Я рашыўся на рызыкоўны ўчынак. Лепш памерці і пакончыць з усім. Тады мне не давядзецца забіваць сямога сябе. І я рашуча накіраваўся к тытану. Падышоўшы бліжэй, я ўбачыў у перадранішнім святле зграі чорных птушак, якія кружылі вакол каўпака марсіяніна. Сэрца маё забілася, і я пабег уніз па дарозе.
Я трапіў у зараснік чырвонай травы, якая пакрыла Сент-Эдмундтэрас, па грудзі ў вадзе перайшоў уброд паток, што сцякаў каля вадаправода к Альберт-роўд, выбраўся адтуль яшчэ да ўсходу сонца. Вялізныя кучы зямлі былі насыпаны на вяршыні пагорка, быццам для агромністага рэдута, — гэта было апошняе і самае вялікае ўмацаванне, пабудаванае марсіянамі, і адтуль падымаўся ў неба лёгкі дымок. Прабег сабака і знік. Я адчуў, што мая здагадка павінна пацвердзіцца. Ужо без усякага страху, дрыжучы ад хвалявання, я ўзбег уверх па пагорку да нерухомага страшыдлы. З-пад каўпака звісалі друзлыя бурыя камякі; іх клявалі і рвалі галодныя птушкі.
Яшчэ праз хвіліну я ўзабраўся па насыпе і стаяў на грэбені вала — унутраная пляцоўка рэдута была ўнізе, пада мною. Яна была даволі абшырная, з гіганцкімі машынамі, гарою матэрыялаў і дзіўнымі збудаваннямі. І сярод гэтага хаосу на перакуленых трыножках, на нерухомых мнагарукіх машынах і прама на зямлі ляжалі марсіяне, здубянелыя і маўклівыя, — мёртвыя! — знішчаныя нейкай заразнай бактэрыяй, да барацьбы з якою іх арганізм не быў прыстасаваны, знішчаныя гэтаксама, як была пасля знішчана чырвоная трава. Пасля таго, як усе сродкі абароны чалавецтва былі вычарпаны, прышэльцы былі вынішчаны самымі нікчэмнымі стварэннямі, якімі прамудры госпад насяліў Зямлю.
Усё адбылося так, як і я, і многія людзі маглі б прадбачыць, калі б страх і паніка не азмрочвалі наш розум. Гэтыя зародкі хвароб ужо ўзялі сваю даніну з чалавецтва яшчэ ў дагістарычныя часы, узялі даніну з нашых продкаў-жывёлін яшчэ тады, калі жыццё на Зямлі толькі што пачыналася. Дзякуючы натуральнаму адбору мы развілі ў сабе здольнасць супраціўляцца; мы не ўступаем ніводнай бактэрыі без упартай барацьбы, а для многіх з іх, як, напрыклад, для бактэрыяў, што спараджаюць гніенне мёртвага цела, наш арганізм зусім непрыступны. На Марсе, відаць, няма бактэрыяў, і як толькі заяўленыя на Зямлю прышэльцы пачалі харчавацца, нашы мікраскапічныя саюзнікі прыняліся за работу, рыхтуючы ім згубу. Калі я ўпершыню ўбачыў марсіянаў, яны ўжо былі асуджаны на смерць, яны ўжо паступова выміралі і гнілі на хаду. Гэта было непазбежна. Заплаціўшы мільёнамі жыццяў, чалавек купіў сабе права жыць на Зямлі, і гэта права належыць яму насуперак усім прышэльцам. Яно належала б яму нават і тады, калі б марсіяне і ў дзесяць разоў пераўзыходзілі чалавека. Бо чалавек жыве і памірае не дарэмна.
Усіх марсіянаў было каля пяцідзесяці; яны валяліся ў сваёй вялізнай яме, падкошаныя смерцю, якая павінна была здавацца ім загадкаваю. І для мяне ў той час іх смерць была загадкаю. Я зразумеў толькі, што гэтыя пачвары, якія наводзілі на людзей страх, мёртвыя. На момант мне здалося, што зноў паўтарылася паражэнне Сенахерыба, што госпад пашкадаваў нас, і анёл смерці загубіў іх за адну ноч.
Я стаяў, гледзячы на яму, і сэрца маё білася ад радасці, калі ўзыходзячае сонца асвяціла навакольны свет сваімі промнямі. Яма была ў цяні; магутныя машыны, такія агромністыя, складаныя і дзіўныя, незямныя нават па сваёй форме, падымаліся, як зачараваныя, са змроку насустрач святлу. Цэлая зграя сабак грызлася над трупамі, што валяліся ў прадонні ямы. У дальнім канцы яе ляжала вялікая, плоская, вычварная лятальная машына, на якой яны, відаць, рабілі першыя палёты ў нашай намнога больш шчыльнай атмасферы, калі гніенне і смерць перашкодзілі ім. Смерць настала своечасова. Пачуўшы карканне птушак, я зірнуў наверх; перада мною быў вялізны баявы трыножак, які ўжо ніколі не будзе дзейнічаць, чырвоныя кускі мяса, з якіх капала кроў на перакуленыя лавы на вяршыні Прымроз-Хіла.
Я павярнуўся і глянуў уніз, дзе ля падножжа пагорка, акружанага зграяй птушак, стаялі заспелыя смерцю два другія марсіяніны, якіх я бачыў учора вечарам. Адзін з іх памёр якраз у тую хвіліну, калі перадаваў штосьці сваім калегам; можа, ён памёр апошнім, і сігналы яго раздаваліся, пакуль працаваў механізм. У промнях ранішняга сонца зіялі ўжо бясшкодныя металічныя трыножкі, вежы бліскотнага металу…
Вакол, быццам выпадкова ўратаваны ад знішчэння, рассцілаўся вялікі бацька гарадоў. Хто бачыў Лондан толькі пад звыклым покрывам дыму, наўрад ці можа ўявіць аголеную прыгажосць яго пустых, маўклівых вуліц.