Кожны дзень на досвітку прынцэса выпраўлялася на сваю варту. Яна садзілася на хмарку і праз чароўнае рэшата прасейвала паветра, што падымалася ад зямлі. Паветра ж толькі здаецца празрыстым. Насамрэч, яно напоўнена чалавечымі думкамі і марамі. Нават тымі, што людзі ніколі ўголас не выказваюць. Бо паветрам дыхаюць, яно трапляе ў самыя патаемныя куточкі душы – і яму ўсё пра нас вядома.
Вось так – з усімі нашымі думкамі і марамі – падымаецца паветра на неба. І спачатку трапляе на чароўнае рэшата да прынцэсы Чысцюлі. Яна яго прасейвае. Добрыя думкі і мары пускае ў Краіну Паветраных Замкаў. А вось злосныя, сквапныя, чорныя, а таксама дым ад заводаў і фабрык, ад цыгарэт і машын пакуе ў вялікія торбы і завязвае крэпкімі вяровачкамі -- каб не вырваліся. Пасля памочнікі прынцэсы выкідваюць торбы ў чорныя касмічныя дзюркі. Лічылася, што там, на сметніку, яны ў бяспечным месцы і нікому не прынясуць шкоды.
Касмічны пірат Дзюрабой вызваляе Куродыма
Так і было да нядаўняй пары, пакуль не трапіў у нашу галактыку касмічны пірат Дзюрабой.
Лайдак, праныра і боўдзіла, ён нічога добрага рабіць не ўмеў. Шнарыў на сваёй лятаючай талерцы па Сусвету, шукаючы, дзе якую шкоду ўчыніць.
Мянушку сваю Дзюрабой атрымаў за тое, што заўсёды цягаў у руках даўжэзны пруток. І ва ўсё, што траплялася яму на вочы, гэтым прутком торкаў – так адбывалася яго знаёмства з навакольным светам.
Дзюрабой, як і астатнія яго суродзічы – міжгалактычныя піраты – бадзяліся па Сусвету ў пошуку багаццяў. Усе піраты марылі некалі дабрацца да Зямлі. Бо не было прыгажэйшай і багацейшай за яе планеты. Але нічога да гэтай пары не атрымлівалася ў піратаў. Магутнай заслонай на шляху да Зямлі стаяла Краіна Паветраных Замкаў. Добрыя думкі, памкненні і мары атулялі Зямлю, былі для яе непарушнай заслонай.
Але так сталася, што аднойчы Дзюрабой дапяў на прасторы каля Зямлі якраз з боку касмічнага сметніка. Ён убачыў вялізныя торбы, моцна завязаныя вяровачкамі – і давай іх прутком пароць. Усе прадзіравіў! І тады ўсё благое, увесь чад, злосць і чорныя думкі, так прадбачліва адсеяныя і сабраныя прынцэсай Чысцюляй ў торбы, апынуліся на волі! Адна да адной яны хуценька збіліся да кучы… І нават Дзюрабой спалохаўся, калі агромністая чорная хмара пачала рухацца, з яе палезлі тысячы даўжэзных шчупальцаў, а грамавы голас абвясціў:
-- Воля! Воля магутнаму чарадзею Куродыму!
Знішчу ўсіх, хто мяне ў торбах трымаў!
Дзюрабой імгненна скеміў, што мае справу з некім, непамерна за яго мацнейшым, і ў галаве яго з’явіўся хітры план. Ён кінуўся на калені і, б’ючы паклоны, закрычаў што ёсць моцы:
-- Слава, слава вялікаму чарадзею Куродыму!
Куродым глянуў туды, адкуль чуўся голас, і ўбачыў Дзюрабоя. Гневам бліснулі яго вочы.
Схапіўшы шчупальцамі насмерць перапалоханага пірата, чарадзей пачаў яго трэсці.
Дзюрабой дрыгаў рукамі і нагамі, імкнучыся адбіцца ад нападзення і верашчаў:
-- Уладар, што ты робіш! Я твой прыслужнік! Я дапамог табе вызваліцца!
Нарэшце Куродым, якому злосць засціла вочы і вушы, пачуў енк. Ён спыніўся, уважліва зірнуў на Дзюрабоя. Той калаціўся і зубамі выбіваў чачотку, але з усёй сілы сціскаў у руцэ сваю нязменную зброю – даўжэзны пруток.
-- Дык гэта ты прапароў гэтыя дурныя торбы? – зароў ён.
-- Я, я, уладар, больш некаму!
Куродым агледзеўся па баках: праўда, побач больш нікога. Тады Куродым палагаднеў роўна настолькі, на колькі мог. І ўжо не зароў, а проста закрычаў:
-- Дык чаму трасешся, ёлупень? Будзеш маім прыслужнікам – ацалееш!
Пасля ён тыцнуў у бок Зямлі:
-- Над гэтай планетай -- Краіна Паветраных Замкаў. Там -- мая крыўдзіцелька, прынцэса Чысцюля. Яе трэба схапіць! Знішчаць адразу не буду, пасаджу ў торбу – няхай пакутуе! – загрымеў Куродым. – Краіну на пыл сатру! А ты мне дапаможаш!
-- Слухаюся, уладар! – ледзь не зламаў спіну ў паклоне Дзюрабой.
Планы Дзюрабоя пачынаюць здзяйсняцца
Толькі што перажыты страх змяніўся радасцю, якую разбойнік ледзь стрымліваў. На Зямлю, жаданую, але недасягальную для многіх пакаленняў яго суродзічаў планету, з дапамогай магутнага чарадзея ступіць ён, пірат Дзюрабой! І стане легендай, Дзюрабоем Першым, уладаром непамерных багаццяў! І не будзе ўжо сноўдацца па закутках Сусвету!
Атабарыцца тут, будзе жыць на Зямлі, пакуль не спажыве і не распрадасць усё, што на ёй ёсць!!!
У паспяховасці прадпрыемства касмічны пірат цяпер нават не сумняваўся. Яго хітры план не толькі імгненна нарадзіўся, але ўжо пачынаў збывацца! Побач быў чараўнік, ад аднаго погляду на якога нават Дзюрабоя пачынала трэсці. І гэта было цудоўна!