Цікава, што ў гэтага яе кавалера з Каменкі мала таго, што аднолькавае з першым мужам імя, дык яны яшчэ і знешне падобныя: светлыя валасы, белыя вусы, нават адзін і той жа світэр пад горла, з аленямі на грудзях і з арнаментам на рукавах; толькі што той архангельскі Валодзя быў роўны характарам, а гэты, каменскі, – пераменлівы. Я бачыў яго ўсяго тры разы, і кожны раз у новай фазе. Першая – звычайны мужчына, працуе ў кацельні, трымаецца годна, гаворыць па тэме, не перабівае, але і сябе не дае перабіць, цікавіцца палітыкай, нават вядзе блог у сацсетках. Другая – калі сарваўся на паўгода на заробкі ў Расію, адкуль прыехаў ганарысты, непрыступны, выцягваў з кішэні жмуткі рускіх рублёў і яшчэ больш іх камечыў, піў чамусьці з рыльца, хоць сядзелі за сталом і былі чаркі, падпіўшы, геройнічаў: “да я! да мне!”, паплёўваў пад ногі, біў сябе ў грудзі, ледзь не рваў на сабе сарочку… І нарэшце фаза трэцяя – прыніжаны, прысаромлены, пакорлівы.
“…Тыя дзеці, тыя ўнукі, – філасофствуе Таня. – Не едуць, не хочуць, а прыедуць, то ўставяцца ў планшэты, ні лесу не знаюць, ні рэчкі… От пакуль здаровая, ды нічога не баліць, а там каму я буду трэба? Цяпер дзеці не глядзяць бацькоў. Шчаслівы той, хто іх не мае! – і адразу ж выцягвае з кішэні смартфон, каб у соты раз пахваліцца: – Паглядзі, якія ў цябе пляменнікі!”
На матавым экранчыку пры ўсім жаданні нічога не разгледзець, але я і так на памяць ведаю: два амбалы з кароткімі прычоскамі, як у фільмах пра 90-я, два сінявокія, белабрысыя нашчадкі Ламаносава, стаяць – адзін каля “бмв”, другі каля “Мерсэдэса”; ведаю таксама, якія яны зухі, спрытныя, удачлівыя, абодва працуюць у Расіі – паўгода там, паўгода дома: цяпер гэта лічыцца (куды мне з маім пісьменніцтвам) неблагой кар’ерай. Няньчачы ўнукаў, Таня прыгаворвае: “Расці, дзіцятко, вялікае, вырасцеш – будзеш, як бацька, у Расію ездзіць…”
Квадратныя могілкі абгароджаны высокім штыкетнікам. Каля плота на пухнатым снезе зусім свежыя заечыя сляды: дзве лапкі-кропкі побач і дзве – адна за адной. Са снегу тырчаць дубцы акацый, побач – такой самай таўшчыні і вышыні высахлыя сцябліны палыну з дробнымі, бы верасовыя, пачарнелымі кветачкамі на канцах.
Памагаю Тані адсунуць варотцы. Тут снегу яшчэ больш, чым на полі, нанесена амаль да паловы штыкетніка, бо ёсць чаму затрымліваць. Магілы дабраліся да самых варот, даўно возяць сюды хаваць з горада, і такое адчуванне, што ўсе гэтыя новыя помнікі, крыжы, агароджы ставяцца і лепяцца абы-як, дзе папала, адно на адно, крыва і коса, не пакідаючы ні сцежачкі, ні праходу.
“Ты пабач, – дзівіцца Таня. – Як я не падумала? Сюды ж не ўлезеш”.
Мы стаім у нерашучасці. Ні ёй, ні мне не хочацца ісці. Тым больш усе Таніны пахаваны ў дальнім ад варот усходнім кутку, мае – у дальнім заходнім.
“Столькі снегу… Яны яшчэ абрыднуць, гэтыя могілкі… Хадзем, мабыць, назад…”
Недалёка, метраў за дзесяць, магіла майго сябра і аднакласніка Сержыка. Вырашаю, раз я ўжо тут, адведаць хоць яго. Ступаю – і адразу правальваюся ў рыхлы снег вышэй каленяў.
“Яны тут не забытыя, – усё нібы апраўдваецца Таня. – Я сюды часта хаджу. І палю, і шышкі вырываю, і акацыі гэтыя сяку – а такое паскудства! – карані, як вяроўкі, самі, як дрот, сякера спружыніць, ссячэш адну, а праз тыдзень на тым месцы дзесяць…”
Сціплы помнічак з гранітнай крошкі. Снег наліп на партрэт, не відаць яго, затое добра бачны залацістыя літары і лічбы, надта мне знаёмыя і не надта прыемныя ў такім месцы – мае год і месяц нараджэння. Нас трое нарадзілася ў адзін год і ў адзін месяц: я, Сержык і Віця Смолер, і былі мы, як браты, жыць не маглі адзін без аднаго, заўсёды разам, усё было агульнае: школа, урокі, кніжкі, рыбалка, гульні… Ніколі не біліся. Але пасля школы– армія, новыя сябры, дзеўкі… Калі з Віцем Смолерам мы яшчэ нейкую сувязь падтрымліваем, зрэдку, у агульны дзень нараджэння, сазвоньваемся (важны, салідны чалавек, рэктар будаўнічага каледжа, у яго дарагая машына, дача ў Крынічным), дык з шалапутным Сержыкам мы ні разу пасля школы не бачыліся, і ў курсе яго дарослага жыцця я быў толькі завочна. У кожны свой прыезд пытаў у маці: “А дзе Сяргей?” – на што атрымліваў пачарговыя адказы: