыст наладзіў сваё логава. Гэта быў вугальны склад пры доме, і калі я паглядзеў, што яму ўдалося зрабіць за цэлы тыдзень (гэта была нара ярдаў шэсць даўжынёю, якую ён меркаваў злучыць з галоўнай сцёкавай трубою Путні-Хіла), я спачатку падумаў, якая прорва аддзяляе яго мары ад яго магчымасцяў. Такую нару я мог бы выкапаць за адзін дзень. Але я верыў у яго і важдаўся разам з ім над гэтаю нарою да паўдня. У нас была садовая тачка, і мы адвозілі выкапаную зямлю на кухню. Мы падмацаваліся бляшанкаю кансерваў — суп з цялячай галавы — і віном. Упартая, цяжкая праца давала мне дзіўную палёгку — яна прымушала забывацца пра чужы і жудасны свет вакол нас. Пакуль мы працавалі, я абдумваў яго праект, і ў мяне пачалі ўзнікаць сумненні; але я старанна капаў усю раніцу, радуючыся, што магу заняцца якою-небудзь справаю. Папрацаваўшы каля гадзіны, я пачаў вылічваць адлегласць да цэнтральнага сцёку і задумвацца над тым, а ці правільны мы ўзялі напрамак. Потым я пачаў сумнявацца: навошта нам, уласна кажучы, капаць доўгі тунель, калі можна пранікнуць у сетку сцёчных трубаў праз адну з выхадных адтулінаў і адтуль капаць праход к дому? Акрамя таго, мне здавалася, што і дом выбраны няўдала: занадта доўгі тунель патрэбны. Якраз у гэты момант артылерыст перастаў капаць і паглядзеў на мяне.

— Трэба крыху адпачыць… Я думаю, пара пайсці паназіраць са страхі…

Я ўгаворваў яго працягваць працу; пасля некаторых ваганняў ён зноў узяўся за лапату. Раптам мне прыйшла ў галаву дзіўная думка. Я спыніўся; ён перастаў капаць.

— Чаму вы разгульвалі па выгане, замест таго каб капаць? — спытаў я.

— Проста хацеў асвяжыцца, — адказаў ён. — Я ўжо ішоў назад. Ноччу больш бяспечна.

— А як жа работа?

— Нельга ж увесь час працаваць, — сказаў ён, і нечакана я зразумеў, што гэта за чалавек. Ён марудзіў, трымаючы ў руках рыдлёўку. — Трэба ісці на разведку, — сказаў ён. — Калі хто-небудзь падыдзе блізка, то можа пачуць, як мы капаем, і нас заспеюць знянацку.