На Чобхемскiм i Хорсельскiм мастах усё яшчэ тоўпiлiся цiкаўныя. Адзiн цi два смельчакi, як пасля стала вядома, адважылiся ў цемнаце падпаўзцi зусiм блiзка да марсiянаў. Назад яны не вярнулiся, бо светлавы прамень, накшталт пражэктара ваеннага карабля, час ад часу асвятляў пустку, а следам за iм "крочыў" цеплавы прамень. Шырокая пустка была цiхая i бязлюдная, i ўсю ноч пад зорным небам i ўвесь наступны дзень ляжалi там абгарэлыя непрыбраныя целы. З ямы даносiўся металiчны стук.
Такое самае становiшча было ў пятнiцу вечарам. У скураное покрыва нашай старой планеты Зямлi, атручанай стралой, урэзаўся цылiндр. Але яд толькi яшчэ пачынаў дзейнiчаць. Наўкол рассцiлалася пустка, а чорныя, скурчаныя трупы, раскiданыя на ёй, былi ледзь бачныя; дзе-нiдзе тлеў верас i кустоўе. Далей - пралягала вузкая зона, дзе панаваў перапалох, i за гэту рысу пажар яшчэ не распаўсюдзiўся. У астатнiм свеце плынь жыцця кацiлася гэтаксама, як яна кацiлася з незапомных часоў. Лiхаманка вайны, якая павiнна была закаркаваць яе вены i артэрыi, усмерцiць нервы i разбурыць мозг, толькi пачыналася.
Усю ноч марсiяне нястомна працавалi, стукалi нейкiмi iнструментамi, прыводзячы ў гатоўнасць свае машыны; сяды-тады ўзвiвалiся ў зорнае неба ўспышкi зеленавата-белага дыму.
К адзiнаццацi гадзiнам праз Хорсел прайшла рота салдатаў i ачапiла пустку. Пазней праз Чобхем прайшла другая рота i ачапiла пустку з паўночнага боку. Некалькi афiцэраў з Iнкерманскiх казармаў ужо раней пабывалi на пустцы i адзiн з iх, маёр Iдэн, знiк без вестак. Апоўначы камандзiр палка паявiўся каля Чобхемскага моста i пачаў распытваць натоўп. Ваенныя ўлады, вiдаць, зразумелi сур'ёзнасць сiтуацыi. К адзiнаццацi ранiцы, як на наступны дзень паведамiлi газеты, эскадрон гусараў i каля чатырохсот салдатаў Кардзiганскага палка з двумя кулямётамi "максiм" выступiлi з Олдэршота.
Праз некалькi секундаў пасля апоўначы натоўп на дарозе ў Чэртсi паблiзу Ўокiнга ўбачыў метэарыт, якi ўпаў у сасновы лес на паўночным захадзе. Ён падаў, блiскаючы зеленаватым святлом, накшталт летняй маланкi. Гэта быў другi цылiндр.
IX
БIТВА ПАЧЫНАЕЦЦА
Субота, наколькi мне помнiцца, прайшла трывожна. Гэта быў пакутлiвы дзень, гарачы i душны; барометр, як мне сказалi, то хутка падаў, то падымаўся. Я амаль не спаў - жонцы пашанцавала заснуць, - i падняўся рана. Перад снеданнем выйшаў у сад i пастаяў там, прыслухоўваючыся: з пусткi даносiлiся толькi трэлi жаўранкаў.
Малочнiк паявiўся як звычайна. Я пачуў скрып яго цялежкi i падышоў да веснiчкаў пачуць апошнiя навiны. Ён расказаў мне, што ноччу марсiянаў акружылi войскi i што чакаюць артылерыю. Следам за гэтым пачуўся знаёмы супакойлiвы грукат цягнiка, якi праносiўся ў бок Уокiнга.
- Iх не будуць забiваць, - сказаў малочнiк, - калi толькi можна будзе абысцiся без гэтага.
Я ўбачыў свайго суседа ў садзе, паталкаваў з iм крыху i пайшоў снедаць. Ранiца была самая звычайная. Мой сусед быў упэўнены, што войскi захопяць у палон марсiянаў або знiшчаць iх у той жа дзень.
- Шкада, што яны такiя непрыступныя, - заўважыў ён. - Было б цiкава даведацца, як яны жывуць на сваёй планеце. Мы маглi чаму-небудзь навучыцца.
Ён пайшоў да плота i падаў мне жменю трускалак - ён быў дбайны i шчыры садоўнiк. Пры гэтым ён паведамiў мне пра лясны пажар каля Байфлiдскага поля для гольфа.
- Кажуць, там упала другая такая ж самая штука, нумар другi. Але ж з нас дастаткова i першай, страхавым таварыствам гэта абыдзецца не танна, сказаў ён i дабрадушна засмяяўся. - Лясы ўсё яшчэ гараць. - I ён паказаў на дымавую заслону. - Торф i хвоя будуць тлець некалькi дзён, - дадаў ён i, уздыхнуўшы, загаварыў пра "бяднягу Оджылвi".
