Выбрать главу

А кароль Летуценнік Непапраўны ХХ адразу ж абвясціў, што прысвойвае ім тытул Мар Адважных… Усе радваліся і весяліліся і, здавалася, нават забыліся, што Куродым яшчэ не знішчаны – мары заставаліся марамі.

Данік, які ад радасці разам з марамі лунаў так высока, наколькі можна было падняцца – пад самай столлю, бо ў Краіне гэта было магчымым – адумаўся першым і падышоў да караля і каралевы.

-- Прабачце, але нам трэба просьбу прынцэсы выканаць. Яна ж там можа і стаміцца спяваць. А як Куродым з Дзюрабоем прачнуцца?..

Канешне ж, трэба спяшацца! Мары, усе да адной, высыпалі з каралеўскага замка на вуліцу.

Упершыню за доўгі час, што ў Краіне гаспадарыў Куродым, ім не было страшна. І мо ад гэтага на вуліцы стала трошкі святлей. Ва ўсякім разе, цемра перастала быць непрагляднай. Таму рухацца па вуліцах стала магчымым. І хутка ўжо доўгія неахайныя пасмы Куродыма былі крэпка прывязаныя да дрэў, вежаў, неразбураных замкаў, да мастоў над рэчкамі… Адважныя Мары гатовыя былі весці да прынцэсы атрад вызваленцаў… Але вось бяда:

ніхто не ведаў, дзе ўзяць вядро чыстай вады, бо ў Краіне за час панавання Куродыма яна ўся забрудзілася. Не было і мыла.

Мары разгублена маўчалі – ранавата, відаць, яны радваліся. Стаяў засмучаны і Данік. Але тут на дапамогу прыйшлі Ірыска і Хлебны Мякіш.

-- А як, Данік, у цябе ліхтарык з’явіўся? А як мы залаты шар сустрэлі? Ты забыўся? У Краіне Паветраных Замкаў здзяйсняецца тое, чаго вельмі моцна захочаш!

Што праўда, тое праўда! Данік заплюшчыў вочы і ўявіў сябе ў вёсцы, ля калодзежа, з вядром, поўным чысцюткай вады. Праз плячо ў яго вісеў вялікі ручнік, а ў руцэ хлопчык трымаў кавалак духмянага мыла… Мары задаволена загулі, бо і ў руках у Даніка імгненна з’явілася і вядро з вадой, і мыла, і ручнік!

Вось цяпер можна было выпраўляцца ў паход.

Жыхары Краіны асмялелі зусім і абвясцілі, што караскацца па дахах яны не будуць! У Каралеўстве быў лятаючы карабель – у яго і сеў атрад Дзёрзкіх Мараў.

Перамога

Да месца дабраліся якраз тады, калі і Куродым, і Дзюрабой, адурэўшы ад спання і нагледзеўшыся сноў пад спевы прынцэсы Чысцюлі, пачыналі ўжо абуджацца. Куродым спачатку адкрыў правае вока, Дзюрабой – левае… І абодвум падалося, што яны ўсё ж яшчэ спяць і бачаць самы жахлівы сон. Проста перад імі лунаў карабель, поўны Адважных Мараў. А з імі быў хлопчык, і ў руках ён трымаў страшную зброю – мыла і чыстую ваду!

Ад жаху закрычалі і Куродым, і Дзюрабой – і раптам зразумелі, што яны ўсё ж не спяць. Тады Куродым ірвануўся з усіх сіл уцякаць – але яго не пускалі крэпка прывязаныя валасы. Тады хітрун кінуўся ў перамовы:

-- Даражэнькія Мары! Я не крыўдзіў вашу прынцэсу! Праўда ж, Чысцюлечка? Так, пасваволіў трошкі, дык і тое таму, што мяне гэты брыдкі касмічны пірат навучыў. Каб не ён, я б спаў сабе ў торбах…

-- Ах, дык гэта я вінаваты? Шэльма ты кудлатая! – абурыўся Дзюрабой. – Ты ж адпомсціць прынцэсе хацеў, вось мы яе і злавілі! – крычаў ён.

І хаўруснікі пачалі сварыцца, даводзячы, хто задумаў спачатку Краіну Паветраных Замкаў знішчыць. Але іх сварку перапыніла прынцэса Чысцюля:

-- Досыць, наслухалася ўжо вашых гаворак! – сказала яна. – Вярніце чароўнае рэшата!

Дзюрабой подбегам кінуўся выконваць загад прынцэсы. І не слухаў, як на яго сычэў Куродым – цяпер ужо Дзюрабой спяшаўся выслужыцца перад жыхарамі Краіны, да якіх у яго на вачах вярталася ўлада і сіла. Ён і рэшата прынцэсе падаў, і замок на клетцы адчыніў, і паслужліва схіліўся ў паклоне.

А прынцэса выйшла з клеткі, ўсім усміхнулася і папрасіла Даніка, паказаўшы на Куродыма:

-- Калі ласка, дапамажы мне адмыць гэта страшыдла. Адной мне не справіцца!

І Данік пачаў ліць ваду на Куродыма, мыліць яму галаву. А каб ямчэй атрымлівалася, даў ручнік Адважным Марам, і яны церлі злога чараўніка.

Ён спачатку немачкі роў і выкручваўся, вырываўся што сілы. Але шчыравалі і Мары, і Данік. Бруд, які сцякаў з Куродыма, прынцэса Чысцюля прапускала праз чароўнае рэшата.

Прайшоўшы праз яго, злосны Куродым ператвараўся ў чысцюткія ручаінкі і белыя пухнатыя хмаркі. Яны весела пабеглі па небе. І хутка голасу Куродыма зусім не стала чутно, бо ён проста знік:

-- Чыстая работа! – пахваліла прынцэса Чысцюля. – Нават у торбы пакаваць і адпраўляць на касмічны сметнік нечага.

Пакуль чысцілі Куродыма, на Дзюрабоя забыліся. А ён, як толькі пасвятлела вакол і сталі відаць абрысы замкаў ў Краіне, схапіў свой даўжэзны пруток і нацэліў яго на каралеўскі замак. На шчасце, у гэта імгненне Дзюрабой трапіўся на вочы Даніку. Хлопчык тут жа пажадаў мець вялікі магніт – і праз імгненне ўжо трымаў яго ў руках. Ён нацэліў магніт на касмічнага пірата, і пруток, зроблены з жалеза, вырваўся з рук разбойніка і прыліп да магніта.