Мая здранцвеласць адразу знікла, я павярнуўся і з усіх ног пусціўся пад дрэвы, што знаходзіліся якіх-небудзь ярдаў за сто ад цыліндра; але бег я бокам і час ад часу спатыкаўся, бо не мог адарваць вачэй ад гэтых пачвараў.
Там, сярод маладых соснаў і кустоў жаўтазелля, я спыніўся, задыхаючыся, і пачаў чакаць, што будзе далей. Пустка вакол пясчанай ямы была ўсеяна людзьмі, якія гэтак жа, як і я, з цікаўнасцю і страхам назіралі за страшыдламі, а больш дакладна — за кучаю жвіру на беразе ямы, у якой яны ляжалі. Нечакана я з жахам заўважыў, як з ямы высоўвалася нешта круглае і цёмнае. Гэта была галава прадаўца, які зваліўся туды; на фоне захаду яна здавалася чорнаю. Вось паказаліся яго плечы і калена, але ён зноў сарваўся ўніз, відаць была толькі галава. Потым ён знік, і я пачуў слабы крык. Я быў памкнуўся вярнуцца і памагчы яму, але не мог пераадолець страху.
Больш я нічога не ўбачыў, усё схавалася ў глыбокай яме і за грудамі пяску. Кожны, хто ішоў бы па дарозе з Чобхема ці Ўокінга, дзівіўся б такім незвычайным відовішчам: каля сотні людзей рассыпаліся ў канавах, за кустамі, за варотамі і агароджай і моўчкі, зрэдку абменьваліся адрывістымі воклічамі, не зводзячы вачэй з пясчаных кучаў. На фоне палымнеючага неба чарнеў кінуты кімсьці бітончык з імбірным ліманадам, а каля пясчанага кар'ера стаялі запрэжаныя экіпажы; коні елі авёс з аброчных мяшкоў і заграбалі капытамі зямлю.
V. Цеплавы прамень
Здавалася, мяне зачараваў і нават паралізаваў выгляд марсіянаў, што выпаўзалі з цыліндра, на якім яны прыляцелі на Зямлю са сваёй планеты. Стоячы па калені сярод верасовых кустоў, я доўга глядзеў на груды пяску. Ува мне змагаліся страх і цікаўнасць.
Я баяўся зноў наблізіцца да ямы, але мне вельмі ж хацелася туды зазірнуць. Таму я пачаў кружыць, вышукваючы больш прыдатны назіральны пункт і не спускаючы вачэй з груды пяску, за якой таіліся прышэльцы з Марса. Аднойчы ў яркіх фарбах захаду паказаліся тры якіясьці чорныя канечнасці, накшталт шчупальцаў васьмінога, але тут жа зніклі; потым узвысілася тонкая каленчатая мачта з нейкім круглым дыскам наверсе, які круціўся і злёгку вагаўся. Што яны там робяць?
Гледачы разбіліся на дзве групы: адна, большая, — бліжэй да Ўокінга, другая, меншая, — да Чобхема. Безумоўна, яны, як і я, былі ў нерашучасці. Побач са мною стаялі некалькі чалавек. Я падышоў да аднаго — гэта быў мой сусед, я не ведаў яго імя, але паспрабаваў з ім перакінуцца словам. Але момант для гэтага быў не з лепшых.
— Што за пачвара! — сказаў ён. — Божа, якія яны страшэнныя! — Ён паўтарыў гэта некалькі разоў.
— Вы бачылі чалавека ў яме? — спытаў я, але ён прамаўчаў.
Мы моўчкі стаялі побач і пільна назіралі, адчуваючы ўдвух большую ўпэўненасць. Затым я ступіў на бугарок вышынёю каля ярда, каб зручней было назіраць. Аглянуўшыся, я ўбачыў, што мой сусед пайшоў у бок Уокінга.
Сонца села, згусціліся прыцемкі, а нічога новага не адбывалася. Натоўп злева, ад Уокінга, здавалася, павялічваўся, і я пачуў яго невыразны гул. Група людзей па дарозе ў Чобхем рассеялася. У яме быццам усё замерла.
Гледачы мала-памалу асмялелі. Відаць, свежае папаўненне з Уокінга падбадзёрыла натоўп. Прыцемкам на пясчаных пагорках пачаўся павольны перарывісты рух, — здавалася, што пануючая наўкол цішыня станоўча падзейнічала на людзей. Чорныя фігуры, па двое, па трое, рухаліся, спыняліся і зноў рухаліся, расцягваючыся тонкім няправільным паўмесяцам, рожкі якога паступова ахоплівалі яму. Я таксама пачаў падыходзіць да ямы.
Потым я ўбачыў, як фурманы пакінутых экіпажаў і іншыя смельчакі падышлі да ямы, і пачуў стук капытоў і скрып колаў. Хлопчык з лаўкі пакаціў цялежку з яблыкамі. Пасля ярдаў за трыццаць ад ямы я заўважыў чорную кучу людзей, якія ішлі ад Хорсела; наперадзе хтосьці нёс белы сцяг.
Гэта была дэлегацыя. Тэрмінова параіўшыся, у горадзе вырашылі, што марсіяне, нягледзячы на іх агідную знешнасць, усё ж, відаць, разумныя істоты і трэба ім даць зразумець, што мы — таксама разумныя.
Сцяг, развяваючыся на ветры, набліжаўся — спачатку справа ад мяне, потым злева. Я стаяў вельмі далёка і не мог разгледзець каго-небудзь, але пазней даведаўся, што Оджылві, Стэнт і Гендэрсан разам з другімі спрабавалі завязаць кантакты з марсіянамі. Дэлегацыя, здавалася, прыцягвала да сябе амаль замкнёны круг прысутных людзей, і многа невыразных цёмных фігураў крочыла за ёй на значнай адлегласці.
Раптам бліснуў прамень святла, і над ямай узвысіўся і засвяціўся зеленаваты дым, праясніўшыся трыма клубамі ў нерухомым паветры.