Усе гучна размаўлялi; хтосьцi нават строiў жарты. Многiя думалi, што марсiяне - гэта проста людзi-велiканы; яны могуць напасцi на горад i спустошыць яго, але, вядома, у рэшце рэшт будуць знiшчаны. Усе трывожна паглядалi на другi бераг, на лугi каля Чэртсi, але там было спакойна.
На тым баку Тэмзы, акрамя месца, дзе прычальвалi лодкi, таксама было спакойна - рэзкi кантраст з Сэрэем. Людзi, выходзячы з лодак, падымалiся ўверх па дарозе. Вялiкi паром толькi што пераплыў. Тры цi чатыры салдаты стаялi на лужку каля харчоўнi i кпiлi з беглякоў, не прапаноўваючы iм сваiх паслуг. Харчоўня была зачынена, як звычайна ў гэты час.
- Што гэта? - крыкнуў раптам адзiн з лодачнiкаў. - Цiха ты! - цыкнуў хтосьцi каля мяне на брахлiвага сабаку. Гук паўтараўся, на гэты раз з боку Чэртсi: прыглушаны гул - пушачны выстрал.
Пачаўся бой. Прыхаваныя дрэвамi батарэi за ракою направа ад нас уступiлi ў агульны хор, цяжка бухаючы адна за адной. Закрычала жанчына. Усе спынiлiся як укопаныя i павярнулi ў бок блiзкага, але нябачнага бою. На шырокiх лугах не было нiчога, акрамя кароў, якiя мiрна пасвiлiся, i серабрыстых вербаў, нерухомых у промнях гарачага сонца.
- Салдаты затрымаюць iх, - няўпэўненым тонам прагаварыла жанчына каля мяне.
Над лесам паказаўся дымок.
I раптам мы ўбачылi - далёка ўверх па цячэннi ракi - клуб дыму, якi ўзляцеў i завiс у паветры; i тут жа глеба ў нас пад нагамi задрыжала, аглушальны выбух скалануў паветра; разляцелiся шыбы ў суседнiх дамах. Усе анямелi ад здзiўлення.
- Вунь яны! - закрычаў якiсьцi чалавек у сiняй куфайцы. - Вунь там! Бачыце! Вунь там!
Хутка, адзiн за адным паявiлiся пакрытыя бранёй марсiяне - адзiн, два, тры, чатыры - далёка-далёка над маладым ляском за лугамi над Чэртсi. Спачатку яны здавалiся маленькiмi фiгуркамi ў каўпаках i рухалiся быццам на колах, але з хуткасцю птушак.
Яны спешна спускалiся да ракi. Злева, наўскасяк, да iх наблiжаўся пяты. Iх браня блiшчэла на сонцы; наблiжаючыся, яны хутка павялiчвалiся. Самы дальнi з iх на левым фланзе высока падняў вялiкую скрынку, i страшны цеплавы прамень, якi я ўжо бачыў у ноч на суботу, слiзгануў у бок Чэртсi i ўдарыў па горадзе.
Убачыўшы гэтых дзiўных хуткаходных пачвараў, людзi на беразе здранцвелi ад страху. Нi воклiчаў, нi крыкаў - мёртвае маўчанне. Потым хрыплы шэпт i рух ног - боўтанне па вадзе. Якiсьцi чалавек, напалохаўшыся, не здагадаўшыся скiнуць груз з плячэй, павярнуўся i краем свайго чамадана так моцна стукнуў, што ледзь не звалiў мяне з ног. Нейкая жанчына адпiхнула мяне i кiнулася бегчы. Я таксама пабег з натоўпам, але ўсё ж не страцiў развагi. Я падумаў аб страшэнным цеплавым промнi. Нырнуць у ваду! Лепш за ўсё!
- Нырайце! - крычаў я, але нiхто мяне не слухаў.
Я кiнуўся ўнiз па пакатым беразе прама насустрач марсiянiну, якi наблiжаўся, i рынуўся ў ваду. Хтосьцi зрабiў тое самае. Я паспеў заўважыць, як толькi што адчаленая лодка, рассоўваючы людзей, урэзалася ў бераг. Дно пад нагамi было слiзкае ад цiны, а рака настолькi мелкая, што я прабег каля дваццацi футаў, а вада дасягала мне толькi да пояса. Калi за ярдаў дзвесце над маёй галавой паказаўся марсiянiн, я лёг нiцма ў ваду. У маiх вушах, як удары грому, аддаваўся ўсплеск вады - людзi скакалi з лодак. Iншыя спешна высаджвалiся, узбiралiся на бераг.
Але марсiянiн глядзеў на мiтуслiвых людзей так, як чалавек на мурашак, ступiўшы нагой на мурашнiк. Калi, задыхаючыся, я падняў галаву над вадой, каўпак марсiянiна быў павернуты да батарэяў, якiя ўсё яшчэ абстрэльвалi раку; наблiзiўшыся, ён чымсьцi ўзмахнуў, вiдаць, генератарам цеплавога промня.
У наступны момант ён быў ужо на беразе i ступiў на сярэдзiну ракi. Каленi яго пярэднiх ног упiралiся ў супрацьлеглы бераг. Яшчэ момант - i ён выпрастаўся ва ўвесь рост ужо каля самага пасёлка Шапертон; следам за тым шэсць пушак (нiхто не ведаў пра iх на тым беразе, бо яны былi прыхаваны ў ваколiцы) далi залп. Сэрца маё моцна забiлася. Пачвара ўжо нацэлiла камеру цеплавога промня, калi першы снарад разарваўся за шэсць ярдаў над яго каўпаком.
