Каралева не здарма звалася Марай Сапраўднай.
Яна нахілілася да караля, пагладзіла яго па галаве і сказала ўсім прысутным:
-- Гора Яго Вялікасці павінна быць зразумела ўсім, у каго ёсць дзеці. Не будзем строга судзіць свайго караля, падтрымаем яго!
І ўсе дружна заківалі галовамі, і новыя слёзы – даравання і замілавання – навярнуліся на вочы мараў. Пасля каралева зноў з надзеяй глянула на Даніка:
-- Мой рыцар, мы чакаем тваіх цудоўных подзвігаў!
Данік зноў сумеўся ад такога звароту. Ён быў простым хлопчыкам, які нават у школу яшчэ не пайшоў. Ён любіў марыць, але дакладна ведаў, што мары можна здзейсніць толькі тады, калі пачынаеш нешта робіць. Ён у гэтым ужо не раз пераканаўся, пускаючы дома караблікі ці майструючы папяровых змеяў… Можа, гэта каралева і лічыць цудам?
Калі Данік прамовіў гэтыя думкі ўслых, то ўбачыў, як ва ўсіх мараў, не выключаючы караля і каралеву, акругліліся вочы. Пра тое, што трэба нешта рабіць для здзяйснення мараў, яны нават не думалі. Да гэтай пары жылі марамі – і ўсё у іх атрымлівалася. Імгненне панавала цішыня, а пасля кароль Летуценнік Непапраўны ХХ ўсміхнуўся, ляпнуў далоняй сабе па лбу і выгукнуў:
-- Не дадумацца да такога простага выйсця! Гэта ж трэба да Куродыма хаця б разведку паслаць!
Акрыленыя нечаканым для сябе адкрыццем, усе мары навыперадкі сталі прапаноўваць сябе ў разведчыкі. Але, падумаўшы, вырашылі адправіць падслухаць, пра што шэпчуцца Куродым з Дзюрабоем, Дробныя Мары. Яны такія драбнюткія, што незаўважанымі прабяруцца ў кожную шчылінку і абавязкова дазнаюцца пра ўсё, што трэба!
Дробныя Мары, займеўшы новую мару – праявіць адвагу і стаць вялікімі – юркнулі з замка і зніклі ў непрагляднай цемры.
Вызваленне прынцэсы
Куродым выхваляецца сваёй сілай
Злы чарадзей Куродым ляжаў на баку і ківаў нагой. Ля яго завіхаўся, расчэсваючы грабеньчыкам кудлатыя валасы чарадзея, касмічны пірат Дзюрабой. Хітрун выслужваўся перад магутным гаспадаром як мог і не грэбаваў ніякай работай.
Непадалёк ад разбойнікаў стаяла клетка. Дзе яны яе надыбалі – невядома. Але ў клетцы сядзела прынцэса Чысцюля. Задумка патрымаць прынцэсу ў торбе ў хуткім часе падалася хаўруснікам няправільнай. Ім хацелася бачыць штохвіліны, як гэта Чысцюлька будзе пакутваць і ліць слёзы.
Але прынцэса Чысцюля трымалася годна, не паказвала сваёй роспачы крыўдзіцелям і не лаялася з імі. Тады, каб раззлаваць дзяўчынку і хоць неяк зачапіць, разбойнікі прыдумалі вельмі смешны, на іх погляд, занятак. Яны сталі падкідваць чароўнае рэшата – адзінае, якога больш не было ні ў Краіне Паветраных Замкаў, ні ў суседніх з ёй далінах – і гуляць з ім, як з мячыкам. Пры гэтым Куродым выхваляўся сваёй сілай і казаў:
-- Трошкі нават шкада гэтых дурных жыхароў Краіны. Яны ж думаюць, што за мяне мацнейшыя. Во, няхай цяпер адужаюць мяне, як іх Чысцюлька ў палон трапіла. Добрых мар, кажуць, болей… Паглядзім, паглядзім… Чаду і злосці з Зямлі таксама нямала ідзе. Людзям жа на ёй усё дрэнна жывецца. Наесціся трэба напоўніцу, абы не лопнуць. Апрануцца – прыгажэй, чым тыя, хто побач. Ездзіць – на самых хуткіх машынах… А што гэта значыць, даражэнькі Дзюрабой? Правільна, іх заводы і фабрыкі дымяць і дымяць без перадыху, каб усе “хачу” людзей споўніць… А ўжо сварацца яны колькі, гэтыя людзі, а ўжо колькі за адны толькі цацкі дзяруцца, а ваююць!.. Вось не стала Чысцюлі, скінулі мы яе з хмаркі, адабралі рэшата
-- Я і мацнею з дня ў дзень. А над Зямлёй ні сонца, ні сіняга неба. Толькі туман, а калі так справы і найдалей пойдуць, і цемры ім нашай знішчальнай напусцім. Во ўжо я ім тады не пазайздрошчу!
Праўда, чароўная прынцэса? Гы-гы-гы! – рагаталі разбойнікі. – А мары і не дадумаюцца на тваё выратаванне выйсці, хоць і трэба ўсяго кавалак мыла і вядро чыстай вады, каб мяне адужаць. Ну, не люблю я чыстай вады, а мыла проста не выношу! – рагатаў Куродым, а Дзюрабой ажно заходзіўся ад смеху “Гы-гы-гы!!”
Непераможная зброя
Прынцэса Чысцюля нічога не адказвала на здзеклівыя пытанні Куродыма.
Не пагадзіцца са злым чараўніком прынцэса не магла, бо сапраўды процьму вялізных торбаў з дымам, злосцю, благімі думкамі з зямлі на касмічныя сметнікі адправіла.
Аднак супраць праўды Куродыма ў яе была непераможная зброя: вера ў прыгожыя чалавечыя мары. Яна іх таксама нямала ў Краіну Паветраных Замкаў жыць пусціла! Былі гэта мары людзей пра мір, пра здароўе, дружбу, спакой… Было гэтых мараў многа, яны ішлі з кожнага дома.
Прынцэса Чысцюля спадзявалася, што некалі ўсе мары людзей стануць добрымі справамі – і тады торбаў з куродымам у яе паменьшае, а, магчыма, і зусім не стане.