Але прынцэса не прамаўляла ўслых сваіх думак гэтым боўдзілам – Куродыму і яго памагатаму Дзюрабою. Яшчэ раззлуюцца і закінуць куды чароўнае рэшата. А яно ёй спатрэбіцца, як яна выйдзе на волю – парадкавацца… Доўгі час прынцэса сядзела і думала моўчкі. А пасля яна пачала спяваць песеньку:
Я саўю сабе вяночак – З буйных зорак, з песень звонкіх.
На магутных крылах ветру Адпушчу яго на волю.
І развее вецер песні, Раскідае ў небе зоры Каб пабольшала на свеце Чалавечых добрых мараў… Прынцэса спявала, а Куродым і Дзюрабой, якія спачатку крывенька пасміхаліся на словы “чалавечых добрых мараў”, раптам пачалі драмаць – і заснулі. Так прынцэса Чысцюля вынайшла ўправу на разбойнікаў. Словы песні дзейнічалі на іх, як чароўная калыханка -- вось чаму ўжо некалькі дзён і начэй над Краінай Паветраных Замкаў стаяў страшэнны храп. За ім не было чуваць голасу прынцэсы. А яна старалася, спявала – сама ж адчыніць клетку і выбрацца адсюль прынцэса не магла.
Дробныя Мары становяцца Вялікімі
Праўду кажучы, Дробным Марам было вельмі- вельмі страшна караскацца туды, адкуль чуўся храп. Але, падбадзёрваючы адна другую, у суцэльнай цемры яны ўзбіраліся па самай высокай вежы каралеўскага замка, макаўка якой заўсёды хавалася за аблокамі. І, узняўшыся на самы верх, разведчыкі пачулі… голас прынцэсы Чысцюлі! Не даючы сабе веры, яны так хутка, наколькі маглі зрабіць гэта ў цемры, скочылі на воблака і пайшлі на голас.
А хутка ўбачылі сваю любімую прынцэсу, зачыненую ў клетцы!
За час няволі прынцэса не змянілася ні кропелькі: відаць, яе думкі былі такімі чыстымі, што нават Куродым не мог запэцаць прынцэсу сваім чадам. Ад клеткі, у якой сядзела і спявала прынцэса, зыходзіла цьмянае святло. Але яго было досыць, каб агледзецца па баках. І Дробныя Мары ўбачылі, што страшны чарадзей Куродым і яго памагаты, касмічны пірат Дзюрабой, спяць моцна-моцна.
Тады Дробныя Мары зусім асмялелі. Яны наблізіліся да клеткі, і прынцэса шчасліва заўсміхалася, пазнаўшы сваіх добрых сяброў.
Тут былі мары пра вялізны торт, які можна з’есці аднаму і адразу; мары пра маленькага сабачку на дзень нараджэння; мары пра камп’ютэр і веласіпед… Яны зваліся дробнымі, але аздаблялі нечае жыццё – і прынцэса Чысцюля любіла іх. Але, калі шчыра, ніяк не чакала, што яны здагадаюцца і не збаяцца першымі з’явіцца тут, каля страшных разбойнікаў.
Але доўга дзівавацца часу не было. Прынцэса Чысцюля толькі на хвілінку перапыніла спевы і папрасіла расказаць, што робіцца ў Краіне. Пасля яна заспявала зноў – каб разбойнікі не прачнуліся, а мары хуценька зашапталі:
-- Не хвалюйцеся, дарагая прынцэса! Пацярпелі замкі Краіны, але пакуль няма страт сярод жыхароў. Вашы мама і тата жывыя і здаровыя.
Мы ўсе вельмі, вельмі гаравалі і маркоціліся. І нават непрыгожа паводзілі сябе, -- пачырванелі Дробныя Мары. – Але нядаўна божыя кароўкі Ірыска і Хлебны Мякіш – напэўна вы іх ведаеце – прывялі ў Краіну смелага рыцара, Летуценніка Даніка. Ён нам адкрыў адну таямніцу, і мы пайшлі на разведку! -- прамовілі Дробныя Мары з запалам.
-- Малайцы!!! – пахваліла іх шчаслівая прынцэса. – Слухайце мяне ўважліва, надоўга перарываць спеў нельга. Я тут наслухалася шчырасцяў Куродыма і ведаю, як знайсці на яго ўправу… Як мага бліжэй наблізіліся да прынцэсы мары, яна ім нешта хуценька зашаптала. Мары ўважліва слухаліся і ўсміхаліся… Пасля прынцэса заспявала зноў. А мары згодна заківалі галовамі і слізганулі з аблокаў назад, у Краіну. Трэба сказаць, што яны ўвачавідкі паболшалі і з дробных ператварыліся ў вялікія.
….Злы чарадзей Куродым і яго памагаты Дзюрабой храплі на ўсё неба і нават не снілі, што хмары збіраюцца над іх галовамі.
Паход на разбойнікаў
План прынцэсы быў просты. Яна наказала ўсім жыхарам Краіны пазнаходзіць месцы, дзе боўтаюцца кудлатыя пасмы Куродыма, і заблытаць, прывязаць іх. Гэта было зрабіць неабходна. Раптам чарадзей адчуе небяспеку і рынецца ўцякаць? Дазволіць гэтага яму нельга, бо, калі надумае вярнуцца, бяды не абярэшся. Як будзе Куродым крэпка прывязаны, прынцэса прасіла самых смелых падняцца да яе. З сабой трэба было мець вядро чыстай вады і кавалак мыла.
Адзінае, што не змагла прыдумаць прынцэса – як адабраць даўжэзны пруток ў Дзюрабоя.
Шкадлівы нораў пірата яна ўжо вывучыла добра і вельмі перажывала, каб ён, адступаючы, не пашкодзіў тыя замкі, якія ў Краіне яшчэ ацалелі… Вярнуўшыся ў каралеўскі замак, Дробныя Мары наперабой расказвалі пра ўсё, што ўбачылі.
Кароль і каралева, а разам з імі ўсе жыхары Краіны, плакалі і смяяліся ад шчасця, даведаўшыся, што прынцэса Чысцюля жывая! Ад радасці Дробных Мар пачалі падкідваць на руках.