— Да пабачэння, малеча. Жыццё тваё пачалося незвычайна… Ці магу я пагаварыць сам-насам з нянькай?
Адвёўшы жынчыну ўбок, ён некалькі хвілін сур’ёзна з ёй размаўляў. Я пачуў толькі апошнія словы: “Спадзяюся, вашыя трывогі неўзабаве знікнуць”.
Жанчына, змрочная і маўклівая, сышла з дзіцем.
— Што з сябе ўяўляе місіс Мэйсан? — спытаў Холмс.
— Як бачыце, не надта прыгожая асоба, але з залатым сэрцам і вельмі любіць малога.
— Яна табе падабаецца, Джэк? — звярнуўся раптам Холмс да падлетка. Выразны жывы твар хлопца пацямнеў, і ён пакруціў галавой.
— Джэкі мае вельмі моцныя сімпатыі і антыпатыі, — сказаў Фэргюсан, абняўшы хлопчыка. — На шчасце, я — адна з яго сімпатыяў.
Хлопчык штосьці завуркатаў і паклаў галаву на бацькоўскія грудзі. Фэргюсан мякка вызваліўся.
— А цяпер, маленькі Джэкі, бяжы, — сказаў ён і пяшчотна праводзіў сына вачыма, а калі хлопчык сышоў, працягнуў: — Містэр Холмс, я сапраўды адчуваю, што ўцягнуў вас у безнадзейную справу, бо чым, апроч спачування, вы можаце мне дапамагчы? З вашага гледзішча гэта мусіць быць справа надта далікатная і складаная.
— Справа сапраўды далікатная, — адказаў мой сябар з дзіўнай усмешкай, — але нават цяпер я не думаю, што яна складаная. Яна патрабуе лагічных высноваў, і калі яны крок за крокам пацвярджаюцца шэрагам незалежных адзін ад аднаго эпізодаў, суб’ектыўнае робіцца аб’ектыўным, і мы можам упэўнена казаць, што дасягнулі мэты. Фактычна, я дасягнуў яе яшчэ да ад’езду з Бэйкер-стрыт; астатняе было простым назіраннем і пошукам пацверджання.
Фэргюсан правёў рукой па пакрытым зморшчынамі ілбе.
— Дзеля ўсяго святога, Холмс, — хрыпла сказаў ён, — калі вы бачыце, у чым тут рэч, не трымайце мяне ў напружанні. Як я магу вытрываць? Што мне рабіць? Мяне не турбуе, дзе вы здабылі свае факты, калі толькі вы і праўда ў іх разабраліся.
— Безумоўна, я павінен вам усё патлумачыць і зраблю гэта. Але дазвольце мне весці справу так, як мне зручней. Ўотсан, лэдзі мае сілы нас прыняць?
— Яна хворая, але ў прытомнасці.
— Вельмі добра. Бо мы можам праліць на ўсё гэта святло толькі ў яе прысутнасці. Давайце да яе падымемся.
— Яна не хоча мяне бачыць! — усклікнуў Фэргюсан.
— О, яна захоча, — адказаў Холмс і накрэмзаў на аркушы некалькі радкоў. — Вас, Ўотсан, туды пусцяць. Будзьце так ласкавы, занясіце лэдзі гэтую запіску.
Я зноў падняўся і перадаў запіску Далорэс, якая асцярожна адчыніла дзверы. Праз хвіліну ў пакоі пачуўся ўскрык, у якім, здавалася, перамяшаліся радасць і здзіўленне. З-за дзвярэй вызірнула Далорэс.
— Яна хоча іх бачыць. Яна будзе слухаць, — сказала яна.
Я паклікаў Фэргюсана з Холмсам наверх. Калі мы зайшлі ў пакой, Фэргюсан зрабіў крок ці два да жонкі, якая паднялася ў ложку, але яна жэстам спыніла яго. Гаспадар апусціўся ў фатэль, Холмс, пакланіўшыся лэдзі, якая глядзела на яго з прастадушным здзіўленнем, сеў побач.
— Думаю, мы можам абысціся без Далорэс, — сказаў Холмс. — О, добра, мадам, калі вы настойваеце, каб яна засталася, то я не супраць. Што ж, містэр Фэргюсан, я заняты чалавек з шырокай практыкай, а таму мае метады павінныя працаваць хутка і трапляць у цэль. Чым хутчэйшая аперацыя, тым меншы боль. Найперш дазвольце мне вас супакоіць. У вас цудоўная жонка, якая вас кахае, але абышліся з ёй вельмі кепска.
Фэргюсан падскочыў з крыкам радасці.
— Дакажыце гэта, містэр Холмс, і я буду вечна вам абавязаны.
— Дакажу, але для гэтага мне давядзецца зноў глыбока вас параніць.
— Мяне не турбуе нічога, апроч апраўдання мае жонкі. У параўнанні з гэтым усё астатняе на зямлі — нішто.
— Тады дазвольце мне прадставіць вам ланцуг разважанняў, які прайшоў у маёй галаве яшчэ на Бэйкер-стрыт. Ідэя пра вампіра падалася мне абсурднай. У ангельскай крымінальнай практыцы такога проста не бывае. І тым не менш, вы не памыліліся і сапраўды бачылі жонку, што схілілася над дзіцячым ложкам, з акрываўленымі вуснамі.
— Безумоўна.
— А вам не прыйшло ў галаву, што кроў, якая цячэ з раны, можна смактаць не толькі з прычыны смагі? Ці ж у ангельскай гісторыі не было каралевы, якая высмактала з раны кроў, каб выцягнуць атруту?
— Атруту?
— Вось яна, паўднёваамерыканская гаспадарка. Я інстынктыўна здагадваўся пра існаванне гэтай зброі на сцяне яшчэ да таго, як сюды прыехаў. Атрута магла быць і іншай, але я падумаў менавіта пра яе. Маленькі пусты калчан каля невялікага лука для палявання на птушак быў менавіта тым, што я чакаў убачыць. Калі дзіця было параненае адной з такіх стрэлаў, змочаных курарэ ці якой іншай д’ябальскай атрутай, яно памерла б, калі б атруту не высмакталі.