-- Што ж гэта робіцца! – пляснула ў ладкі Ірыска. -- Што сабе жыхары Краіны думаюць, чаму не шукаюць прынцэсу? Што гэта за мары такія, што нічога зрабіць не могуць?
-- Мары як мары, сваёй работай займаюцца – мараць, -- адказала Хлебны Мякіш. – І мараць яны пра некага, хто знойдзе прынцэсу і ўсіх іх ратуе.
-- І дзе ўзяць гэтага “некага”? – спытала Ірыска.
-- Тут, на зямлі. Каралева таму і сказала, што я прынесла ў Краіну надзею. Нам трэба знайсці такога летуценніка, які без лішніх пытанняў згадзіўся б выправіцца ў Краіну…
-- …і ты думаеш, што хлопчык, да якога мы цяпер ляцім, пагадзіцца на гэта? – прадоўжыла за сяброўку Ірыска.
-- Паглядзім, -- няпэўна адказала Хлебны Мякіш. – Урэшце, ён адзіны, хто падчас туманоў успомніў пра неба. Гэта абнадзейвае…
-- Паглядзім, -- пагадзілася Ірыска.
Сустрэча з Данікам
Хлопчыка звалі Данікам, а яшчэ часцей -- безнадзейным летуценнікам. Галава яго была пад завязку набітая рознымі марамі. Таму пра яго яшчэ казалі, як кажуць пра ўсіх фантазёраў: будуе паветраныя замкі. Гэта было праўдай, і з гэтай нагоды Данік ніколі не чуў, пра што з ім гавораць дарослыя, што пытаюць. Калі хадзіў, глядзеў не пад ногі, а ў неба – таму часта падаў, біў калені і рваў штонікі. Дарослыя толькі ўздыхалі і бясконца паўтаралі: “Спускайся з нябёсаў на зямлю!” Дарослыя вельмі хваляваліся, як жа прыйдзецца вучыцца Даніку ў школе – восенню ён павінен стаць першакласнікам. Перажывалі, што занадта многа ён у аблоках лунае.
Але дарма яны так хваляваліся! Данік не проста марыў, а заўсёды стараўся зрабіць нешта, каб мары свае ажыццявіць. Калі вельмі хацелася пабыць, скажам, капітанам, Данік мог напусціць вады ў ванну і пускаць там караблікі, пры гэтым уяўляючы сябе пасярод бязмежнага акіяну… Або маляваў дыназаўраў, калі карцела марыць пра іх.
І ён сапраўды чакаў, калі вернецца божая кароўка і прынясе з неба хлеб. Ды не толькі марыў, а дзейнічаў: кожны дзень выпускаў у неба паветраныя шары. Гэта ён рабіў на ўсялякі выпадак. Калі ў тумане божай кароўцы цяжка будзе знайсці дарогу на зямлю, паветраныя шары, спадзяваўся ён, падкажуць ёй патрэбны накірунак.
Таму, убачыўшы божых каровак, Данік першы крыкнуў: “Прывітанне!” – і ні кропелькі не здзівіўся, калі яны селі да яго на далонь і загаварылі.
-- І табе прывітанне! – выгукнулі божыя кароўкі.
Пасля, узяўшыся за краёчкі спаднічак, дружна прыселі і пакланіліся. -- Ірыска і Хлебны Мякіш! – назваліся яны хлопчыку. А Хлебны Мякіш дадала:
-- Як і прасіў, я прынесла хлеб з неба! -- Яна развязала торбачкі і высыпала на далонь хлопчыку маленькія духмяныя боханы.
Данік еў незвычайны хлеб, а божыя кароўкі наперабой расказвалі яму пра Краіну Паветраных Замкаў. Што замкі там будаваныя з паветра і шарыкаў, якія людзі выпускаюць у неба. І жывуць у гэтых замках мары. Што ва ўладароў Краіны – Мары Сапраўднай і караля Летуценніка Непапраўнага ХХ – ёсць дачушка, прынцэса Чысцюля.
Хлопчыка не здзіўлялі іх расказы, ён толькі задаволена ківаў галавой: як здорава, што Краіна, якую ён столькі разоў ўяўляў, сапраўды ёсць!
Калі ж пачуў, што прынцэса Чысцюля прапала і трэба яе ратаваць, рашуча прамовіў:
-- Я знайду прынцэсу!
Як толькі Данік гэта сказаў, ён адразу паменьшыўся, а божыя кароўкі пабольшалі. Хлеб з неба аказаўся цудадзейным: рашучасці хлопчыка і яго жадання дапамагчы прынцэсе аказалася дастатковым, каб падарожжа адбылося!
Ірыска пасадзіла Даніка сабе на плечы – няхай Хлебны Мякіш пакуль адпачне – і божыя кароўкі разам з хлопчыкам паляцелі за аблокі.
Зладзейства чарадзеяКуродыма
Вялікі клопат прынцэсы Чысцюлі
Прынцэса Чысцюля была незвычайнай дзяўчынкай. І не толькі таму, што насіла на галаве карону. Сотні прынцэс маюць такое ўпрыгожанне, аднак застаюцца шараговымі дзяўчаткамі, якія больш за ўсё на свеце любяць прыбрацца, паласавацца салодкім, патанцаваць на балях і затлуміць галаву якому-небудзь заезджаму прынцу.
Не тое, каб прынцэса Чысцюля была абыякавай да ўсіх гэтых асалод. І танцавала яна адмыслова, і сукенкі насіла прыгожыя, і заўсёды пра запас мела ў кішэні жменьку цукерак. А што да прынцаў, то яны ў чэргі выстройваліся, каб хоць адным вокам зірнуць на прынцэсу -- такая была яна пекная.
Аднак быў у прынцэсы Чысцюлі абавязак, якога не мелі не тое што іншыя прынцэсы, а ніхто болей ў свеце.