Чым страшнейшы, тым мацнейшы! Чым гучнней крычыш, тым больш баяцца! Чым больш напускаеш страху, тым больш цябе слухаюцца!
Гэтыя законы кожнаму касмічнаму пірату знаёмыя адмалку. А Куродым быў проста неверагоднай страшылкай! Ад яго выгляду ўсе мары ў Краіне памлеюць і сканаюць. І тады ўжо ён, Дзюрабой Першы, вароніць не будзе! Цапу- лапу – прабярэцца на Зямлю і ўсе яе багацці сабе прыбярэ!..
Ад думак пра славу і багацце Дзюрабой застыў… І атрымаў такога кухталя, што іскры з вачэй пасыпаліся!
-- Што рот разявіў?! – заравеў страшным голасам Куродым. – Марш лавіць Чысцюлю!
І, схапіўшы свайго памагатага, нырнуў з ім у жэрла чорнай дзюркі ў накірунку Зямлі.
…Ніхто ў Краіне не чакаў нападзення.
Прынцэса, як заўсёды, сядзела на воблачку і прасейвала паветра праз чароўнае рэшата. Побач з ёй стаялі торбы, прыгатаваныя для адпраўкі на касмічны сметнік.
Куродым знянацку абрынуўся на Краіну.
Дзюрабой вырваў з рук прынцэсы чароўнае рэшата. Разбойнікі схапілі дзяўчынку і разам з ёй сіганулі на воблакі, што плылі па-над Краінай Паветраных Замкаў.
Вось ад той пары ніхто ў Краіне і не бачыў прынцэсы Чысцюлі. Некаму стала прасейваць паветра, што падымалася з зямлі на неба. Не ачышчанае, яно змешвалася з агромністай хмарай Куродыма. Злы чарадзей ад гэтага ўсё мацнеў. Распластаўшыся над Краінай Паветраных Замкаў, ён паразвесіў свае кудлатыя патлы – і яны павіслі туманамі над зямлёй. Не змаглі праз іх прабіцца ні сонечнае святло, ні снег. Таму на зямлі і панавала шэрае панылае надвор’е.
А ў Краіне Паветраных Замкаў наогул гаспадарыла цемра – хоць вока выкалі. Час ад часу Дзюрабой выбіраўся з-пад крыла свайго ахоўніка на шпацыр па Краіне. Займаўся звыклай і любімай сваёй справай – даўжэзным прутком лопаў паветраныя шары, з якіх была адбудавана добрая палова замкаў.
Куродыма цешыў занятак Дзюрабоя. Яму падабалася назіраць, як, пазбаўленыя жытла, туляліся па Краіне ў пошуках прытулку мары. Але чарадзей бесперапынна паўтараў, што па- сапраўднаму знішчыць Краіну яны змогуць толькі тады, калі на зямлі занудзяцца ад дрэннага надвор’я, згубяць надзею на сонечныя дзянькі і перастануць марыць людзі.
І не так многа часу мінула, як людзі сапраўды пачалі маркоціцца, скардзіцца на благое надвор’е і сумаваць, зачыніўшыся ў кватэрах. Хто ведае, што было б, каб перастаў марыць пра святло і Данік.
У Краіне Паветраных Замкаў
Спатканне з залатым шарам
Зямля знікла за завесай туманоў адразу ж, як толькі божыя кароўкі разам з Данікам падняліся крыху вышэй дрэў. І адразу згубілася адчуванне вышыні: увесь час здавалася, што вандроўнікі таўкуцца на месцы, не ў стане выбіцца са шчыльных, як брудная шэрая вата, тумановых звіткаў. Нават спрактыкаваныя ў палётах на неба Ірыска і Хлебны Мякіш разгубіліся: упэўненнасці, што яны трымаюць правільны курс, у іх не было.
Што ўжо казаць пра Даніка? Раней яму даводзілася лятаць да мора на самалёце разам з бацькамі. Але ж гэта – зусім іншая спарва! Там ён толькі любаваўся праз ілюмінатар на віды з вышыні і ніякага іншага клопату не меў.
Цяпер жа хлопчык не ў адпачынак з мамай і татам сабраўся, а на выратаванне прынцэсы ляцеў! Ён павінен быў нешта рабіць, каб дапамагчы божым кароўкам, але што – не меў уяўлення. Ён стаў нязвыкла маленькім – куды меньшым, чым на зямлі. Пад рукамі не было нічога, каб нешта змайстраваць. Больш таго: і рукі былі занятыя! Данік аберуч трымаўся за божую кароўку, каб яго не здзьмухнула ветрам і напружана думаў, шукаючы выйсця. Раптам хлопчык ускрыкнуў:
-- Эх, каб тут быў хоць адзін з тых шароў, што я адпусціў у неба!
-- Дык гэта ты выпускаў шары? – з удзячнасцю ў голасе перапытала Хлебны Мякіш. – Шчыра кажучы, каб не яны, не ведаю, ці вярнулася б я дамоў. Яны ўверх падымаліся, а я за іх палётам сачыла і ўніз, на Зямлю, кіравала…
-- Ой! – раптам гукнулі ў адзін голас і божыя кароўкі, і Данік. Яны аб нешта стукнуліся і гэта нешта аказалася вялікім залатым шарыкам!
-- Гэта ж мой паветраны шар! – узрадваўся Данік. – Яго я незадоўга да сустрэчы з вамі выпусціў у неба!
Хлопчык злаўчыўся і, адной рукай трымаючыся за Ірыску, другой ухапіўся за нітачку, якой шарык быў завязаны. І шар пацягнуў усіх за сабой наверх, па дарозе, з якой шарыкі не збіваюцца ніколі – у Краіну Паветраных Замкаў.
-- Дык гэта ты выпускаў шары апошнімі днямі?
– паўтарыла пытанне Хлебны Мякіш.
Прыстроіўшыся да залатога шара, вандроўнікі цяпер проста адпачывалі, даверыўшыся яго палёту, і маглі размаўляць.