Выбрать главу

Я быў адзінокі, і яны ўважліва мяне даглядалі. Я быў адзінокі і гаротны, і яны гаравалі разам са мною. Пасля свайго выздараўлення я прабыў у іх яшчэ чатыры дні. Увесь час я хацеў (і гэта хаценне ўсё мацнела і мацнела) зірнуць яшчэ раз на тое, што засталося ад былога жыцця, якое здавалася мне такім шчаслівым і светлым. Гэта было бязрадаснае жаданне справіць трызну па сваім мінулым. Яны адгаворвалі мяне. Яны з усяе сілы стараліся прымусіць мяне адмовіцца ад гэтай ідэі. Але я не мог больш змагацца з гэтым непераадольным жаданнем; паабяцаўшы вярнуцца да іх, я са слязьмі на вачах развітаўся са сваімі новымі сябрамі і падаўся вуліцамі, якія яшчэ нядаўна былі такімі цёмнымі і пустымі.

Цяпер вуліцы сталі людныя, дзе-нідзе нават былі адчынены магазіны, я заўважыў фантан, з якога біла вада.

Я помню, наколькі дзіўным і яркім здаваўся мне дзень, калі я маркотным паломнікам адправіўся да маленькага доміка на Ўокінгу; вакол кіпела адноўленае жыццё. Паўсюль было так многа народу, актыўнага, чыннага, і не верылася, што загінула столькі жыхароў. Потым я заўважыў, што твары сустрэчных жоўтыя, валасы растрапаныя, шырока расплюшчаныя вочы блішчаць ліхаманкава і амаль усе яны апрануты ў лахманы. Твары іх былі то радасна-бадзёрыя, то дзіўна засяроджаныя. Калі б не гэтыя вочы, то лонданцаў можна было лічыць за натоўп валацужнікаў. Ва ўсіх прыходах давалі дармовы хлеб, дасланы французскім урадам. Многія з ацалелых коней былі настолькі худыя, што з-пад скуры вытыркалі рэбры. На ўсіх вуглах стаялі змардаваныя канстэблі з белымі значкамі. Слядоў разбурэння, прычыненых марсіянамі, я амаль не заўважыў, пакуль не дайшоў да Велінгтон-стрыт, дзе чырвоная трава яшчэ ўзбіралася па апорах моста Ватэрлоо. Каля моста я заўважыў ліст паперы, прыколаты сучком да густога зарасніку чырвонай травы, — цікавы гратэск таго незвычайнага часу. Гэта была аб'ява першай адноўленай газеты «Дэйлі мейл». Я даў за газету пачарнелы шылінг, які толькі і меў у кішэні. Газета была ўся з прабеламі. На месцы аб'яў на апошнім лісце наборшчык, які выпусціў газету прыватным чынам, набраў прачулы зварот да чытача. Я не даведаўся нічога новага, акрамя таго, што агляд механізмаў марсіянаў на працягу тыдня ўжо даў цікавыя вынікі. Паміж іншым, паведамлялася (тады я не паверыў гэтаму), што «тайна паветраплавання» раскрыта. Каля вакзала Ватэрлоо стаялі тры гатовыя да адпраўкі цягнікі. Наплыў народу, дарэчы, ўжо аслабеў. Пасажыраў было няшмат, ды і я не меў такога настрою, каб заводзіць выпадковую размову. Я адзін заняў цэлае купэ, скрыжаваў рукі і абыякава глядзеў на асветленыя сонцам карціны страшэннага спусташэння, якія мільгалі за вокнамі. Адразу пасля вакзала цягнік перайшоў на часовыя рэйкі; абапал палатна чарнелі разваліны дамоў. Да Клэпхемскай вузлавой станцыі Лондан быў засыпаны чорным пылам, які ўсё яшчэ не знік, нягледзячы на два вельмі дажджлівыя дні. Каля Клэпхема на пашкоджаным палатне разам з землякопамі працавалі сотні пакінутых без работы клеркаў і прыказчыкаў, і цягнік перавялі на толькі што пакладзеныя часовыя рэйкі.

Наваколле было змрочнае, дзіўнае; асабліва моцна пацярпеў Уімблдон. Уотан дзякуючы сваім уцалелым хваёвым лясам здаваўся менш разбураным. Уэндл, Моўл, нават маленькія рэчачкі зараслі чырвонаю травою і здаваліся напоўненымі не то сырым мясам, не то накрышанай чырвонаю капустаю. Хваёвыя лясы Сэрэя былі занадта сухія для чырвонай травы. За Ўімблдонам на агародах віднеліся кучы зямлі вакол шостага цыліндра. У сярэдзіне капаліся сапёры, а вакол стаялі цікаўныя. На дрэўку развіваўся брытанскі сцяг, весела палошчучыся на ранішнім брызе. Агароды былі чырвоныя ад травы. Калола вочы гэтая чырвоная прастора, перасечаная пурпуровымі ценямі. Станавілася лягчэй, калі погляд пераходзіў ад мёртва-шэрага і чырвонага колеру пярэдняга плану пейзажа на блакітнавата-зялёныя таны ўсходніх пагоркаў.

Каля станцыі Ўокінг чыгуначны рух яшчэ не быў адноўлены; таму я выйшаў на станцыі Вайфліт і накіраваўся к Мэйбэры міма таго месца, дзе мы з артылерыстам размаўлялі з гусарамі, і таго месца, дзе я ў час буры ўбачыў марсіяніна. Мне было цікава звярнуць убок і ўбачыць у чырвоным зарасніку сваю перакуленую і разбітую цялежку побач з пабялелым, абгрызеным конскім шкілетам. Я спыніўся і агледзеў гэтыя астанкі…

Потым я прайшоўся сасновым лесам; зараснік чырвонай травы дзе-нідзе даставаў мне да вушэй; труп гаспадара «Плямістага сабакі», магчыма, ужо пахавалі: я нідзе яго не заўважыў. Мінуўшы ваенны каледж, я ўбачыў свой дом. Нейкі чалавек, што стаяў на парозе свайго катэджа, паклікаў мяне, назваўшы маё імя, калі я праходзіў міма.