Было ўжо за поўдзень. Навошта я хаджу па гэтым горадзе мёртвых, чаму я адзін жывы, калі ўвесь Лондан ляжыць, як труп у чорным саване? Я адчуў сябе бясконца адзінокім. Успомніў былых сяброў, даўно забытых. Падумаў пра атруты ў аптэках, пра алкаголь у скляпах вінагандляроў; успомніў пра двух няшчасных, якія, як я думаў, разам са мною валодаюць усім Лонданам…
Праз Мармуровую арку я выйшаў на Оксфард-стрыт. Тут зноў былі трупы і чорны пыл; з падвальных закратаваных люкаў некаторых дамоў даносіўся пах тлення. Ад доўгага блукання па гарачыні мяне даймала смага. З вялікай цяжкасцю мне пашанцавала пранікнуць у якісьці рэстаран і набыць ежы і пітва. Потым, адчуўшы моцную стомленасць, я прайшоў у гасціную за буфетам, уклаўся на чорную канапу, набітую конскім воласам, і заснуў.
Калі я прачнуўся, праклятае выццё па-ранейшаму раздавалася ў вушах: «Улла… улла… улла… улла…». Цямнела. Я знайшоў у буфеце некалькі сухароў і сыру — там быў поўны абед, але ад ежы засталіся толькі клубкі чарвей. Я адправіўся на Бэйкер-стрыт па пустых скверах, — магу прыпомніць назву толькі аднаго з іх: Портмен-сквер, — і нарэшце выйшаў к Рыджэнт-парку. Калі я спускаўся з Бейкер-стрыт, то ўбачыў удалечыні над дрэвамі, на светлым фоне неба, каўпак гіганта-марсіяніна, які і выдаваў гэта выццё. Я ніяк не напалохаўся. Я спакойна ішоў прама на яго. Некалькі хвілін я назіраў за ім: ён не рухаўся. Відаць, ён проста стаяў і выў, і не мог здагадацца, што азначае гэта няспыннае выццё.
Я спрабаваў прыняць якое-небудзь рашэнне. Але няспыннае выццё «улла… улла… улла… улла…» перашкаджала мне засяродзіцца. Магчыма, прычынаю майго бясстрашша была стомленасць. Мне захацелася разгадаць прычыну гэтага манатоннага выцця. Я павярнуў назад і выйшаў на Парк-роўд, намерваючыся абагнуць парк; я пралез пад прыкрыццем тэрасаў, каб паглядзець на гэтага нерухомага марсіяніна з боку Сент-Джонс-Вуда. Адышоўшыся ярдаў на дзвесце ад Бэйкер-стрыт, я пачуў рознагалосы сабачы брэх і ўбачыў спярша аднаго сабаку з куском гнілога чырвонага мяса ў зубах, які на злом галавы ляцеў на мяне, затым — цэлую зграю галодных бадзяжных псоў, якія гналіся за ім. Сабака зрабіў круты паварот, каб абагнуць мяне, як быццам баяўся, што я адаб'ю ў яго здабычу. Калі брэх заціх удалечыні, паветра зноў напоўнілася выццём: «Улла… улла… улла… улла…».
На паўшляху да вакзала Сент-Джонс-Вуд я напаткаў зламаную мнагарукую машыну. Спачатку я падумаў, што ўпоперак вуліцы ляжыць разбураны дом. Толькі прабраўшыся сярод абломкаў, я са здзіўленнем убачыў, што механічны Самсон з пакарабачанымі, зламанымі і скручанымі шчупальцамі ляжыць пасярод развалін, якія ён сам награмаздзіў. Пярэдняя частка машыны была разбіта ўшчэнт. Відаць, машына наскочыла на дом і, разбурыўшы яго, засела ў развалінах. Гэта магло адбыцца пры ўмове, калі машыну кінулі на волю лёсу. Я не мог узабрацца на абломкі і таму не бачыў у наступаючай цемнаце запырсканае кроўю сядзенне і абгрызены сабакамі храсток марсіяніна.
Ашаломлены ўсім убачаным, я накіраваўся к Прымроз-Хілу. Удалечыні праз дрэвы я ўбачыў другога марсіяніна, такога ж нерухомага, як і першы; ён моўчкі стаяў у парку бліз Заалагічнага сада. Далей за развалінамі, што акружылі паламаную мнагарукую машыну, я зноў убачыў чырвоную траву; увесь Рыджэнт-канал зарос губчатай цёмна-чырвонай расліннасцю.
Калі я пераходзіў мост, няспыннае выццё «улла… улла… улла… улла…» раптам абарвалася. Здавалася, нехта яго перапыніў. Нечаканая цішыня ўразіла так, як грамавы ўдар.
З усіх бакоў мяне абступалі высокія, цёмныя, пустыя дамы; дрэвы бліжэй да парка станавіліся больш чорныя. Сярод развалін расла чырвоная трава; яе парасткі быццам падпаўзлі да мяне. Надыходзіла ноч, маці страху і тайны. Пакуль гучаў гэты голас, я неяк мог пераносіць адзіноту, яна была яшчэ цярпімаю; Лондан здаваўся мне яшчэ жывым, і я бадзёрыўся. І раптам гэта перамена! Нешта адбылося — я не ведаў што, — і настала амаль адчувальная цішыня. Мёртвы спакой.
Лондан глядзеў на мяне, як прывід. Вокны ў пустых дамах былі падобныя на вочныя ўпадзіны чэрапа. Мне здавалася, што ка мне падкрадваюцца тысячы ворагаў. Мяне ахапіў жах, я спалохаўся сваёй дзёрзкасці. Вуліца наперадзе стала чорная, як быццам яе вымазалі дзёгцем, і я заўважыў якісьці сутаргава скрыўлены цень упоперак дарогі. Я не мог прымусіць сябе ісці далей. Звярнуўшы на Сент-Вуд-роўд, пабег к Кілберну, ратуючыся ад гэтага невыноснага маўчання. Я схаваўся ад ночы і цішыні ў рамізніцкай будцы на Хароў-роўд. Я прасядзеў там амаль усю ноч. На досвітку я крыху падбадзёрыўся і пад мігатлівымі зорамі пайшоў к Рыджэнт-парку. Я заблудзіўся і раптам убачыў у канцы доўгай вуліцы ў перадранішніх прыцемках мудрагелістыя абрысы Прымроз-Хіла. На вяршыні, падымаючыся высока насустрач мігатлівым зоркам, стаяў трэці марсіянін, гэткі ж прамы і нерухомы, як і астатнія.