Выбрать главу

Потым ён даведаўся, што выпадкова трапіў на Dorotheenstädtischer, знакамітыя могілкі французскіх гугенотаў, што гэта музей-запаведнік, ахоўваецца дзяржавай, што тут пахаваныя Гегель, Томас Ман, Брэхт, Грас… Так яму там спадабалася, такім сваім, запаветным зрабіўся гэты зялёны куточак, лаўка пад бэзам, што ў кожны свой прыезд у Берлін ён пачаў хадзіць сюды – нібы аддаючы даніну сабе цяперашняму, а сабе ранейшаму робячы справаздачу (“добры дзень, ліндэн-ліпа, пазнаеш мяне? – вось я зноў, жывы, дакранаюся да тваіх трэшчынак…”).

З кожным разам ён быццам падрастаў. Цяпер, у гэты чацвёрты па ліку прыезд, ён ужо мог быць самому сабе, і сваім нябачным сябрам, не толькі экскурсаводам, а і перакладчыкам, бо нарэшце хоць збольшага пачаў разумець па-нямецку. Маленькая перамога. Нібы вылецелі з вушэй серныя пробкі, ці як пасля самалёта, калі заціснуць нос і моцна выдыхнуць праз вушы: піск, трэск, і вось пачынаюць аддалёк вяртацца знаёмыя гукі і словы. Нарэшце ён вырваўся з моўнага палону, з гэтага манатоннага кашмару, перастаў быць удзельнікам нямога кіно, дзе на яго долю перападалі толькі пейзаж, нацюрморт і дэкарацыі. Узрушаны, узрадаваны, ён цэлы дзень тоўкся сярод людзей у выставачным павільёне, спыняўся каля боксаў, стэндаў і прагна слухаў, прычым цікавіла яго не столькі лексіка, колькі асаблівасці маўлення, інтанацыі, а яны, як адбіткі пальцаў, аказваецца, у кожнага розныя: напрыклад, з усіх бакоў ён чуў: бейлін, бегін, берляйн, полен, болен, а ўсё гэта азначала – Берлін.

Сонца на міг зусім вызвалілася з-пад воблака, ад столікаў, сцен, ад прыпаркаваных машын, ад дрэў леглі ўпоперак вуліцы цені, – і зноў гэтае аранжава-апельсінавае святло перанесла на тыдзень назад, зноў пішчыць пад нагамі малады снег, падаюць, кружацца рэдкія вялікія сняжыны… Свеціць сонца. Снег чысты, зіхоткі, аж балюча на яго пазіраць. Збоку па снезе марудна рухаюцца два цені – дзявоча-падлеткавы Танін (а ёй шэсцьдзесят пяць!), і мой – няўклюдны, гарбаты, бо за спінай рукзак, дзе выпіўка і закуска. Іншая справа, чаго туды ісці такой парою, такім снегам – тым больш я толькі прыехаў, нават за сталом не пасядзелі, – але гэта ўжо мясцовая традыцыя: колькі сябе помню, яшчэ калі матка была жывая, як толькі прыязджаў, перш чым сесці за стол, выпраўляліся на могілкі. Больш за тое – гэты паход яшчэ трэба заслужыць, не кожнага возьмуць; напрыклад, Танін кавалер – Валодзя (жыве ў мястэчку Каменка за 4 км, хоча да Тані ў прымы, цяпер яны пасвараныя, і ён прыйшоў мірыцца), пакараны, як малое дзіця за шкоду, і пакінуты дома.

Таня ў джынсах і ў валёнках, на ёй аранжавая горналыжная куртка-анарак з капюшонам, з-пад якога выбіваюцца махры хусткі-канаплянкі, невядома з якога куфра выцягнутай, бо даўно такіх не выпускаюць. Перад тым, як ступіць, яна мацае палкаю снег.

“Ты пабач, ну! – сама сабе здзіўляецца яна; голас задыханы, але вясёлы, звонкі ў вясковай цішы. – Якая я стала старая шкарбонка, як каракаціца! Хіба я такой была? Я ж не хадзіла, а лётала!..”

Таня ў нашым родзе – блудная дачка, саромная пляма на гонары сям’і. Мне было 5, ёй 15; памятаю нешта імклівае, як агонь, рыжае, як вавёрка, з задзёртым носікам, вострымі зубкамі, над вушамі куцыя коскі з банцікамі; хуліганістая, трохі, а мо і не трохі, без цара ў галаве; як усе такія “адорвы”, сябравала з хлопцамі, прычым большымі за сябе, гуляла ў футбол, хакей, у разведчыкаў, у ножыкі, у чыку і ў карты на грошы. Неяк на летнія канікулы паехала ў пасёлак Цыгламень Архангельскай вобласці ў госці да нашага дзядзькі, які працаваў там у порце, ды так дамоў і не вярнулася – імгненна ўляцела ў нейкую гісторыю, нешта звязанае з ранняй, школьнай цяжарнасцю, а ў тыя часы гэта было страшней за вядзьмарства ў Сярэднявеччы. Яе бацькі, а мае дзядзька з цёткаю, Сцяпан і Каця, хадзілі апранутыя ў чорнае, на фальшыва-спачувальныя роспыты адказвалі: “Горэ, чалавеча! Горэ!” І хоць Таня неўзабаве выйшла там замуж – ці за таго самага мясцовага рускага, які яе акруціў і спакусіў, ці за другога – не ведаю, памятаю толькі, што з таго часу ў нашай радні само імя яе пачало вымаўляцца як непрыстойнае слова, і доўга яшчэ потым, калі згадвалі яе пры дзецях, чырванелі, паніжалі голас, прыкладалі палец да вуснаў.

Зрэдку Таня прыязджала ў вёску да бацькі з маткаю, спачатку з дзецьмі– двума белабрысымі хлопчыкамі-пагодкамі, потым з чалавекам, Валодзем, рахманым паморам-русацяпам з белымі вусамі. Пітушчы. Частаваў нас, малых, цыгарэтамі з фільтрам і расказваў, як выпіваў з Высоцкім. Не ведаю, дзе ён пасля падзеўся, казалі, што нібыта раздавіла бярвеннямі на сплаве, ці то яны проста развяліся; як бы там ні было, Тацяна без мужа, з двума велікаватымі ўжо хлопцамі вярнулася на радзіму, у апусцелую хату – да таго часу неяк раптоўна, у адзін год, не стала дзядзькі Сцяпана з цёткай Кацяю, пачала працаваць у парніках у Каменцы (памятаю сярод зімы памідоры, гурочкі, салатавага колеру маленькія качанчыкі капусты). Сыны выраслі, пажаніліся, абодва ўзялі ў жонкі мясцовых беларусак, гарадскіх, з кватэрамі, – а Таня так і жыве ў бацькоўскай хаце адна, ці, як апошні час, з кавалерам.