Спачатку падданыя успрымалі гэта як добры знак. Каралева трымаецца, значыць, ведае, што рабіць. Але час ішоў, Куродым сваім едкім дымам пачынаў не проста чадзіць, а труціць наваколле.
Дзюрабой пашкодзіў добрую палову замкаў Краіны – а Мара Сапраўдная направа і налева толькі словы падтрымкі раздавала.
І падданыя, а з імі заадно і Яго Вялікасць, пачалі злавацца на сваю каралеву.
-- Відаць, у нашай каралевы няма сэрца, калі яна не гаруе па дачушцы, -- шапталіся прыдворныя і перадавалі свае здагадкі ўсім жыхарам Краіны. – Ці галавы няма на плячах, калі яна нічога не прадпрымае, каб прагнаць Куродыма з Дзюрабоем!
У Краіне – а, дакладней, у каралеўскім замку, куды перабралася насельніцтва ўсёй Краіны – спела незадаволенасць каралевай Марай Сапраўднай. І было вырашана склікаць Савет Мар – вышэйшую раду Краіны. Калі яна збіралася апошні раз, ніхто не мог прыпомніць. Пакуль у Краіне ўсё было цудоўна, не было неабходнасці і ў скліканні Савета. Але пра Савет, на каторым мог выказацца кожны прысутны, помнілі ўсе. Так здарылася, што ў дзень, калі ён быў прызначаны, Данік разам з божымі кароўкамі і з’явіўся ў каралеўскім палацы.
Данік на Савеце Мараў
Данік, Ірыска і Хлебны Мякіш прайшлі ў тронную залу і засталіся незаўважнымі – усе прысутныя шумелі, нешта даводзячы адзін адному. Але найперш, відаць, каралеве, якая сядзела на троне і, заплюснуўшы вочы, моўчкі ўсіх слухала.
Здавалася, кожны быў заняты толькі сваімі скаргамі і крыўдамі, і ніхто ні на кога не зважаў.
Вандроўнікі спыніліся недалёка ад уваходу і моўчкі назіралі за тым, што адбываецца.
Былі ў зале і Высокія Мары, якія ад раздражнёнасці і злосці на абставіны здрабнелі і выглядалі мізэрнымі. Дробныя Мары скавыталі і хліпалі, што ніколі ўжо не стаць ім Вялікімі. А Безнадзейныя Мары наогул пачалі пагражаць перайсці на службу Куродыму, калі ім не дадуць разгарнуцца ва ўласнай Краіне.
Гаварылі пра свой няўдалы лёс і Няздзейсненыя Мары, і Нявыказаныя. І ўсе папікалі каралеву -- Мару Сапраўдную -- за недагляд, за тое, што дапусціла ў Краіне разбурэнне.
Данік знямеў ад здзіўлення. Ад прыгожых Мар ён не чакаў такіх паводзін. Але пакуль хлопчык слухаў моўчкі ўсё, што адбывалася. Калі ж і кароль Летуценнік Непапраўны ХХ з папрокам прамовіў:
-- І праўда, каханая, што ж ты так?! – Данік не вытрываў і выступіў наперад, да трона.
-- Эх вы! – выдыхнуў хлопчык. – Усе разам на адну каралеву! У Краіны прынцэса, а ў яе ж дачушка прапала! Што вы самі зрабілі, каб каралеве дапамагчы?
Каралева схамянулася на троне, нібы апрытомнела, і адкрыла вочы. Першы раз пры ўсіх з іх выкаціліся слёзы.
У троннай зале стала так ціха, што стала чутна, як слёзы з веек упалі на падлогу і разбіліся.
Каралева з ўдзячнасцю глядзела на вандроўнікаў. А Данік нават не заўважыў, што, пакуль гаварыў, ён стаў такога ж росту, як быў дома, а Ірыска і Хлебны Мякіш цяпер маленькімі чырвонымі кропачкамі свяціліся ў яго на плячы. Божыя кароўкі не забыліся схіліцца ў ветлівым паклоне перад каралевай і прыселі, узяўшыся за краёчкі спаднічак.
-- Смелы рыцар, я чакала цябе, я ведала, што ты абавязкова прыйдзеш на дапамогу! – прамовіла каралева, ступаючы насустрач Даніку.
-- Што Вы, Ваша Вялікасць, -- сумеўся Данік, -- я звычайны хлопчык, а не рыцар. Я проста люблю марыць! Дома мяне за гэта нават часта папікаюць і дражняцца летуценнікам.
-- Ну, -- усміхнулася каралева, -- у нашай Краіне Летуценнік – самы высокі тытул!
Пры гэтых словах яна глянула на свайго мужа караля Летуценніка Непапраўнага ХХ. Той сумеўся, але адразу ж выцер хусцінкай твар ад слёз.
-- Тваё з’яўленне сведчыць, што Хлебны Мякіш перадала нашы мары і надзеі, што знойдзецца летуценнік, які вызваліць прынцэсу, а, значыць, усю Краіну!
Абняўшы Даніка і пацалаваўшы хлопчыка ў макаўку, каралева дадала:
-- Даруй за тое, што ты тут пачуў і пабачыў. Мае падданыя – самыя цудоўныя ў свеце Мары. Проста яны стаміліся чакаць і пачалі губляць надзею. Нават я ўжо не ведала, на што спадзявацца. А з тваім з’яўленнем надзея нарадзілася зноў! Цяпер усё зменіцца, вось пабачыш!
Высакародныя словы каралевы, у якіх не было ні злосці, ні крыўды на сваіх падданых, зрабілі нешта чароўнае. У мар святлелі твары, пачыналі іскрыцца вочы, распраўляліся плечы і са словамі: “Даруйце, Ваша Вялікасць!” – яны схілялі галовы перад сваёй уладаркай.
Кароль Летуценнік Непапраўны ХХ заплакаў наўзрыд і ўпаў перад каралевай на калені:
-- Родная, я згубіў галаву ад гора, я думаў толькі пра сябе! Ты ж ведаеш – я без нашай Чысцюлькі жыць не магу!..