Каб не ўпасці ў адчай самой і падтрымаць сяброў, Ірыска штовечар ладзіла застоллі.
Абрусамі, пашытымі з пялёсткаў кветак, накрывала стол, запарвала зёлкі ў гарбатнічку, па талерках раскладала разнастайныя ласункі. Госці збіраліся, частаваліся, шчыра дзяквалі Ірысцы за хвіліны радасці, але доўга не бавіліся – спяшаліся зноў на работу.
А пасля цукеркі ў Ірыскі скончыліся. Яна ж даўно за цукеркамі не лётала. Прыпасы, якімі былі набітыя шматлікія кладовачкі, без аднаўлення расталі хутка. Канешне, для сяброў Ірыска без шкадавання магла разабраць і сваю салодкую хатку – новая некалі адбудуецца! Але тады для ўсіх стане відавочным, як безнадзейна зацягнулася шэрае надвор’е. Сапсуецца настрой, прападзе баявы дух – і тады ўжо не будзе ў божых каровак надзеі на перамогу над тлёй!
Таму Ірыска трымалася што ёсць моцы. Як сышлі прыпасы, стала разбіраць і падаваць на стол мэблю з карамелек, пуфікі з жалацінак. Гэта для старонняга вока пакуль што заўважным не было.
А калі ўсё салодкае начынне з хаткі было ўрэшце з’едзена, Ірыска задумала дастаць ледзянцы з вокнаў. Сваякам бы сказала, што гэта – новая сістэма вентыляцыі, і яны б паверылі.
Вяртанне Хлебнага Мякіша
Толькі яна ўзялася за справу, як раптам пачула даўгачаканае:
-- Прывітанне, сябровачка!
Хлебны Мякіш, змучаная, перапэцканая ў нешта чорнае – ажно кропачак на крылцах не відаць, але – жывая! – стаяла на парозе. І трымала торбачкі, поўныя хлеба.
Ірыска кінулася да сяброўкі з прывітаннямі, сабралася клікаць сваякоў і сяброў… Але Хлебны Мякіш па-змоўніцку глянула на яе, прыклала да вуснаў лапку, што азначала:”Маўчок!” Папрасіла:
-- Нельга губляць ні хвілінкі. Толькі ў лазеньку абмыцца – і ляцім са мной! У дарозе раскажу падрабязнасці.
Лазенька ў божай кароўкі заўсёды напагатове, бо любіць, каб крылцы блішчэлі і ўсе сем кропак вырзна былі бачныя. Таму ў скручаны лісток з вечара збірае яна свежую расу. Да лістка прымацавана тоненькая павуцінка.
Як трэба – тузанеш за яе, лісцік раскрыецца і абдасць вадою.
Дык вось Ірыска хуценька на сяброўку свежую расу з лісточка выліла, рушніком-травінкай крылцы да бляску працерці дапамагла і запытала:
-- Куды ляцім?
-- Да таго, хто прасіў па хлеб злётаць, -- адказала Хлебны Мякіш.
Ірыска падхапіла торбачкі з хлебам, каб дапамагчы здарожанай сяброўцы, і божыя кароўкі паляцелі да дома на ўскрайку горада.
Нечаканая навіна
-- Ты думаеш, хлопчык чакае? – запыталася сяброўку Ірыска. – Усе ж просяць жартам…
-- Так трэба, Ірыска, каб чакаў! – усклікнула Хлебны Мякіш і, памаўчаўшы, дадала: -- У Краіне Паветраных Замкаў бяда!..
Ірыска ажно здрыганулася ад пачутага. Бяда ў Краіне Паветраных Замкаў! Гэта ж краіна, дзе жывуць самыя прыгожыя чалавечыя мары. Пра што б на зямлі людзі не марылі, якія б паветраныя замкі не будавалі – усе яны траплялі ў гэту чароўную краіну.
Яна раскінулася адразу за аблокамі, і па дарозе ў Цукерачную і Хлебную даліны божыя кароўкі заўсёды адпачывалі ў яе прыветных жыхароў.
Што ж за бяда іх напаткала?..
-- Пасля таго, як хлопчык праспяваў просьбу, -- працягвала расказваць Хлебны Мякіш, -- я выправілася ў дарогу, на неба. Туман станавіўся ўсё гусцейшым, дарогі не разабраць, таму ляцець было надзвычай цяжка. Калі ж я нарэшце паднялася за аблокі, то і там не ўбачыла сонечнага святла. Гэта здзівіла мяне і я вырашыла адразу ляцець у Хлебную даліну, не спыняючыся на адпачынак. Я асцерагалася, што туман стане такім густым, што не разбяру дарогі дадому… На шчасце, у Хлебнай даліне ўсё па-ранейшаму:
цёпла, светла, радасна. Напакаваўшы хлебам торбачкі, я пусцілася ў зваротны шлях.
Я ўжо сказала: у даліне было светла. На памежжы з Краінай шарэла, а далей – хоць вока выкалі, не было бачна нічога. Я ляцела ў суцэльнай цемры, не ўяўляючы, дзе знаходжуся. І раптам пачула ціхі плач.
-- У Краіне Паветраных Замкаў – плач? Такога не можа быць! – усклікнула Ірыска.
-- Кажуць жа табе: у іх там бяда! Зачыніўшыся ў пакоі, каб ніхто з падданых не бачыў яе, плакала каралева Краіны, Мара Сапраўдная. Але акно было прыадчыненае, і я, блукаючы, выпадкова трапіла ў пакой праз яго.
-- Каралева пазнала цябе? – усхвалявана спытала Ірыска.
-- Пазнала, і вельмі ўзрадвалася майму з’яўленню. Сказала, што я прынесла ў Краіну надзею… Уяўляеш, Ірыска, у іх там прынцэса Чысцюля прапала! А злы чараўнік Куродым і яго памагаты Дзюрабой вось-вось запануюць не толькі ў Краіне, а над усім светам! -- выдыхнула, ледзь рашыўшыся ўслых прамовіць такую навіну, Хлебны Мякіш.