Выбрать главу

Я не пярэчыў. Мы палезлі на гарышча і, стоячы на лесвічцы, глядзелі ў слыхавое вакно. Марсіянаў нідзе не было відаць; мы вылезлі на дах і з'ехалі па чарапіцы ўніз, пад прыкрыцце парапета.

Большая частка Путні-Хіла была закрыта дрэвамі, але мы ўбачылі ўнізе раку, зарослую чырвонаю травою, і раўніну Ламбета, чырвоную, залітую вадою. Чырвоныя ўюны карабкаліся па дрэвах вакол старадаўняга палаца; голле, сухое і мёртвае, з бляклымі лістамі, тырчала сярод пучкоў чырвонай травы. Дзіўна, што гэта трава магла распаўсюджвацца толькі ў праточнай вадзе. Каля нас яе зусім не было. Тут сярод лаўраў і дрэвападобных гартэнзіяў раслі залаты дождж, ружовы баярышнік, каліна і вечназялёныя дрэвы. Густы дым, які падымаўся за Кенсінгтанам, і блакітнаватая пялёнка скрадвалі пагоркі на поўначы.

Артылерыст пачаў расказваць мне пра людзей, што засталіся ў Лондане.

— На мінулым тыдні нейкія вар'яты запалілі электрычнасць. Па ярка асветленай Рыджант-стрыт і Сэркес разгульвалі натоўпы размалёваных, ашалелых п'яніцаў, мужчыны і жанчыны весяліліся і скакалі да раніцы. Мне расказваў пра гэта адзін чалавек, які там быў. А калі развіднела, яны заўважылі, што баявы трыножак стаіць непадалёку ад Ленгхэма і марсіянін назірае за імі. Бог ведае, колькі часу ён там стаяў. Потым ён рушыў на іх і нахапаў больш за сотню людзей — ці п'яных, ці разгубленых ад спалоху.

Цікавы штрых таго часу, пра які наўрад ці дасць уяўленне гісторыя!

Пасля гэтага аповеду, падагрэты маімі пытаннямі, артылерыст зноў перайшоў да сваіх грандыёзных планаў. Ён вельмі ж захапіўся. Пра магчымасць захапіць трыножкі ён гаварыў так красамоўна, што я зноў пачаў яму верыць. Але паколькі я цяпер разумеў, з кім маю справу, я ўжо не здзіўляўся, што ён папярэджвае, перасцерагае ад празмернай паспешнасці. Я заўважыў таксама, што ён ужо не збіраецца сам захапіць трыножак і змагацца.

Потым мы вярнуліся ў вугальны склеп. Ніхто з нас асабліва не хацеў зноў прыняцца за работу, і калі ён прапанаваў перакусіць, я ахвотна пагадзіўся. Ён нечакана стаў надзвычай шчодры; пасля таго, як мы паелі, ён кудысьці пайшоў і вярнуўся з выдатнымі сігарамі. Мы закурылі, і яго аптымізм павялічыўся. Ён, відаць, лічыў, што маё паяўленне трэба адсвяткаваць.

— У склепе ёсць шампанскае, — сказаў ён.

— Калі мы хочам працаваць, то лепш абмежавацца бургундскім, — адказаў я.

— Не, — сказаў ён, — сёння я частую. Шампанскае! Божа мой! Мы яшчэ паспеем напрацавацца. Перад намі нялёгкая задача. Трэба адпачыць і набрацца сілы, пакуль ёсць час. Паглядзіце, якія ў мяне на руках мазалі!

Пасля яды, зыходзячы з тых меркаванняў, што сёння свята, ён прапанаваў згуляць у карты. Ён навучыў мяне гуляць у юкр, і, падзяліўшы паміж сабою Лондан (прычым мне дасталася паўночная частка, а яму паўднёвая), мы пачалі гуляць на парафіяльныя ўчасткі. Гэта можа здацца недарэчным і нават неразумным, але я дакладна апісваю тое, што было, і больш за ўсё здзіўляе тое, што гэта гульня мяне захапіла.

Дзіўна арганізаваны чалавек! У той час, калі чалавецтву пагражала гібель ці выраджэнне, мы, пазбаўленыя якой-небудзь надзеі, пад пагрозаю страшэннай смерці, сядзелі і сачылі за выпадковымі камбінацыямі размалёванага кардону і з азартам «хадзілі з казыра». Потым ён навучыў мяне гуляць у покер, а я выйграў у яго тры партыі ў шахматы. Калі сцямнела, мы, каб не перапыняць гульні, адважыліся нават запаліць лямпу.

Пасля бясконцай серыі гульняў мы павячэралі, і артылерыст дапіў шампанскае. Увесь вечар мы курылі сігары. Гэта быў ужо не той поўны энергіі ўзнаўляльнік роду чалавечага, каторага я сустрэў раніцаю. Ён быў па-ранейшаму настроены аптымістычна, але яго аптымізм насіў цяпер менш экспансіўны характар. Помню, ён піў за маё здароўе, сказаўшы пры гэтым не вельмі зразумелую прамову, у якой шмат разоў паўтарыў адно і тое ж. Я закурыў сігару і пайшоў наверх паглядзець на зялёныя агні, пра якія ён мне гаварыў, якія гарэлі ўздоўж пагоркаў Хайгета.

Я бяздумна ўзіраўся ў даліну Лондана. Паўночныя ўзвышанасці былі ахутаны змрокам; каля Кенгсінгтана свяцілася зарыва, сяды-тады чырвона-аранжавы язык полымя вырываўся ўверх і знікаў у цёмнай начной сіняве. Лондан быў у цемнаце. Неўзабаве я заўважыў непадалёку якоесьці дзіўнае святло; бледны, фіялетава-чырвоны, фасфарасцыраваны вобліск, які дрыжаў на начным ветры. Спачатку я не мог зразумець, што гэта такое, потым здагадаўся, што гэта фасфарасцыруе чырвоная трава. Дрымотная свядомасць прачнулася ўва мне; я зноў пачаў унікаць у адпаведнасць з'яў. Я паглядзеў на Марс, які зіяў чырвоным агнём на захадзе, а пасля доўга і пільна ўзіраўся ў цемнату, у бок Хэмстада і Хайгета.