БАДЗЯННЕ
6.1/ Новым месцам службы Міхася Лабуты стаў невялічкі гарадок на Урале.
6.2/ Казаў новы зампаліт, што Савецкі Саюз ляснуў і, дзякуй Богу, цяпер вы ўсе абаронцы Вялікай Расіі. Бульбашы і хахлы таксама самастойныя, але яны з намі заадно.
6.3/ Міхасю Лабуце зноў захацелася дамоў. Ён падсвядома разумеў, што паколькі ён беларус і ўжо грамадзянін іншай дзяржавы, то з той нагоды яго могуць зноў некуды паслаць ваяваць. Гэтага ён баяўся больш за ўсё.
6.4/ Некаторыя афіцэры-беларусы іх вайсковай часці добраахвотна вярталіся на Радзіму.
6.5/ I казаў радавы Лабута новаму камандзіру, што ён не хоча служыць у расійскім войску, што хоча служыць Бацькаўшчыне
6.6/ Адзін дзень казаў камандзіру, другі дзень казаў камандзіру, тыдзень казаў. На службу не хадзіў. Камандзір напачатку аб'яўляў пазачарговыя нарады на службу. Лабута не падпарадкоўваўся. Так цягнулася месяц часу.
6.7/ Аднойчы камандзір часці вывеў яго за браму, піхануў у плечы і сказаў: “Прэч ідзі, неслух! Не хачу цябе бачыць. Шыбуй пехам у сваю Беларусь”.
6.8/ Ён не меў з сабою ні рэчаў, ні грошай. Напачатку з'явілася жаданне вярнуцца назад, але ўласны гонар узяў верх, і ў вайсковую часць ён не пайшоў.
6.9/ Лабута падаўся на чыгуначную станцыю. Прайшоў пехам болей чым дваццаць кіламетраў. На вакзале яго затрымаў патруль за парушэнне вайсковага строю. Прывялі ў камендатуру, правялі дазнанне Казаў салдат, што яго выгнаў камандзір часці за тое, што не хоча служыць у расійскім войску, а прагне служыць Беларусі.
6.11/ Пазбыткавалі, пасмяяліся, пастрашылі трыбуналам, а ўрэшце, каб не мець лішняга клопату, вярнулі ў вайсковую часць.
6.12/ Назаўтра камандзір часці паўтарыў усё тое, што зрабіў напярэдадні.
6.13/ Толькі ўтрэці раз, калі вайсковы патруль проста абышоў яго, Міхась Лабута змог сесці ў цягнік.
ЧУЖЫЯ РОДНЫЯ СЦЕНЫ
7.1/ Маці была радая, смяялася, плакала ды цалавала. Бацька ў адначассе наладзіў шыкоўную вячэру.
7.2/ Прыйшлі сваякі, бо грошай даваць не трэба было. Прыйшлі сябры са сваімі пляшкамі ды юдзілі выпіць у ціхім закутку. 3 дзяўчат прыйшла рыжая Светка.
7.3/ Забава была шумная. Напрыканцы толькі адзін раз пабіліся далёкія сваякі. Свае хлопцы ўставілі ім розуму. Потым усе разам пілі зноў.
7.4/ Назаўтра сусед запытаў, чаму я дома. Патлумачыў, што ў адпачынку. Хітра ўсміхнуўся.
7.5/ Запытаў старшыня сельсавета, чаму не збіраюся станавіцца на вайсковы ўлік.
7.6/ На трэці дзень і маці з бацькам увечары запыталі. “Сынок! Чаму ты не служыш?”
7.7/ Распавядаўусё, як было на самай справе. 3 жахам у вачах маці выслухала, бацька вылаяўся і коратка зазначыў: “Вырадак!”
7.8/ Назаўтра маці на сняданак падала нішчымную кашу ды кіслае малако. Бацька не размаўляў.
7.9/ Так цягнулася ўсе наступныя тры дні. На чацвёрты Міхась Лабута, як і раіла маці, вырашыў звярнуцца ў раённы камісарыят.
ЗНОЎ У ВАЕННЫМ КАМІСАРЫЯЦЕ
8.1/ 3‘явіўся. Па праўдзе ўсё распавядаў. Пасмяяліся ды не паверылі.
8.2/ Паказаў паперы, што ўсё зроблена акуратна. Паказаў дый сказаў: “Я хачу служыць на Беларусі”
8.3/ I адказваў раённы камісар: "Ты будзеш служыць там, куды я цябе пашлю. Ты будзеш служыць у Туркменіі”
8.4/ “Не буду, — цвёрда адказаў Міхась Лабута. — Не буду я вам, бальшавікам, служыць. Я буду служыць сваёй Бацькаўшчыне”.
8.5/ “Вязніца па табе плача, але не той час”, — цвердзіў сваё пуцаты палкоўнік.
8.6/ “Усе вы здраднікі сваёй Бацькаўшчыны, але я вас усё роўна не баюся, бо мне не тое давялося бачыць", — стаяў на сваім салдат
8.7/ “Добра! Ты будзеш служыць сваёй Бацькаўшчыне, але пашкадуеш аб гэтым”, — тросся ад злосці камісар.
8.8/ Радавы Лабута быў накіраваны ў штаб ваеннай акругі для прызначэння месца службы.
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
РАЗУМЕНИЕ СВЯТОЙ ІСЦІНЫ
1.1/ Міхась Лабута здзівіўся свайму непрыкрытаму нахабству, з якім ён размаўляў з ваенным камісарам.
1.2/ Усю дарогу адольваў роздум над простымі і ўсім зразумелымі ісцінамі: Радзіма і маці.
1.3/ “I справа ў тым, — разважаў ён, — што можна стаць маршалам і не кахаць сваю Радзіму. Можна быць салдатам і не па загаду, а з сыновай павагі, аддаць без роздуму за яе жыццё".
1.4/ Нават можна варагаваць са сваёй маці, што вельмі сумна, але не паважаць сваю Радзіму нельга. Проста нельга, бо тады ты звычайны манкурт.
1.5/ I жахнуўся Міхась сваёй думкі. Колькі вакол такіх бязродных.
1.6/ Вырашыў Лабута надалей размаўляць толькі на беларускай мове. Вырашыў, як ён лічыў, пачаць з самага дробязнага, хоць не ведаў, што тое адначасова ёсць самае вялікае.