Выбрать главу

Алена Масла

Вандроўка з божымі кароўкамі

Сіла хлеба нябеснага

Салодкае жыццё

Знаёмцеся: божыя кароўкі Ірыска і Хлебны Мякіш. Пра сябровак можна сказаць, што жывуць яны салодкім жыццём. Мяркуйце самі. У Ірыскі імя – цукерачнае, хатка – з цукерак: падмурак зладжаны з батончыкаў, сцены – з цаглінак-ірысак, дах крыты шакаладам, а вокны шклёныя ледзянцамі! Мэбля ў хатцы – з карамелек, а падушкі і пуфікі для сядзення – з мяккіх жалацінак.

Хлебны Мякіш мае хатку з бісквітнага цеста, размаляваную рознакаляровымі глазурамі і пакрытую марцыпанамі.

Не думайце, што сяброўкі – лайдачкі і толькі тым занятыя, што пестуюцца сярод гэтай раскошы. Насамрэч незвычайныя імя і хаткі божыя кароўкі маюць з-за сваёй работы: з неба на зямлю яны носяць цукеркі і хлеб.

Вам не верыцца! А ўспомніце, колькі разоў самі спявалі:

Божая кароўка, Паляці на неба, Там твае дзетачкі Ядуць цукерачкі. Сама паясі – І нам прынясі!

Або:

Божая кароўка, Паляці на неба, Там анёлачкі жывуць, Табе хлебца дадуць

Думаеце, пажартавалі – на тым справа і скончылася? Не, мае даражэнькія, пасля такіх просьбаў Ірыска і Хлебны Мякіш выпраўляюцца ў дарогу – не здарма ж песня складалася!

Праўда, даўней божыя кароўкі – іх сваячкі -- толькі рабілі выгляд, што на неба заспяшаліся.

Самі адляталі крыху – і займаліся звыклай работай, тлю нішчылі: у белы ж свет як у капейку ляцець не кожны захоча.

А Ірыска і Хлебны Мякіш рады старацца! Ім жа на месцы не сядзіцца! Падавай прыгоды, розныя здарэнні, новых знаёмых! З лістка на лісток па навакольных кустах ды дрэвах пералятаючы, шмат прыгод не сустрэнеш. Вось і любяць сяброўкі падарожнічаць. Аднойчы, як дзеці на зямлі сталі ў божых каровак хлеба ды цукерак прасіць, сяброўкі сабраліся – і паляцелі на неба. А там сапраўды знайшлі ўсё, пра што ў песнях чулі.

Ад той пары, як толькі завядзе хто з дзяцей песні з просьбамі, не марудзячы, шнуруюць сяброўкі чаравічкі, бяруць парасоны, хапаюць торбачкі, якія заўсёды ляжаць напагатове, – і ў дарогу...

Спяшаюцца, крутаюць – але, шчыра кажучы, ніхто яшчэ з дзяцей іх не дачакаўся. Усе ж думаюць, што проста пажартавалі!.. Ды божыя кароўкі і не крыўдуюць. Гасцінцамі з неба частуюць сяброў і знаёмых – усе мятлікі, стракозы, жучкі каля іх ласуюцца. А пра сваякоў і казаць няма чаго – ні разу не селі чаю папіць без цукерак і булак. І, канешне ж, усе любяць Ірыску і Хлебны Мякіш – і за тое, што не скупыя, і за тое, што так паблажліва ставяцца да нежадання сваякоў далёка ад хаты адлучацца.

Ірыска і Хлебны Мякіш – вельмі сціплыя божыя кароўкі і не любяць, калі іх хваляць, называюць адважнымі вандроўніцамі і першаадкрывацелькамі.

Але гэта – чыстая праўда! Шмат цікавых прыгод і здарэнняў адбываецца з сяброўкамі падчас іх падарожжаў.

Не жадаючы пакрыўдзіць простых божых каровак, якія робяць надзвычай важную работу -- ратуюць расліны ад тлі, усё ж скажу: ім нават не ўяўляецца, што могуць тыя, хто не збаяўся за аблокі падняцца.

У палоне шэрых туманоў

Пра адну з вандровак божых каровак я і раскажу.

Было гэта ў той год, калі зімой не выпаў снег і мароз не замарозіў рэчкі. Сонейка таксама не выглядвала ўсю зіму. Пасля яго не было вясной.

Затым лета пачалося без сонейка.

Уся зямля патанала ў густым шэрым тумане.

Шкоднікаў – розных благіх мікробаў і лічынак -- без марозу і сонца, ад якіх яны гінуць, на зямлі распладзілася як ніколі. Адной толькі тлі развялося процьма! Была яна надзвычай пражэрлівая, і маладзенькая лістота гінула, не паспеўшы ўзяць клёку. Божыя кароўкі шчыравалі, але тля старалася таксама, яе было намнога больш, таму дрэвы і кусты хутка сталі нагадваць абгладаныя венікі. Усё адно божыя кароўкі не здаваліся і ваявалі са шкоднікамі з усіх сіл.

Благім надвор’ем дзеці сядзелі ў хатах і ніхто не звяртаўся да божых каровак з просьбай злётаць на неба. Нарэшце недзе ў сярэдзіне лета папрасіў злётаць па хлеб нейкі хлопчык з дома на ўскрайку горада. Хлебны Мякіш адразу ж пусцілася ў дарогу.

Ірыска засталася дома. Разам з астатнімі божымі кароўкамі дзень пры дні яна нішчыла тлю і чакала вяртання сяброўкі. Але час ішоў, дзесяць разоў можна было абярнуцца туды і назад, а сяброўкі ўсё не было.

Хвалявалася за яе не толькі Ірыска. Усе сваякі і суседзі чакалі Хлебны Мякіш. Пакуль што маўчалі пра горшае, але не-не, ды ўздыхалі ўпотай: ці не здарылася што благое з адважнай вандроўніцай у дарозе?