Паснедаўшы, замест таго, каб сесцi за працу, я вырашыў пайсцi на пустку. Каля чыгуначнага моста я ўбачыў групу салдатаў - гэта былi, здаецца, сапёры - у маленькiх круглых шапачках, брудных чырвоных расшпiленых мундзiрах, з-пад якiх вiднелiся блакiтныя кашулi, у чорных штанах i ў ботах да каленяў. Яны паведамiлi мне, што за канал нiкога не пускаюць. Зiрнуўшы на дарогу ў напрамку моста, я ўбачыў вартавога, салдата Кардзiганскага палка. Я загаварыў з салдатамi, расказаў iм пра марсiянаў, якiх я ўчора бачыў. Салдаты ж яшчэ iх не бачылi, вельмi цьмяна iх уяўлялi, засыпаючы мяне пытаннямi. Сказалi, што не ведаюць, хто загадаў рушыць войскi; салдаты думалi, што адбылiся хваляваннi Коннай гвардыi. Сапёры, больш дасведчаныя, чым простыя салдаты, прафесiйна абмяркоўвалi незвычайныя ўмовы магчымай бiтвы. Я расказаў iм пра цеплавы прамень, i яны пачалi спрачацца.
- Падпаўзцi да iх пад страхоўкай i атакаваць, - сказаў адзiн.
- Нiчога падобнага! - адказаў другi. - Чым жа можна засцерагчыся ад такой гарачынi? Сушняком - каб лепш спячыся? Трэба падысцi да iх як мага блiжэй i выкапаць сховiшчы.
- К чорту сховiшчы! Ты толькi i ведаеш што сховiшчы. Табе б нарадзiцца баязлiўцам, Снiпi!
- Дык у iх зусiм, значыць, няма шыi? - спытаў раптам трэцi - маленькi, задуменны, смуглы салдат з люлькай у зубах.
Я яшчэ раз апiсаў марсiянаў.
- Накшталт васьмiногаў, - сказаў ён. - Значыць, з рыбамi ваяваць будзем.
- Забiць такiх пачвараў - гэта нават не грэх, - сказаў першы салдат.
- Пусцiць у iх снарад, ды i прыкончыць разам, - прапанаваў маленькi смуглы салдат. - А то яны яшчэ чаго-небудзь натвораць.
- Дзе ж твае снарады? - запярэчыў першы. - Чакаць нельга. Па-мойму, iх трэба атакаваць, ды чым хутчэй.
Так размаўлялi салдаты. Неўзабаве я пакiнуў iх i пайшоў на станцыю па ранiшнiя газеты.
Я баюся надакучыць чытачу апiсаннем гэтай нуднай ранiцы i яшчэ больш нуднага дня. Мне не давялося зiрнуць на пустку, бо нават званiцы ў Хорселi i Чобхеме былi ў руках ваенных уладаў. Салдаты, да якiх я звяртаўся, самi нiчога толкам не ведалi. Афiцэры былi вельмi занятыя i таямнiча маўчалi. Жыхары адчувалi сябе ў поўнай бяспецы пад аховай войскаў. Маршал, гандляр тытунём, паведамiў мне, што яго сын загiнуў каля ямы. На ўскраiнах Хорсела ваеннае начальства загадала жыхарам заперцi i пакiнуць свае дамы.
Я вярнуўся апоўднi, каля дзвюх гадзiнаў, крайне стомлены, бо дзень, як я ўжо сказаў, быў гарачы i душны; каб асвяжыцца, я прыняў халодны душ. А палове пятай я адправiўся на чыгуначную станцыю па вячэрнюю газету, бо ў ранiшнiх газетах было толькi вельмi недакладнае апiсанне гiбелi Стэнта, Гендэрсана, Оджылвi i iншых. Але i вячэрнiя газеты нiчога новага не паведамлялi. Марсiяне не паказвалiся. Яны, вiдаць, чымсьцi былi занятыя ў сваёй яме, i адтуль, як i раней, даносiўся металiчны стук i ўвесь час вырывалiся клубы дыму. "Новыя спробы ўстанавiць кантакт пры дапамозе сiгналаў аказалiся безвынiковымi", - стэрэатыпна паведамлялi газеты. Адзiн з сапёраў сказаў мне, што хтосьцi, стоячы ў канаве, падняў сцяг на доўгiм дрэўку. Але марсiяне надалi гэтаму столькi ўвагi, колькi б мы надалi ўвагi рыканню каровы.
Мушу прызнацца, што гэтыя ваенныя рыхтункi моцна ўсхвалявалi мяне. Маё ўяўленне разыгралася, i я прыдумваў усякiя магчымыя спосабы знiшчэння няпрошаных гасцей; я, як школьнiк, марыў аб баталiях i воiнскiх подзвiгах. Тады мне здавалася, што барацьба з марсiянамi няроўная. Яны ж так бездапаможна барахталiся ў сваёй яме.
Каля трэцяй гадзiны з боку Чэртсi цi Адлстона пачуўся гул - пачаўся абстрэл сасновага лесу, куды ўпаў другi цылiндр, - з мэтай разбурыць яго перш, чым ён раскрыецца. Але палявая зброя для абстрэлу першага цылiндра марсiянаў прыбыла ў Чобхем толькi к пятай гадзiне.
У шэсць гадзiн, калi мы з жонкай пiлi гарбату, жыва абмяркоўваючы распачатую бiтву, з боку пусткi пачуўся глухi выбух, i следам блiснуў агонь. Праз некалькi секундаў раздаўся грукат так блiзка ад нас, што нават зямля задрыжала. Я выбег у сад i ўбачыў, што вершалiны дрэваў вакол усходняга каледжа ахоплены дымным чырвоным полымем, а званiца невялiкай царквы, што стаяла побач, абвальваецца. Вежа ў стылi мiнарэта знiкла, i страха каледжа мела такi выгляд, быццам па ёй стралялi стотоннай зброяй. Труба на нашым доме трэснула, як быццам у яе трапiў снарад. Рассыпаючыся, абломкi яе пракацiлiся па чарапiцы, i вокамгненна паявiлася груда чырвоных чарапкоў на клумбе, пад акном майго кабiнета.