-- Я! – пацвердзіў Данік.
-- А ў цябе што, дома склад паветраных шароў?
– пацікавілася Ірыска.
Данік рассмяяўся.
-- Мне мама з татам кожны дзень шары дадому прыносяць! У іх работа такая – яны з паветраных шароў упрыгожванні робяць. Што хочаш зрабіць могуць: і гірлянды, і дамы, і дрэвы… Усе святы ў нашым горадзе іх работамі аздабляюцца. А я люблю шары з геліем – такія, як вось гэты, залаты.
Гелій лягчэйшы за паветра газ, таму шары, напоўненыя ім, лётаюць. Іх я і адпускаў штодзень у неба!
-- Малайчына, Данік! – забыўшыся, што трэба трымацца за нітачку, божыя кароўкі запляскалі ў ладкі. Адно толькі імгненне – і сябровак не стала бачна, бо шар падымаўся наверх, а яны, пакуль апомніліся і расправілі крылцы, некалькі імгненняў падалі ўніз.
Данік пачаў гукаць божых каровак. На шчасце, Ірыска і Хлебны Мякіш лётаць умелі і, кіруючы на голас, хутка адшукалі хлопчыка. Але далей ужо ляцелі моўчкі – здарэнне было перасцярогай паводзіць сябе абачліва.
Дарога да каралеўскага замка
Хутка туман змяніўся на цемру. Гэта значыла, што вандроўнікі дасягнулі Краіны Паветраных Замкаў.
-- Усё, Данік, шар трэба адпускаць, да каралеўскага замка будзем прабірацца самі, -- зашапталі божыя кароўкі хлопчыку.
-- Як жа я хадзіць па аблоках буду? – захваляваўся Данік. – Я ж уніз звалюся!
Божыя кароўкі адмоўна закруцілі галовамі.
-- Ты на сябе глянь, Данік! Дзякуючы хлебу нябеснаму ты цяпер бязважкі, як самі мары. Але каб ты смялей пачуваўся, трымай! -- і сяброўкі дасталі з адной са сваіх торбачак плеценыя з лазы лыжы, падобныя на снегаступы.
А яшчэ Хлебны Мякіш дала кожнаму па празрыстаму плашчу-дажджавіку з капюшонам – каб прыкрыцца ад ліпкай цемры, якая напярэдадні перапэцала да непазнавальнасці яе крылцы.
Апрануўшы плашчык і абуўшы лыжы, Данік адпусціў шар, як і прасілі божыя кароўкі. Залаты шар адразу праглынула цемра. А хлопчык і божыя кароўкі стаялі на месцы, трымаючыся адзін за аднаго, каб не згубіцца.
-- Ісці па такой цемры проста немагчыма! Быў бы тут ліхтарык! – летуценна прамовіў Данік… і зноў сябры ахнулі. На галаве хлопчыка засвяціўся ліхтарык – якраз такі, які яны з татам бралі, калі хадзілі ў паходы. Яны спецыяльным абручыкам мацуюцца на галаве, каб рукі былі вольныя.
Падобна, што тут, у Краіне Паветраных Замкаў, варта было нечага моцна пажадаць – і жаданні здзяйсняліся!
Зразумеўшы гэта, Данік у думках стаў прасіць кагосьці нябачнага знайсці патрэбную дарогу да каралеўскага замка. Нібы ў адказ на яго просьбу лыжы развярнуліся і заслізгалі па аблоках, як па гарах – Ірыска і Хлебны Мякіш ледзь паспявалі за хлопчыкам. Але ліхтарык праразаў цемру, асвятляючы шлях, і кампанія рухалася куды больш упэўненна, чым можна было сабе ўявіць.
Ірыска і Хлебны Мякіш са шкадаваннем азіраліся па баках. Краіна выглядала як пасля пажару. Задымленыя напаўразбураныя замкі; вясёлкавая брукаванка нібы сажай пасыпаная. І цішыня ўсюды, дзе раней гучалі песні і смех.
Данік у развалінах замкаў пазнаваў многае з таго, што некалі будаваў у марах сам. І яго перапаўняла жаданне знайсці і пакараць гэтага брыдкага чарадзея Куродыма, якому не шкада знішчаць такую цудоўную краіну!
Так, прыспешваючы сябе рашучымі марамі, вандроўнікі даволі хутка і без асаблівых прыгод дабраліся да каралеўскага палаца. Куродым і Дзюрабой нават не здагадваліся пра іх з’яўленне:
яны крэпка спалі. Ад іх храпу ўжо некалькі дзён і начэй запар трэсліся сцены ў каралеўскім замку.
Але гэты храп, які так раздражняў усіх жыхароў Краіны, для адважных вандроўнікаў быў выратавальным.
Незадаволенасць Мараў
Апошнім часам вялікі каралеўскі замак стаў прытулкам не толькі для тых, хто застаўся без жылля з-за шкодніцтваў Дзюрабоя, але для ўсіх жыхароў Краіны.
Каралева Мара Сапраўдная была сапраўднай ва ўсім. Сапраўднай уладаркай, якая клапацілася пра спакой сваіх падданых, і сапраўднай гаспадыняй, у якой для кожнага з гасцей знаходзілася і суцяшальнае слова, і добры позірк.
Мары, разгубленыя ад таго, што рабілася апошнім часам у Краіне, хадзілі за ёй гужам, бо чакалі спачувальных слоў і адказаў на пытанне, што рабіць і як жыць далей.
Кароль Летуценнік Непапраўны ХХ блукаў па замку, як цень. Са знікненнем любімай дачушкі, прынцэсы Чысцюлі, ён страціў жыццёвыя сілы, адно толькі прыгалошваў і скардзіўся на лёс.
Каралеве не было ад яго ніякай падтрымкі. Як магла, яна да гэтай пары суцяшала і Яго Вялікасць, і сваіх падданых. Плакаць дазваляла сабе толькі ўпотай, каб ніхто яе не бачыў.