8.8/ Кахаў Міхась Марыю моцна і жадаў мець яе жонкаю, бо, па праўдзе кажучы, так блізка яшчэ з дзяўчатамі не быў, але такое паведамленне дужа напужала яго.
8.9/ Салдат раззлаваўся і адказаў каханай: “Сыдзі з вачэй, жанчына. Сыдзі, блудніца. Не маё гэта дзіцё”.
8.10/ Міхась ударыў Марыю па твары і пайшоў прэч. Услед яму неслася: “Каханы”.
8.11/ Доўга пакутаваў ён. Каханне не давала прытулку яго душы, не давала спакою.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
НЕСПАДЗЯВАНАЯ ТРЫВОГА
1.1 / Падраздзяленне неспадзявана паднялі апоўначы. У казарме ўжо былі ўсе афіцэры роты ды пры зброі. Салдатам таксама выдалі аўтаматы з двума боекамплектамі. Лабута разгубіўся, бо з аўтамата яму даводзілася страляць толькі тры разы: два — у школе, адзін раз у каранціне.
1.2/ Загадалі ўсім шыхтавацца на вайсковым пляцы.
1.3/ Камандзір палка выйшаў на сярэдзіну пляца, бессаромна пачухаў між ног і зароў: “Смірна! Слухай мой загад. Нашаму палку належыць ісці на Маскву, душыць дэмакратаў с...ных!”.
1.4/ “Ура-а! — закрычаў лейтэнант Безгаловы. — Даўно б так!”
1.5/ “Сціхні, няўлюдак! — загадаў яму капітан Берагавы, — Я быў у Афгане. Я ведаю, што такое вайна!”
1.6/ Неспадзявана для ўсіх камандзір роты выйшаў наперад і гучна сказаў: “Салдаты! Вас пасылаюць забіваць сваіх братоў і сясцёр. Адумайцеся!”
1.7/ “Маўчаць! — зноў зароў камандзір часці — Скончыць размову ў шыхтах. Я тут камандзір. Маўчаць!”
1.8/ I надалей ён казаў прыкрыя словы капітану Берагавому, зневажаў ды абражаў.
1.9/ Тут жа прыйшлі людзі ў цывільным і павялі за сабою камандзіра роты. На яго пасаду адразу ж быў прызначаны лейтэнант Безгаловы. Шыхты затоена працягвалі маўчаць. Пакорна маўчаў і радавы Лабута. Ён шкадаваў капітана-земляка, але нічога не мог зрабіць супроць, акрамя таго, вельмі хацелася спаць.
1.10/ Калі камандзір скончыў адцаваць загады, развярнуўся і пайшоў у штаб, і ўвесь час, як ішоў туды, ад злосці размахваў рукамі ды нешта казаў самому сабе.
1.11/ Вайскоўцы паспешна занялі свае месцы ў бронетранспарцёрах і машынах ды паехалі. У дарозе не вялі ніякіх перамоў.
ЗАГАДАНА ЗАБІВАЦЬ
2.1/ Спыніліся на досвітку пасярод шматпавярховых гмахаў.
2.2/ Гул вайсковай тэхнікі разбудзіў людзей, і яны здзіўлена выглядалі ў вокны.
2.3/ Не было ніякай смуты. Увогуле нікога не было, але ўсё роўна новы камандзір роты лейтэнант Безгаловы загадаў зарадзіць аўтаматы, а ўпрэўшы нампаліт Фрумкін несупынна хадзіў ад машыны да машыны і штохвілінна паўтараў пра пільнасць.
2.4/ Дзівіліся салдаты; навошта яны ў гэтым сонным горадзе.
2.5/ Падыходзілі людзі і пра тое самае пыталіся ў іх.
2.6/ Апоўдні вуліцы пачалі поўніцца. Вялізны натоўп ішоў проста на салдатаў роты лейтэнанта Безгаловага. Казалі людзі: “Мы вашыя браты, не страляйце ў нас”. Спужаўся лейтэнант, замітусіўся ды рашуча загадаў’ “К бою!”
2.7/ Hi адзін з салдатаў не варухнуўся.
2.8/ Падбег камандзір да радавога Лабуты і зароў: "Я табе загадваю страляць”. Лабута бязвольна памахаў галавою: "Не магу!”
2.9/ "Не можаш, дык я магу!" Лейтэнант Безгаловы памкнуў вырваць зброю ў салдата. Міхась адпіхнуў яго.
2.10/ “За невыкананне загада будзеш жорстка пакараны. Пад трыбунал аддам”.
2.11/ Дэманстранты ўзлазілі на баявую тэхніку, раздавалі вайскоўцам кветкі ды заклікалі разам з імі ісці бараніць дэмакратыю.
КАРЦЭР
3.1/ Спраўдзіў сваё лейтэнант Безгаловы.
3.2/ Прывялі радавога Лабуту да начальніка гаўптвахты. Ён уласнаручна забраў у салдата дзягу, насоўку, вывернуў усе кішэні.
3.3/ I крычаў маленькі, лысы чалавечак з гнілымі зубамі на збянтэжанага хлопца: “У карцэр яго, няўлюдка. Аслухацца камандзіра надумаў, волі захацеў. Згніеш тут і волі не пабачыш”.
3.4/ Змясцілі Лабуту ў самую халодную, самую цёмную камеру. Са столі капала вада, на падлозе стаяла лужына. Паўсюль сырасць. Ўыбаў не было. Гулялі скразнякі
3.5/ Абед і вячэру не падавалі.
3.6/ Ноччу не выдавалі шынель, нары не апускалі. Кожныя пяць хвілін вартавыя білі прыкладам у дзверы і раўлі: "Не спаць!”
3.7/ Напачатку Лабута хадзіў ад сцяны да сцяны, лічыў падаючыя кроплі, крокі. Страшна натаміўся. На досвітку заснуў стоячы ў куце.
3.8/ На сняданак падалі паўкубка цёплай вады.
3.9/ Першыя два дні адчувалася стома. Хацелася спаць. Душыла смага. Больш за ўсё пакутаваў ад думак за правільнасць свайго ўчынка.
3.10/ На трэці дзень ён адчуў бадзёрасць душы і цела. Ад здзекаў, ад злосці свой учынак цвёрда і пераканана палічыў правільным, адтаго ўздымаўся настрой ды радавалася душа.