Я крыкнуў ад здзiўлення. Я забыў пра астатнiх чатырох марсiянаў: уся мая ўвага была паглынута падзеямi. Амаль адначасова з першым разарвалiся два другiя снарады; каўпак тузануўся, ухiляючыся ад iх, але чацвёрты трапiў прама ў твар марсiянiну.
Каўпак трэснуў i разляцеўся ва ўсе бакi кускамi чырвонага мяса i блiскучага металу.
- Забiты! - закрычаў я не сваiм голасам.
Мой крык падхапiлi людзi, якiя стаялi вакол мяне ў рацэ.
Ад радасцi я гатовы быў выскачыць з вады.
Абезгалоўлены гiгант пахiснуўся, як п'яны, але не ўпаў, захаваўшы нейкiм цудам раўнавагу. Нiкiм не кiруемы, з высока ўзнятай камерай, якая выпускала цеплавы прамень, ён хутка, але няўпэўнена ступаў па Шэпертоне. Яго жывы мозг быў разарваны на кускi, i пачвара стала цяпер сляпой машынай разбурэння. Яна крочыла па прамой лiнii, наштурхнулася на званiцу шэпертонскай царквы i, раструшчыўшы яе, як таранам, шарахнулася, спатыкнулася i з грукатам рухнула ў раку.
Раздаўся аглушальны выбух, i смерч вады, пары, гразi i абломкаў металу ўзляцеў высока ў неба. Як толькi камера цеплавога промня апусцiлася ў ваду, яна стала ператварацца ў пару. У тую ж секунду агромнiстая мутная хваля, кiпучая, гарачая, пакацiлася супраць цячэння. Я бачыў, як людзi барахталiся, стараючыся выбрацца на бераг, i чуў iх енк, што прыглушаўся шумам бурнай вады i грукатам таго марсiянiна.
Не зважаючы на гарачыню, забыўшыся пра небяспеку, я паплыў па бурлiвай рацэ, адпiхнуўшы нейкага чалавека ў чорным, i дабраўся да павароткi. З паўдзюжыны пустых лодак бездапаможна гайдалiся на хвалях. Далей, унiз па цячэннi, упоперак ракi ляжаў марсiянiн, амаль увесь пад вадой.
Густыя воблакi пары ўзнiмалiся над месцам падзення, i праз iх рваную мiгатлiвую павалоку час ад часу я глядзеў на вялiзныя органы пачвары, якая ўздрыгвала i выкiдвала ў паветра фантаны гразi i пены. Шчупальцы размахвалi i бiлiся, як рукi, i калi б не бязмэтнасць гэтых рухаў, то можна было б падумаць, што нейкая раненая iстота змагаецца за жыццё сярод хваляў. Чырванавата-бурая вадкасць з гучным шыпеннем струменем бiла ўверх з машыны.
Мая ўвага была адцягнута ад гэтага вiдовiшча магутным рэвам, нiбы раўла паравая сiрэна. Нейкi чалавек, стоячы па каленi ў вадзе каля берага, нешта крычаў мне, паказваючы пальцам, але я не мог зразумець яго слоў. Азiрнуўшыся, я ўбачыў другiх марсiянаў, якiя вялiзнымi крокамi рухалiся ад Чэртсi да берага ракi. Пушкi ў Шэпертоне адкрылi агонь, але на гэты раз безвынiкова.
Я тут жа нырнуў i з цяжкасцю плыў, затрымлiваючы дыханне, пакуль хапала сiлы. Вада бурлiла i хутка награвалася.
Калi я вынырнуў на хвiлiну, каб перавесцi дыханне, i адкiнуў валасы з вачэй, то ўбачыў, што вакол белымi кругамi ўзнiмаецца пара, засланяючы марсiянаў. Шум быў аглушальны. Затым я ўбачыў шэрых велiканаў, якiя ў тумане здавалiся яшчэ большымi. Яны прайшлi мiма, двое з iх нагнулiся над астанкамi свайго калегi, якiя яшчэ пенiлiся i ўздрыгвалi.
Трэцi i чацвёрты таксама спынiлiся, адзiн - за ярдаў дзвесце ад мяне, другi - блiжэй да Лэйлхема. Генератары цеплавога промня былi высока ўзняты, i промнi з шыпеннем падалi ў розныя бакi.
Паветра звiнела ад аглушальнага хаосу гукаў: металiчны рык марсiянаў, грукат падаючых дамоў, трэск ахопленых полымем дрэваў, платоў, хлявоў, гул i шыпенне агню. Густы чорны дым узнiмаўся ўверх i перамешваўся з клубамi пары над ракой. Дакрананне цеплавога промня, якi "хадзiў" па Ўэйбрыджы, выклiкала ўспышкi асляпляльнага белага полымя i дымныя скокi вогненных языкоў. Самыя блiзкiя дамы стаялi яшчэ некранутымi, чакаючы свайго часу, змрочныя, цёмныя, ахутаныя параю, а за iмi бушаваў агонь.
З хвiлiну я стаяў па грудзi ў кiпятку, разгублены, без надзеi на выратаванне. Праз пару я бачыў, як людзi вылазяць з вады, чапляючыся за чарот, як лягушкi, што скачуць па траве; iншыя ў панiцы бегалi па беразе.
Раптам белыя ўспышкi цеплавога промня сталi наблiжацца да мяне. Ад яго дакранання рушылiся ахопленыя полымем дамы; дрэвы з гучным трэскам ператваралiся ў вогненныя слупы. Прамень слiзгаў уверх i ўнiз па берагавой сцежцы, змятаючы людзей, якiя разбягалiся, i нарэшце спусцiўся на ваду, ярдаў за пяцьдзесят ад таго месца, дзе я стаяў, потым перанёсся на другi бераг, к Шэпертону: вада закiпела i стала ператварацца ў пару. Я кiнуўся на бераг.