Доўга я прасядзеў на страсе, успамінаючы перыпетыі гэтага працяглага дня. Я стараўся аднавіць скачкі свайго настрою, пачынаючы з малітвы мінулай ноччу і заканчваючы гэтай ідыёцкай гульнёю ў карты. Самому сабе стала агідна. Помню, як я амаль сімвалічным жэстам адкінуў сігару. Раптоўна я зразумеў усю сваю неразумнасць. Мне здавалася, што я здрадзіў жонцы, здрадзіў чалавецтву. Я глыбока раскайваўся. Я вырашыў пакінуць гэтага дзіўнага неўтаймоўнага летуценніка з яго п'янствам і пражорлівасцю і ісці ў Лондан. Там, мне здавалася, я хутчэй за ўсё даведаюся, што робяць марсіяне і мае сабраты — людзі. Калі нарэшце ўзышоў месяц, я ўсё яшчэ стаяў на страсе.
VIII. Мёртвы Лондан
Пакінуўшы артылерыста, я спусціўся з узвышша і пайшоў па Хайстрыт цераз мост к Ламбету. Чырвоная трава ў той час яшчэ буйна расла і аплятала парасткамі ўвесь мост; дарэчы, яе сцяблінкі ўжо пакрыліся белаватым налётам; пагубная хвароба хутка распаўсюджвалася.
На рагу вуліцы, што вяла да вакзала Путні-брыдж, валяўся чалавек, брудны, як камінар. Ён быў жывы, але п'яны да непрытомнасці, нават не мог гаварыць. Я ад яго нічога не дабіўся, акрамя лаянкі і спробаў ударыць мяне. Я адышоўся, здзіўлены дзікім выразам яго твару.
За мостам, на дарозе, ляжаў слой чорнага пылу, па меры набліжэння да Фулхема ён станавіўся ўсё таўсцейшым. На вуліцах мёртвая цішыня. У булачнай я знайшоў крыху хлеба, праўда, ён быў кіслы, чэрствы і пазелянеў, але заставаўся яшчэ ядомым. Далей к Уолхем-Грыну на вуліцах не было чорнага пылу, і я прайшоў міма белых дамоў, якія гарэлі. Нават трэск пажару здаваўся мне прыемным. Яшчэ далей, каля Бромптана, на вуліцах зноў мёртвая цішыня.
Тут я зноў убачыў чорны пыл на вуліцах і мёртвыя целы. На працягу Фулхем-роўд я налічыў каля дванаццаці трупаў. Яны былі напалову засыпаны чорным пылам, ляжалі, відаць, многа дзён; я хутка абыходзіў іх. Некаторых абгрызлі сабакі.
Там, дзе не было чорнага пылу, горад меў абсалютна гэткі самы від, як у звычайную нядзелю: магазіны зачыненыя, дамы замкнутыя, шторы спушчаныя, ціха і бязлюдна. У многіх месцах былі відаць сляды рабавання — часцей за ўсё вінных і гастранамічных магазінаў. Шкло вітрыны ювелірнага было разбіта, але, відаць, злодзею перашкодзілі: залатыя ланцужкі і гадзіннікі валяліся на бруку. Я нават не нагнуўся падняць іх. У адным пад'ездзе на ступеньках ляжала жанчына ў лахманах; рука, якая звісала з калена, была рассечана, і кроў заліла тонкую цёмную сукенку. У лужы шампанскага тырчала вялікая разбітая бутэлька. Здавалася, што жанчына спіць, але яна была мёртвая.
Чым далей я паглыбляўся ў Лондан, тым больш цяжкаю станавілася цішыня. Але гэта было не маўчанне смерці, а хутчэй цішыня напружанага чакання. Кожную хвіліну цеплавыя промні, што спалілі ўжо паўночна-заходнюю частку сталіцы і знішчылі Ілінг і Кілберн, маглі дакрануцца і да гэтых дамоў і ператварыць іх у дымныя разваліны. Гэта быў пакінуты і асуджаны горад…
У Паўднёвым Кенсінгтане чорнага пылу і трупаў на вуліцах не было. Тут я ўпершыню пачуў выццё. Я не адразу зразумеў, што гэта такое. Гэта было няспыннае жаласлівае чаргаванне дзвюх нотаў: «Улла… улла… улла… улла…». Калі я ішоў па вуліцах, што вялі на поўнач, выццё станавілася больш гучнае; будынкі, здавалася, то прыглушалі яго, то ўзмацнялі. Асабліва гулка аддавалася яно на Эксібішт-роўд. Я спыніўся і паглядзеў на Кенсінгтанскі парк, прыслухоўваючыся да аддаленага дзіўнага выцця. Здавалася, усе гэтыя апусцелыя будынкі набылі голас і скардзіліся на страх і адзіноцтва.
«Улла… улла… улла… улла…» — раздаваўся гэты нечалавечы плач, і хвалі гукаў разыходзіліся па шырокай сонечнай вуліцы сярод высокіх будынкаў. У недаўменні я павярнуў на поўнач, да жалезнай брамы Гайд-парка. Я думаў зайсці ў Натурала-гістарычны музей, залезці на вежу і паглядзець на парк зверху. Потым я вырашыў застацца ўнізе, дзе можна было лягчэй схавацца, і пайшоў далей па Эксбішт-роўд. Вялізныя будынкі паабапал дарогі былі пустыя, мае крокі ў цішыні аддаваліся гулкім рэхам.
Наверсе, недалёка ад паркавай брамы, я ўбачыў незвычайную карціну — перакулены амнібус і конскі шкілет, поўнасцю абгрызены. Пастаяўшы крыху, я пайшоў далей да моста цераз Серпентайн. Выццё станавілася ўсё мацнейшае, хоць на поўнач ад парка над стрэхамі дамоў нічога не было відаць, толькі на паўночным захадзе падымалася дымавая пялёнка.
«Улла… улла… улла… улла…» — выў голас, як мне здавалася, аднекуль з боку Рыджэнт-парка. Гэты адзінокі жаласлівы гул засмучаў. Уся мая смеласць знікла. Мяне ахапіў сум. Я адчуў, што страшэнна стаміўся, нацёр ногі, што мяне мучыць голад і смага.